Інжынерны корпус Мінскага метрапалітэна — будынак у цэнтры Мінска, размешчаны па праспекце Незалежнасці, 6. Уваходзіць у комплекс забудовы паўднёва-ўсходняга боку плошчы Незалежнасці. Пабудаваны ў 1984 годзе па праекце архітэктараў Ю. Грыгор’ева і Дз. Кудраўцава.

Архітэктура

6—9-павярховы Г-падобны ў плане корпус размешчаны паміж будынкам гарвыканкама і галоўным корпусам БДУ. Пластыку галоўнага фасада, арыентаванага па плошчу, узбагачае мерны рытм лапатак ламанага контуру, што адпавядае вертыкальным чляненням Дома ўрада і галоўнага корпуса БДУ. З боку галоўнага фасада асіметрычна размешчаны ўваход у вестыбюль станцыі метро «Плошча У. І. Леніна», акцэнтаваны глухім эркерам, завершаным вежай з гадзіннікам і флюгерам (каваная медзь; мастак Ю. Любімаў). Аналагічны эркер меншых памераў вылучае ўваход у корпус з боку заходняга тарцовага фасада. Планіроўка калідорная. Фасады апрацаваны тынкоўкай светла-шэрага колеру. Цокаль і партал увахода ў вестыбюль станцыі метрапалітэна абліцаваны шэрым паліраваным гранітам.

Літаратура

Катэгорыя:Мінскі метрапалітэн Катэгорыя:Плошча Незалежнасці (Мінск) Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Юрыя Грыгор’ева Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Дзмітрыя Кудраўцава Катэгорыя:1984 год у Мінску Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Мінска Катэгорыя:Праспект Незалежнасці (Мінск)