«Call of Duty 4: Modern Warfare» (з англ. — Кліч абавязку 4: Сучасная вайна) — камп’ютарная гульня ў жанры шутар ад першай асобы, чацвёртая гульня ў серыі «Call of Duty».

Гульня была выпушчаная 5 лістапада 2007 года на трох гульнявых платформах: PC, Xbox 360 і PlayStation 3, а пазней — на платформах Mac, Nintendo DS і Nintendo Wii. З 12 лістапада 2007 года гульня стала даступная для пакупкі праз сеціўны сэрвіс Steam. 5 кастрычніка 2016 года на платформе PlayStation 4 выйшла перавыданне гульні з палепшанай графікай «Call of Duty: Modern Warfare Remastered». 4 лістапада 2016 года было выдадзенае перавыданне на астатнія платформы.Cod MW Remastered на афіцыйным сайце Call of Duty

Сюжэт

Перадумовы Рускі нацыяналіст Імран Захаеў марыць захапіць уладу ў Расіі і аднавіць СССР, шляхам далучэння да Расіі тэрыторый былых савецкіх рэспублік. Імран Захаеў арганізоўвае ўзброены пераварот у блізкаўсходняй краіне без назвыМяркуючы па карце, паказанай пры загрузцы, гэта Саудаўская Аравія, і пакуль увага сусветнай супольнасці адцягнутая на сітуацыю на Блізкім Усходзе, Захаеў ладзіць ў Расіі грамадзянскую вайну.

Гульня

Падзеі на Блізкім Усходзе Гульня пачынаецца ў Вялікабрытаніі, на базе «Крэдэнхіл» каля горада Херэфард у 2011 годзе. Сяржант Джон Мак-Тавіш паступае на службу ў 22-і полк SAS, але для гэтага яму неабходна прайсці інструктаж і паласу перашкод пад кіраўніцтвам старшага сяржанта Гаса і капітана Джона Прайса. Пасля таго, як Мак-Тавіш праходзіць інструктаж, полк SAS адпраўляецца ў Берынгаў праліў, дзе знаходзіцца карабель, які кантралюецца расійскімі ўльтранацыяналістамі, у якім, у выніку штурму карабля, выяўляюцца радыеактыўныя рэчывы з маркіроўкай на арабскай мове. Даведацца што канкрэтна знаходзіцца на караблі не ўдаецца, таму што карабель атакуецца, магчыма, расійскай авіяцыяй, і полк SAS вымушаны пакінуць судна. У гэты час блізкаўсходні тэрарыст па імі Халед аль-АсадВідавочная алюзія на Хафеза аль-Асада (менавіта яго спансаваў Імран Захаеў), здзяйсняе пераварот у сваёй краіне і забівае легітымнага прэзідэнта Ясіра аль-Фулані.

Пасля гэтых падзей Злучаныя Штаты Амерыкі здзяйсняюць інтэрвенцыю ў невядомую арабскую краіну. У інтэрвенцыі ўдзельнічае Корпус марской пяхоты ЗША. У корпусе служыць сяржант Пол Джэксан, за якога і гуляе гулец у амерыканскай кампаніі. У ходзе інтэрвенцыі корпус займае тэлецэнтр, з якога меркавана вядзе прамую трансляцыю Халед аль-Асад. Пасля штурму аказваецца, што Асада ў тэлецэнтры няма і ягоная прамова транслюецца ў запісе. Пасля няўдачы, корпус атрымлівае заданне вызваліць танк, які захруснуў у балоце. Па ўратаванні з балота танка, марпехі прабіваюцца на ім праз горад, дзе іх чакае транспартны верталёт, які перакіне салдат у сталіцу дзяржавы для фінальнага наступу. У сталіцы ў ходзе авіяцыйнай атакі корпус марской пяхоты знішчае вялікую групоўку варожых войскаў. Нечакана атрад атрымлівае загад пакінуць горад, бо выведкай было выяўлена, што паблізу ў сталіцы знаходзіцца ядзерная зброя. У ходзе адступлення адзін з верталётаў збіваецца і Пол Джэксан разам са сваім атрадам вырашае выратаваць пілота капітана Пелаа. Ім гэта ўдаецца зрабіць: пілот эвакуяваны і верталёт Джэксана ўзлятае, аднак праз некалькі секунд адбываецца выбух ядзернай бомбы, верталёт падае, Джэксан і тысячы іншых марпехаў гінуць.

Грамадзянская вайна ў Расіі Паралельна з падзеямі на Блізкім Усходзе адбываецца грамадзянская вайна ў Расіі. У ходзе вайны паміж расійскім урадам і расійскімі ўльтранацыяналістамі ў палон да апошніх трапляе брытанскі шпіён і інфарматар з пазыўным Мікалай. З мэтай вызвалення Мікалая атрад SAS пад кіраўніцтвам Джона Прайса накіроўваецца на Каўказ і сумесна з расійскім урадам вызваляе Мікалая. У ходзе эвакуацыі атрада SAS на верталёце, яго збіваюць дзесьці ў заходняй Расіі. Пасля жорсткай пасадкі атрад запытвае дадатковы верталёт для эвакуацыі, і пакуль новы верталёт прабывае, AC-130 падтрымлівае і затуляе брытанскіх спецназаўцаў да эвакуацыі.

У Азербайджане Пасля эвакуацыі SAS атрымлівае паведамленні пра тое, што амерыканскія войскі падчас інтэрвенцыі не змаглі знішчыць аль-Асада. Спецназ накіроўваецца ў Азербайджан, дзе раней у Халеда аль-Асада была канспіратыўная кватэра. У ходзе штурму аль-Асада ўдаецца захапіць у палон. Яму на тэлефон паступае званок, на які адказвае капітан Прайс. Пасля адказу Прайс забівае Халеда аль-Асада, тлумачачы гэтае тым, што аль-Асад — нязначная фігура і за ўсім стаіць Імран Захаеў, які і здзейсніў званок.

Прыпяць Аказваецца, Прайс ведае хто такі Імран Захаеў. Дзеянне гульні пераносіцца ў 1996 год у занядбалы горад Прыпяць, дзе тады яшчэ лейтэнант Прайс пад кіраўніцтвам капітана Мак-Мілана адпраўляецца на аперацыю па ліквідацыі Захаева. Паводле інфармацыі брытанскай выведкі ў Прыпяці Захаеў павінны быў здзейсніць спробу пакупкі ядзернай зброі, чаму Брытанія мусіла перашкодзіць. У ходзе аперацыі Прайс страляе Захаеву ў руку, а капітан Мак-Мілан атрымлівае раненне ў нагу. Затым, Прайс сумесна з параненым Мак-Міланам паспяхова эвакуюецца з Прыпяці.

Развязка Пасля эвакуацыі з Азербайджана, SAS атрымлівае новую мэту — знайсці і знішчыць Імрана Захаева. Да атрада далучаецца штаб-сяржант Грыгс, які ўдзельнічаў у амерыканскай інтэрвенцыі. Для таго каб знайсці Імрана Захаева, Прайс вырашае захапіць яго сына — Віктара. Для гэтай мэты Прайс з атрадам адпраўляецца на поўдзень Расіі, дзе ў ходзе пагоні Віктар Захаеў здзяйсняе самагубства. Імран Захаеў, даведаўшыся пра смерць свайго сына, ставіць ультыматум: альбо амерыканскія і брытанскія сілы пакідаюць тэрыторыю Расіі, альбо ён ажыццявіць запуск ядзернай зброі па ЗША. У ходзе сумеснай амерыкана-брытанскай аперацыі запуск ракет удаецца скасаваць, і атрад спешна эвакуюецца на машынах УАЗ. Пачынаецца пагоня, у выніку якой УАЗы падбівае расійскі верталёт. У выніку гэтага гіне штаб-сяржант Грыгс. На месца аварыі прыбывае Захаеў асабіста са сваёй аховай. Ён забівае сяржанта Гаса, і, бачачы параненага Мак-Тавіша, спрабуе забіць яго, аднак яго адцягвае саюзны верталёт. Выкарыстоўваючы момант, Мак-Тавіш забівае Захаева і ахову. На дапамогу да параненых салдат прыбываюць расійскія ўрадавыя войскі, Мак-Тавіш губляе прытомнасць, а пра яго лёс гулец ўжо даведваецца ў другой частцы серыі — «Call of Duty: Modern Warfare 2».

Крытыка

Гульня атрымала станоўчыя водгукі ад гульцоў, гульнявых выданняў і журналістаў. Так, на сайце Metacritic гульня мае карыстальніцкі рэйтынг 8,6 і 92 балы ад рэцэнзентаў.

Спасылкі

Катэгорыя:Гульні для Nintendo DS Катэгорыя:Гульні для PlayStation 3 Катэгорыя:Гульні для Wii Катэгорыя:Гульні для macOS Катэгорыя:Гульні для Windows Катэгорыя:Гульні для Xbox 360 Катэгорыя:Відэагульні 2007 года Катэгорыя:Шутары ад першай асобы Катэгорыя:Call of Duty