Фога () — найбуйнейшы востраў каля ўзбярэжжа Ньюфаўндленда, частка канадскай правінцыі Ньюфаўндленд і Лабрадор. Плошча — каля 237,71 км². Насельніцтва (2016 г.) — 2 244 чал.
Геаграфія Востраў Фога месціцца за 13 км ад паўночна-ўсходняга ўзбярэжжа Ньюфаўндленда. Паверхня сфарміравана старажытнымі вулканічнымі і асадкавымі пародамі, узрост якіх часам дасягае 420 млн гадоў. Унутраная частка гарыстая. Найвышэйшы пункт дасягае 128 м. Берагі скалістыя, парэзаныя фіёрдамі.
Клімат мяккі акіянічны, вельмі вільготны. Сярэднегадавая тэмпература трымаецца каля +4,2 °C. Гадавая колькасць ападкаў — 1 187 мм.
Прырода Значная частка вострава Фога пакрыта лугамі, хмызнякамі і зараснікамі хваёвых. Усяго сустракаецца каля 200 відаў раслін. Найбуйнейшы прадстаўнік фаўны — карыбу. На берагах гняздуе шмат птушак.
Гісторыя Да прыходу еўрапейцаў Фога быў населены індзейцамі беатук. У XVI ст. быў адкрыты партугальскімі маракамі. У 1606 г. упершыню пазначаны на геаграфічных картах. У XVII быў далучаны да французскіх каланіяльных валоданняў у Паўночнай Амерыцы. Да сярэдзіны XVIII ст. на ім узніклі сталыя паселішчы ірландскіх рыбакоў. Сутычкі паміж каланістамі і індзейцамі прывялі да зыходу апошніх на Ньюфаўндленд, а потым і выміранню. У 1784 г. востраў быў далучаны да брытанскай калоніі ў Ньюфаўндлендзе.
Жыхары Фога традыцыйна займаліся рыбалоўствам, здабывалі траску, амараў і крабаў. У пачатку XX ст. яны аднымі з першых на канадскім атлантычным узбярэжжы пачалі аб’ядноўвацца ў кааператывы, каб супрацьстаяць буйным гандлярам з Сент-Джонса. Аднак у 1992 г. здабыча практычна спынілася з-за вычарпання рэсурсаў. У нашы дні астравіцяне развіваюць турызм. На востраве створаны прыродны парк, пешаходныя сцежкі, адрэстаўраваны старыя будынкі.
Галерэя
Спасылкі Fogo Island — National Geographic Town of Fogo Island Fogo and Change island Surficial geology
Катэгорыя:Астравы Канады Катэгорыя:Астравы Атлантычнага акіяна Катэгорыя:Ньюфаўндленд і Лабрадор