Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі — колішні драўляны каталіцкі храм у г. Беразіно (Мінская вобласць).

Гісторыя

Вялікі канцлер літоўскі Леў Сапега па распараджэнні караля Рэчы Паспалітай Яна Казіміра 24 верасня 1641 года заклаў у мястэчку на рынкавай плошчы драўляны касцёл. Будаўніцтва касцёла была скончана ў 1644 годзе. Гэты касцёл быў названы ў імя Найсвяцейшай Багародзіцы Кармельскай.

Пазней касцёл быў перайменаваны на тытул Унебаўзяцця Дзевы Марыі. На гэты раз фундатарам выступіла графіня Вансовіч.

У 1818 годзе побач з касцёлам паставілі драўляную двух’ярусную званіцу.

У 1844 годзе на сродкі графіні храм быў рэканструяваны і пры гэтым захаваў свае класічныя стылявыя рысы. Асабліва цікавым архітэктурным прыёмам яго з’яўлялася наяўнасць калон на абодвух бакавых фасадах.

У 1897 годзе на сродкі графа Аўгуста Патоцкага касцёльная тэрыторыя была абнесена агароджай з цэглы. Уваход на гэтую тэрыторыю пазначылі брамай з цэглы, якую абтынкавалі і пабялілі. Справа ад брамы была ўбудаваная ў агароджу званіца. Драўляная плябанія размяшчалася на другім баку вуліцы.

У пачатку XX стагодзя парафія налічвала каля 7000 вернікаў. Мела філіяльныя касцёлы ў Багушэвічах і Раванічах. У Беразіно дзейнічала драўляная капліца на каталіцкіх могілках па вул. Мультана. У 1930 гадах капліцу закрылі, а потым яна разбурылася пасля вайны.

Касцёл згарэў падчас пажару ў 1914 годзе.

Катэгорыя:Храмы Беразіна Катэгорыя:Касцёлы Бярэзінскага раёна Катэгорыя:З’явіліся ў 1644 годзе Катэгорыя:Колішнія касцёлы Мінскай вобласці Катэгорыя:Драўляныя касцёлы Беларусі Катэгорыя:1644 год у Еўропе Катэгорыя:XVII стагоддзе ў Беларусі Катэгорыя:Згарэлыя будынкі і збудаванні