Канстанцін Туганоўскі (каля 1810 — 1863) — удзельнік паўстання 1863 года, памешчык Навагрудскага павета Мінскай губерні.

Біяграфія З роду князёў Масальскіх. Сын Вікенція Туганаўскага. Каталік паводле веравызнання.

Скончыў поўны курс Віленскага ўніверсітэта, 21 студзеня 1835 года атрымаў чын губернскага сакратара, 19 сакавіка 1835 года залічаны канцылярыстам у штат канцылярыі Гродзенскага губернскага межавога суда. 9 верасня 1840 года ў сувязі з закрыццём межавых судоў пакінуты за штатам. 29 студзеня 1843 года ўдзельнічаў у арганізаваным у Далматаўшчыне святкаванні з нагоды імянін Тамаша Зана пасля яго вяртання з Сібіры. Туганаўскі меў дачыненне да дзейнасці Навагрудскай бібліятэкі, у фонды якой каля 1860 года ахвяраваў 105 выданняў у 251 тамах на французскай мове.

Жанаты з Соф’яй з Верашчакаў, за якой атрымаў маёнтак Туганавічы, які папярэдне належаў Юзафу Верашчаку і куды неаднаразова прыязджаў да Міхала Верашчакі Адам Міцкевіч. Акрамя гэтага, валодаў маёнткам Рудашы. У 1861 годзе маёнтак Туганавічы наведаў сын Адама Міцкевіча Уладзіслаў.

Удзельнічаў у паўстанні 1863 года, уваходзіў у склад наваградскай паўстанцкай арганізацыі, выконваў абавязкі акруговага начальніка. Быў арыштаваны і зняволены.

Памёр у турме ў Вільні падчас следства. Неўзабаве памерлі яго жонка і дзве дачкі. Трэцяя дачка, Юзэфа Туганоўская, паміраючы ў 1930 годзе, ахвяравала маёнтак Туганавічы дзяржаве.

Спасылкі Вольга Гарбачова. Паўстанцы 1863 года на фотаздымках

Катэгорыя:Рэпрэсаваныя ў Расійскай імперыі Катэгорыя:Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў