Міхаіл Сяргеевіч Мандрыкаў (, м. Горы, Чавускі павет, Магілёўская губерня — , Нова-Марыінск, Чукотка) — старшыня Першага Рэўкама Чукоткі, удзельнік Усерасійскага Устаноўчага сходу, удзельнік III Усерасійскага з’езда Саветаў.
Біяграфія
Вучоба ў Горках. Праца і служба ў царскай арміі Нарадзіўся ў мястэчку Горы (цяпер аграгарадок Горацкага раёна) у шматдзетнай (8 дзяцей) сялянскай сям’і беларусаў Сяргея Іванавіча і Вольгі Фёдараўны Мандрыкавых.
Пасля заканчэння ў Гарах народнага вучылішча паступае на вучобу ў Горацкае рамеснае вучылішча. Займаючыся ў вучылішчы, у 1904 годзе ўступіў ў Горацкую сацыял-дэмакратычную арганізацыю. За ўдзел у дэманстрацыі пратэсту супраць расстрэлу дэманстрацыі працоўных 9 снежня 1905 года ў Санкт-Пецярбурга, якую арганізавала Горацкая арганізацыя РСДРП, у лютым 1905 года быў выключаны з вучылішча. Аднак праз некалькі месяцаў яго зноў прынялі, і ён скончыў вучылішча ў 1907 годзеЛетопись Белорусской государственной сельскохозяйственной академии (1840—2015), 6-е изд., испр. и доп. — Горки: 2010. С. 44. Скончыўшы вучылішча, працаваў слесарам на вагонарамонтным заводзе ў Пецярбургу. У 1909—1910 гг. працуе ў Екацярынаславе на чыгунцы памочнікам вагавага майстра. У 1910 годзе быў прызваны ў армію, служыў на флоце спачатку ў Першым гвардзейскім флоцкім экіпажы, потым на крэйсеры «Громовой» матросам і качагарам. У верасні 1911 года быў пераведзены на крэйсер «Олег» падручным машыністаЛіўшыц, Уладзімір. Мандрыкаў Міхаіл Сяргеевіч. // Памяць. Горацкі раён. Гісторыка-дакументальная хроніка — Мн.: 1996. С. 145. Улетку 1913 года М. С. Мандрыкаў быў дэмабілізаваны, працаваў на Балтыйскім суднабудаўнічым заводзе. За ўдзел у вулічных дэманстрацыях арыштаваны, але з-пад варты збег, нелегальна прыехаў у м. Горы да бацькоў і праз два тыдні па рэкамендацыі Магілёўскага камітэта РСДРП выехаў ва Уладзівасток, дзе ў той час жылі і працавалі два яго старэйшыя браты — Цімафей і Фёдар.
На Далёкім Усходзе Ва Уладзівастоку М. Мандрыкаў уступіў у кааператыў «Экономист», які хутка ўзначаліў. У 1916 годзе працаваў рабочым у вайсковым порце Уладзівастока і падазраваўся паліцыяй у сувязях з сацыял-дэмакратамі. У канцы 1916 года ахоўнае аддзяленне царскай ахранкі вырашыла расправіцца з членамі РСДРП, быў складзены «Спіс асоб, якія падлягаюць ліквідацыі». У спісе было і прозвішча МандрыкаваЛіўшыц, Уладзімір. Мандрыкаў Міхаіл Сяргеевіч. // Памяць. Горацкі раён. Гісторыка-дакументальная хроніка. — Мн.: 1996. С. 145.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года быў абраны членам Прыморскага абласнога Савета сялянскіх дэпутатаў і Уладзівастокскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У гэты час ён быў сябрам партыі левых эсэраў. У 1917 годзе абраны дэпутатам Усерасійскага Устаноўчага сходу па Прыамурскай выбарчай акрузе (спіс № 2) ад Савета сялянскіх дэпутатаў, які адбыўся ў 1918 годзе. Вярнуўшыся ва Уладзівасток, ён парывае сувязь з левымі эсэрамі і ўступае ў партыю бальшавікоў. У час контррэвалюцыйнага перавароту ва Уладзівастоку, здзейсненага белачэхамі, Мандрыкаў быў арыштаваны і пасаджаны ў канцэнтрацыйны лагер. Аднак яму ўдалося збегчы з лагера і працягнуць працаваць нелегальна. У сяле Аляксандраўскім яго зноў арыштоўваюць і саджаюць у турму, з якой летам 1919 года ён зноў уцякае і хаваецца ва Уладзівастоку. Улічваючы, што калчакаўцы на яго наладзілі паляванне, Уладзівастокскі камітэт бальшавікоў вырашыў адправіць яго на ЧукоткуСупрановіч, Ірына. Гаспадар Чукоткі .
На Чукотцы У верасні 1919 года ён адправіўся з Уладзівастока на Чукотку на параходзе «Табольск» пад імем Сяргей Бязрукаў. Праз некалькі дзён М. Мандрыкаў уладкаваўся прыказчыкам на прадуктовы склад і пачаў ствараць сярод мясцовых жыхароў падпольную групу з ліку тых, хто спачуваў савецкай уладзеМухачёв, Б. Новые документы о революционной деятельности Михаила Сергеевича Мандрикова // Советская Чукотка. 1958, 14 ноября.
Устанаўленне новай улады падпольшчыкамі было запланавана на пачатак 1920 года. Аднак калчакаўскаму кіраўніцтву пасёлка стала вядома пра дзейнасць рэвалюцыйнай групы, пра што паведамілі Мандрыкаву, і таму актыўныя дзеянні падпольшчыкаў пачаліся раней.
Выступіўшы ў ноч з 15 на 16 снежня 1919 года, падпольшчыкі захапілі ўладу і стварылі Першы рэвалюцыйны камітэт Чукоткі. У склад рэўкама ўвайшлі прадстаўнікі розных нацыянальнасцей. Старшыня М. Мандрыкаў — беларус, сакратар М. Куркуцкі — чуваш, яго намеснік А. Булат — літовец, камісар народнай аховы А. Берзін — латыш, камісар радыёстанцыі В. Цітоў — рускі, члены рэўкама Я. Мальсагаў — асецін, С. Грынчук — украінец, М. Каліноўскі — камчадал, Арсен Вольтар — нарвежац, Бучак Іосіф (Васіль) — славакПервый Ревком Чукотки (1919—1920 гг.). Сборник документов и материалов. — Магадан: 1957, С. 102.
У першы дзень пасля захопу ўлады на сходзе мясцовага насельніцтва М. С. Мандрыкаў у сваім выступе казаў: «Прыйдзе час, ён ужо не за гарамі, калі наш далёкі край стане квітнеючым. Будуць тут пабудаваныя заводы, школы і бальніцы, будуць з часам універсітэты. Вашы дзеці, як і дзеці чукч, эскімосаў, камчадалаў, чуванцаў, стануць інжынерамі, пісьменнікамі, лекарамі, слесарамі, машыністамі… Гэта зробім мы сваімі рукамі, а дапаможа нам Савецкая Расія»Не гаснет память о первых ревкомовцах.
Рэўкам існаваў усяго 45 дзён, але з першых дзён ён пачаў праводзіць дэкрэты Савецкай улады. Яму ўдалося павялічыць заробак настаўнікам, арганізаваць закупку вугалю ў рабочых-вугальшчыкаў на копях для раздачы яго бясплатна немаёмнаму насельніцтву, усталяваць кантроль над працай харчовых складоў, зацвердзіць расцэнкі і нормы выдачы тавараў. Рэўкам у мэтах паляпшэння забеспячэння насельніцтва таварамі, а таксама для прадухілення голаду жыхароў Чукоткі нацыяналізаваў тавары замежных і рускіх купцоў. Нацыяналізаваны былі таксама рыбалкі Грушэцкага і Соне ў вусці ракі Анадыр, якія па-драпежніцку знішчалі рыбуПервый ревком Чукотки (1919—1923 гг). Сборник документов и материалов. — Магадан: 1957. С. 100—130. Гэта не спадабалася мясцовым багацеям і былым белагвардзейцам, якія хаваліся ад Чырвонай Арміі на Чукотцы. Баяліся яны і таго, што іх таксама могуць расстраляць па загадзе рэўкама, як гэта было зроблена з камерсантамі Смірновым і Малкавым.
У канцы студзеня 1920 года паляўнічыя пайшлі ў тундру на паляванне пясца, а рыбакі адправіліся на падлёдную лоўлю. Камісар народнай аховы А. Берзін паехаў у другую вёску. У гэты час контррэвалюцыйныя сілы арганізавалі групу змоўшчыкаў, якія 31 студзеня 1920 года пачалі паўстанне. У час паседжання рэўкама яны акружылі будынак і адкрылі агонь. Адна з куль трапіла ў галаву В. Цітова, і ён загінуў, былі паранены яшчэ два рэўкамаўцы. М. Мандрыкаў, бачачы, што супраціўленне немагчымае, вырашыў здацца, каб выйграць час. Арыштаваных зачынілі ў цёмны хлеў, дзе ў холадзе і без ежы трымалі двое сутак.
Раніцай 2 лютага 1920 года ім абвясцілі аб пераводзе ў турму на другі бераг ракі Казачка. Калі арыштаваныя ступілі на лёд, варта хутка разбеглася, а з акон берагавых будынкаў пачалася стралянінаМухачев, Б. Красное знамя реет над Чукоткой: по документальным материалам о первом председателе Анадырского Ревкома М. С. Мандрикове // Советская Чукотка. 1957. 13 июля. Целы забітых засталіся ляжаць на лёдзе, і толькі праз некалькі дзён мясцовым жыхарам дазволена было іх пахаваць. Змоўшчыкі зрабілі засаду, і 7 лютага 1920 года пры вяртанні з сяла Маркава былі арыштаваны Берзінь і Мальсагаў, якіх на наступны дзень таксама расстралялі. У Анадыры быў створаны так званы «Савет», аднак ён праіснаваў нядоўга. У чэрвені 1920 года савецкая ўлада ў Анадыры была адноўлена.
У верасні 1969 года прах Мандрыкава разам з іншымі рэўкамаўцамі быў урачыста перапахаваны з могілак сяла Тавайваам (побач з горадам) на высокі бераг Анадырскага лімана. У ходзе перапахавання было ўстаноўлена, што яны былі забіты выстраламі ў спіну.
Іншая версія падзей 1919 года на Чукотцы Гісторык В. Пуставіт выявіў у архіве следчыя справы некаторых удзельнікаў падзей 1919—1920 гг. на Чукотцы, у тым ліку справу І. Перапечкі, арыштаванага ў 1933 годзе. І. Перапечка, які з’яўляўся адным з актыўных удзельнікаў перавароту 1920 года і страляў у рэўкамаўцаў, заявіў на допыце, што прычынай перавароту былі расстрэлы камерсантаў Смірнова і Малкава. Ен лічыў што «…гэта быў не рэўкам, а нейкая банда разбойнікаў, якія хацелі абрабаваць казну…». Ён быў прысуджаны тройкай пры НКУС 9 лістапада 1933 г. да 10 гадоў зняволення. 16 верасня 1992 г. ён быў рэабілітаваны па заключэнні пракурора Камчацкай вобласці. Падставай для рэабілітацыі паслужыла тое, што, як сказана у пастанове пракурора, «Мандрыкаў і іншыя па сутнасці з’яўляліся бандытамі».
Не аспрэчваючы рашэння аб рэабілітацыі, варта адзначыць, што на думку гісторыкаў, якія на працягу больш чым 60 гадоў вывучаюць гісторыю першага рэўкама ЧукоткіМухачев, Б. Красное знамя реет над Чукоткой: по документальным материалам о первом председателе Анадырского Ревкома М. С. Мандрикове // Советская Чукотка. — 1957. 13 июляМатвеев-Бодрый, Н. Н. Михаил Сергеевич Мандриков. Воспоминания о председателе Первого Ревкома Чукотки. — Магадан: 1958Жихарев, Н. А. В борьбе за Советы на Чукотке: Очерки истории борьбы за установление Советской власти на Чукотке. — Магадан: 1958. — 120 с.Бейзераў, К. М. Мандрыкаў Міхаіл Сяргеевіч. // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. VI. Мінск: 1972. С. 612—613Диков Н. Н. (отв. ред.) Очерки истории Чукотки с древнейших времен до наших дней. — Новосибирск: 1974Ліўшыц, Уладзімір. Чалавек з легенды // час. «Маладосць», 1977, № 11, С. 183—191Адамова, Лариса. Чукотские ревкомовцы. Люди из легенды идут в вечность… Часть 2, трэба безумоўна асудзіць расстрэлы, праведзенныя рэўкамам у 1919 годзе. Аднак наўрад ці можна пагадзіцца з заключэннем пракурора Камчацкай вобласці, што «Мандрыкаў і іншыя па сутнасці з’яўляліся бандытамі». «Бандыты» не будуць займацца павелічэннем заробку настаўнікам, закупкай вугалю ў працоўных-вугальшчыкаў і бясплатнай раздачай немаёмнаму насельніцтву, паляпшэннем забеспячэння насельніцтва таварамі і іншымі сацыяльнымі справамі. І калі імёны тых, хто арганізаваў контррэвалюцыйны пераварот у 1920 годзе на Чукотцы, не ўспамінаюць, і фактычна яны забыты, то імёны рэўкамаўцаў засталіся ў памяці народаў Чукоткі і Беларусі.
Памяць У Анадыры ў 1980 г. на месцы магілы рэўкамаўцаў быў адкрыты мемарыяльны комплекс (скульптар — В. Н. Каралёў): у цэнтры — фігура М. Мандрыкава, а побач фігуры яго паплечнікаў. Там быў запалены вечны агонь. У Чукоцкай аўтаномнай акрузе імя Мандрыкава прысвоена рабочаму пасёлку золаташукальнікаў (цяпер пасёлак нежылы), саўгасу, судну ледакольнага тыпу. М. С. Мандрыкаў з’яўляецца героем рамана Ю. Рытхэў «Конец вечной мерзлоты», трылогіі А. Вахова «Ураган идёт с юга», «Пурга в ночи», «Утренний бриз», аповесці А. Афяроўскага «Свет северного сияния». Помнік-бюст устаноўлены ў аграгарадку Горы Горацкага раёна. Імем М. С. Мандрыкава названы вуліцы ў г. Анадыры, на тэрыторыі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі (г. Горкі, Магілёўскай вобласці, Рэспубліка Беларусь), у аграгарадку Горы Горацкага раёна. Экспазіцыі ў яго гонар створаны ў музеях: гісторыі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, Горацкага гісторыка-этнаграфічнага, Горскай сярэдняй школы.
Цікавы факт Ірына Супрановіч, дырэктар Жодзінскага краязнаўчага музея, у матэрыяле «Гаспадар Чукоткі» пісала, што аднойчы ў музей зайшоў і прынёс свае вершы Андрэй Аляксандравіч Наскоў — журналіст, гісторык, аўтар сямі кніг па гісторыі Чукоткі і трох зборнікаў паэзіі. Чытаючы яго вершы, яна здзівілася і спытала: «…Адкуль у аўтара, які нарадзіўся і правёў амаль усё жыццё ў горадзе Анадыр на Чукотцы (маці — кітаянка, бацька — рускі), столькі любові, павагі і цеплыні да беларускай зямлі і яе народа?» На што ён адказаў: «Я з дзяцінства выхаваны на станоўчым прыкладзе Асобы, Чалавека, Беларуса — Міхаіла Сяргеевіча Мандрыкава».
Літаратура Аферовский, А. Свет северного сияния. Документально-художественная повесть. — Мн.: 1988. Бейзераў, К. М. Мандрыкаў Міхаіл Сяргеевіч // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. VI. — Мн.: 1972. С. 612—613.