Бітва ў Мёрах — умоўная назва, якую ў СМІ далі інцыдэнту, што адбыўся ў кастрычніку 1957 года ў Мёрскім раёне, калі воўк, хворы на шаленства, пакусаў не менш за 25 мясцовых жыхароў.
Абставіны трагедыі
З 5 па 7 кастрычніка 1957 года ў тагачаснай Маладзечанскай вобласці, у асноўным у Мёрскім раёне, шалёны воўк прабег больш за 150 км, нападаючы на людзей і свойскіх жывёл. Па яго маршруце пацярпелі 25 чалавек, у тым ліку 19 — вельмі цяжка, каля 50 свойскіх жывёл, а таксама невядомая колькасць дзікіх жывёл. Агмень заражэння склаў некалькі соцен квадратных кіламетраў.
Ваўка забіў жыхар вёскі Слабада Васіль Тычка.
Выратаванне пацярпелых
Ужо 6 кастрычніка пра здарэнне стала вядома ў Маскве. Па збегу прыязных абставінаў літаральна за некалькі гадоў да гэтага ў СССР была распрацавана першая савецкая вакцына супраць шаленства. У Мёрскі раён быў накіраваны Леанід Балтуцый, адзін з распрацоўшчыкаў новай вакцыны.
Пераадолеўшы цяжкасці транспарціроўкі вакцыны з Масквы праз Маладзечна — абласны цэнтр — у Мёры, Л. Балтуцый прыехаў на месца, дзе мясцовыя ўлады абвясцілі каранцін, разгарнулі аператыўны штаб і прыцягнулі атрад і . У Мёрах разгарнулі шпіталь, куды звозілі пацярпелых. З Масквы і Мінска вяліся кансультацыі па прамой радыёсувязі, акрамя гэтага з Мінска дастаўлялі ўсе неабходныя матэрыялы і абсталяванне, патрэбныя для чарапных і пластычных аперацый.
Леанід Гаўрылавіч Балтуцый пазней расказваў, што пад уплывам эмоцый пасля сустрэчы з вялікай групай сваякоў і аднавяскоўцаў пацярпелых, якія прыйшлі развітвацца з блізкімі, ён даў сумленнае слова, што ніхто не памрэ. Усім правялі курс антырабічных уколаў, а таксама патрэбныя хірургічныя аперацыі. Вядома, што прынамсі некалькі чалавек атрымалі цяжкія траўмы вачэй, твараў, таму і аперацыі патрабавалі ўдзелу профільных спецыялістаў высокага ўзроўню. Усе пацярпелыя выжылі.
Супрацьэпідэміялагічныя мерапрыемствы
Акрамя ўласна лячэння пацярпелых, у рэгіёне быў праведзены шэраг каранцінных мерапрыемстваў. Частку пакусанай ваўком хатняй жывёлы прыйшлося неадкладна забіць, іншую са слядамі свежых ран адправілі ў асаблівы каранцін. Усіх свойскіх сабак пасадзілі на прывязь, а бяздомных адстрэльвалі спецыяльныя брыгады паляўнічых. Таксама быў зроблены адстрэл і дзікіх жывёл у навакольных лясах.
Уплыў на культуру
У 1964 годзе кінарэжысёрам Віктарам Архангельскім быў зняты дакументальны фільм «Бітва ў Мёрах».
У 1962 годзе Аляксандр Лін напісаў кнігу «Бітва ў Мёрах», якая прысвечана абставінам здарэння. У кнізе шмат геаграфічных недакладнасцей: вёска Лявонпаль завецца «Лемпаль», забойцам ваўка называецца выдуманы Фёдар Тычына, заміж Дзвіны згаданы Нёман, а абставіны гібелі ваўка і далейшых падзей не супадаюць з расказамі мясцовых жыхароў.
Катэгорыя:Кастрычнік 1957 года Катэгорыя:1957 год у Беларусі Катэгорыя:Гісторыя Мёрскага раёна Катэгорыя:Эпідэміялогія Катэгорыя:Катастрофы ў Беларусі Катэгорыя:Ахова здароўя ў Беларусі Катэгорыя:Катастрофы 1957 года