«Мова нанова дзеткам» — бясплатныя развіццёва-забаўляльныя курсы беларускай мовы для дзяцей. Першыя заняткі курсаў адбыліся 5 кастрычніка 2014 года, апошнія (6 сезон) прайшлі ў пачатку сакавіка 2020 года. Курсы падзяляліся на дзве групы: дзеці 4—6 год, і дашкольнікі-малодшыя школьнікі 6—10 год, крытэрам падзелу было самастойнае чытанне дзіцяці. Кіраўнік курсаў — пісьменніца Алена Церашкова.

Гісторыя Курсы «Мова нанова дзеткам» былі створаны па ініцыятыве арганізатараў і слухачоў курсаў «Мова нанова». Пра арганізацыю курсаў было абвешчана 29 верасня 2014 года. Выкладаць і праводзіць курсы прапанавалі пісьменніцы і перакладчыцы Алене Церашковай (асноўны занятак – лекар, сківічна-тваравы хірург), маці чатырох беларускамоўных дзетак. Мэтай курсаў было абуджэнне цікаўнасці да беларушчыны ў сем’ях.

Першыя заняткі для дашкольнікаў прайшлі 5 кастрычніка ў Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» у Мінску. Яны сабралі прыблізна 60 дзяцей (па 30 чалавек у кожнай групе).

У розныя часы курсы парводзіліся ў Галерэі «Ў», кнігарні «Галіяфы», рэдакцыі часопіса «Вясёлка». Апошнім часам курсы праходзілі ў памяшканні «Грай Кафэ» (Мінск, вул. Інтэрнацыянальная, 33), заняткі былі спыненыя падчас каранавіруснай пандэміі 2020 года. Агулам курсы трывалі пяць з паловай сезонаў. Сувядоўцамі курсаў у розныя часы былі Раман Кушнярук, Аксана Акуневіч, Валерыя Міхалевіч, Наталля Давыдоўская, Таццяна Крыцкая, сярод пастаянных гасцей — Серж Мінскевіч, Кацярына Глухоўская, Алена Масла, Андрусь Такінданг, Зміцер Вайцюшкевіч, Сяржук Доўгушаў, Раман Арлоў, а таксама праекты «Лямцавая Батлейка» (серыя пра Маму Му і Крумкача, чытанне кнігі пра Біла і Болу), «Альтанка для чытанкі», тэатр Таццяны Галуза «Зялёны яблык», музычны гурт «Агатка-бэнд».

Праграма курсаў thumb|справа|250пкс|Алег Грушэцкі на курсах «Мова нанова дзеткам» з прэзентацыяй сваёй кнігі Праграма курсаў пераважна складалася з аўтарскіх матэрыялаў і адаптавалася пад канкрэтныя групы дзяцей. Кожныя заняткі мелі розныя тэмы, як і на дарослых курсах. Падача матэрыялу адбывалася праз азнаямленне з тэматычнымі прэзентацыямі, літаратурнымі творамі і прагляд беларускамоўных мультфільмаў. У навучальным працэсе выкладчык выкарыстоўвала загадкі, развучвала з дзецьмі песні. Падчас курсаў дзеці бавіліся ў моўныя гульні і развучвалі фізічныя практыкаванні, далучаліся да народнага майстэрства і рукадзелля (выцінанкі, лялькі-крупенічкі, гліняныя вырабы, паштоўкі, самаробкі). Нярэдка на пляцоўцы курсаў адбываліся прэзентацыі новых беларускіх кніг для дзетак, сустрэчы з беларускімі літаратарамі і культурнымі дзеячамі, ладзіліся тэатральныя імпрэзы.

Заняткі праходзілі штонядзелі прыблізна 45 хвілін, падчас каторых дзеці развучвалі і чыталі вершы, цікавосткі, чыстагаворкі, прыказкі і прымаўкі, разгадвалі рэбусы і крыжаванкі, рабілі лагарытмічныя практыкаванні, заданні на логіку, кемлівасць ды ўважлівасць. Адзнакі нікому не ставілі, але навучэнцы ў якасці хатняга задання атрымлівалі друкаваны аркуш з карыснай інфармацыяй і заданнямі.

Удзельнікі курсаў святкуюць беларускія святы. Па завяршэнні навучальнага года ладзіцца выпускны.

Выданні З 2019 года пры курсах пачала выдавацца ў электронным выглядзе некамерцыйная развівальна-забаўляльная самадрукаваная газета «Чорная шуфлядка», прыдатная для спампавання і чорна-белага друку на звычайнай друкарцы. На старонках газеты можна знайсці разнастайныя заданні і практыкаванні, разлічаныя на старэйшых дашкольнікаў і малодшых школьнікаў, у залежнасці ад узроўня валодання мовай і навыкаў чытання. Таксама друкуюцца рэбусы і крыжаванкі. Кожны чытач упаўнаважаны дзяліцца матэрыяламі газеткі з усімі ахвочымі ў некамерцыйных мэтах.

Катэгорыя:Вывучэнне беларускай мовы Катэгорыя:З’явіліся ў 2014 годзе Катэгорыя:2014 год у Мінску