Міро́слаў Янко́вяк (; ) — польскі мовазнавец, паланіст і беларусіст. Доктар габілітаваны (dr hab.).
Біяграфія Нарадзіўся 28 чэрвеня 1979http://www.wiez.pl/czasopismo/;s,czasopismo_szczegoly,id,565,art,15623 года ў Варшаве.
У 1998—2003 гадах вучыўся на кафедры беларускай філалогіі факультэта прыкладной лінгвістыкі і ўсходнеславянскай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта, дзе абараніў магістарскую працу па мовазнаўстве «Паланізмы ў рэлігійным творы канца XVIII ст. „Навукі парафіяльныя“». Адначасова вывучаў польскую філалогію на факультэце паланістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, у 2003 годзе абараніў ліцэнцыяцкую працу «Singularia і pluralia tantum у польскай і беларускай мовах». У 2002—2004 гадах вучыўся ў Цэнтры даследванняў Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта.
У 2003—2008 гадах быў дактарантам Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук. У студзені 2008 года атрымаў ступень доктара гуманітарных навук у галіне мовазнаўства (аналаг беларускай ступені кандыдата філалагічных навук) на падставе дысертацыі «Беларускія гаворкі ў Латвіі ў Краслаўскім раёне. Сацыялінгвістычнае даследаванне». У сакавіку 2023 года атрымаў ступень габілітаванага доктара (dr hab.) ва Універсітэце Мікалая Каперніка ў Торуні на падставе манаграфіі «Лексіка беларускіх гаворак у Літве. Моўная спадчына балцка-славянскага памежжа».
З 2008 па 2017 год працаваў ад’юнктам у Інстытуце славістыкі ПАН, уваходзіў у склад Лабараторыі даследаванняў паўночнакрэсовай польскай мовы пад кіраўніцтвам прафесара Ірыды Грэк-Пабісовай. У 2017 годзе працаваў у Гістарычным музеі ў Легіянове.
У 2018—2022 гадах быў стыпендыятам праграмы імя Я. Э. Пуркінэ ў Славянскім інстытуце Чэшскай акадэміі навук (Прага), дзе рэалізоўваў праект «Беларускія гаворкі ў Латвіі як прыклад лексічнай спадчыны балцка-славянскага памежжа». З студзеня 2023 года працуе навуковым супрацоўнікам у гэтай установе.
Супрацоўнічаў з Кафедрай беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, Інстытутам літоўскай мовы (Вільня), Інстытутам латышскай мовы (Рыга), Інстытутам мовазнаўства НАН Беларусі і Інстытутам славістыкі Майнцкага ўніверсітэта. З 2024 года выкладае беларускую мову ў Варшаўскім універсітэце.
Навуковая дзейнасць Аўтар 6 манаграфій і больш за 100 навуковых артыкулаў. Асноўныя навуковыя інтарэсы: беларуская мова (асабліва дыялекталогія па-за межамі сучаснай Беларусі), моўныя памежжы (асабліва балта-славянскае), сацыялінгвістыка, мова і культура беларусаў у краінах Балтыі (Латвія, Літва) і Калінінградскай вобласці, а таксама польская мова зямель сённяшняй Беларусі, Літвы і Латвіі (так званая паўночнакрэсовая).
З’яўляецца сябрам Камісіі па моўных кантактах пры Міжнародным камітэце славістаў, Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, Польскага беларусазнаўчага таварыства, Ломжынскага навуковага таварыства. Сузаснавальнік Беларускага інстытута ў Празе. З 2016 года супрацоўнічае з часопісам «Przegląd Bałtycki» («Балтыйскі агляд»), уваходзіць у яго рэдакцыйную калегію. Мірослаў Янковяк таксама звязаны з выданнямі і навуковымі ініцыятывамі кафедры, у тым ліку з штогадовікам «Acta Albaruthenica».
Таксама займаецца рэгіянальнай гісторыяй, з 2008 года з’яўляецца членам Таварыства сяброў Легіянова і рэдкалегіі выдання «Rocznik Legionowski», даследуе гісторыю горада Легіянова і Легіяноўскага павета.
У 2025 годзе ўдзельнічаў у публічных абмеркаваннях на «Polskie Radio» пра стан польскіх гаворак і моўныя кантакты на тэрыторыях былой Рэчы Паспалітай (Літва, Латвія, Беларусь), а таксама пра сацыялінгвістычныя фактары захавання/знікнення рэгіянальных варыянтаў мовы.
Узнагароды 2019 — юбілейны медаль да 90-годдзя НАН Беларусі (за даследаванні беларускіх гаворак у Латвіі). 2013 — юбілейны медаль да 80-годдзя НАН Беларусі (за папулярызацыю гісторыі і дыялекталогіі беларускай мовы). 2023 — Лаўрэат конкурсу імя Мялеція Сматрыцкага на найлепшую навуковую манаграфію ў галіне беларускай і ўкраінскай культуры (пад патранатам рэктара Варшаўскага ўніверсітэта) за кнігу «Лексіка беларускіх гаворак у Літве».
Бібліяграфія Манаграфіі
Артыкулы (выбраныя)
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1979 годзе Катэгорыя:Філолагі Польшчы Катэгорыя:Беларусісты Катэгорыя:Дыялектолагі Катэгорыя:Сацыялінгвісты Катэгорыя:Выпускнікі Варшаўскага ўніверсітэта Катэгорыя:Выкладчыкі Варшаўскага ўніверсітэта Катэгорыя:Беларусісты Польшчы