Самія Хасан Сулуху (; нар. 27 студзеня 1960) — танзанійскі палітык, якая прадстаўляе партыю Чама Ча Мапіндузі. Яна стала першай у гісторыі Танзаніі жанчынай, што заняла пасаду віцэ-прэзідэнта — пасля ўсеагульных выбараў 2015 года пры прэзідэнце Джоне Магуфулі, а таксама першая жанчына на пасадзе прэзідэнта краіны (з 2021).

Была дэпутатам парламента з 2010 па 2015 год і дзяржаўным міністрам у кабінеце віцэ-прэзідэнта па пытаннях Саюза з 2010 года. Да гэтага яна займала пасаду міністра ў напалову аўтаномным рэгіёне Занзібар у адміністрацыі прэзідэнта Аману Каруме. У 2014 годзе была абрананамеснікам старшыні Устаноўчага сходу, якому даручана было падрыхтаваць праект новай Канстытуцыі краіны.

Біяграфія Сулуху нарадзілася ў Султанаце Занзібар. Пасля завяршэння вучобы ў 1977 годзе была прынятая на працу клеркам у Міністэрства планавання і развіцця. У 1986 годзе скончыла інстытут развіцця менеджменту (цяпер Універсітэт Мзумбе) з дыпломам у вобласці дзяржаўнага кіравання.

Затым яна працавала на праекце, фінансаваным Сусветнай харчовай праграмай. Паміж 1992 і 1994 гадамі яна вучылася ва Універсітэце Манчэстэра, выпусціўшыся са ступенню магістра ў галіне эканомікі. У 2015 годзе атрымала ступень магістра ў галіне эканамічнага развіцця з дапамогай сумеснай праграмы Адкрытага ўніверсітэта Танзаніі і Універсітэта Паўднёвага Нью-Гэмпшыра.

Палітыкай занялася ў 2000 годзе. Была абрана ў Палату прадстаўнікоў Занзібара і атрымала міністэрскі партфель ад прэзідэнта Амані Карумэ, стаўшы адзінай высокапастаўленай жанчынай у яго кабінеце. Пасля перавыбрання ў 2005 годзе зноў была прызначаная міністрам, але ўжо на іншую пасаду.

У 2010 годзе была абрана ў Нацыянальны сход ад акругі Макундучы, атрымаўшы больш за 80 % галасоў. Прэзідэнт Джакая Кікветэ прызначыў яе міністрам па справах Саюза.

У ліпені 2015 года кандыдат у прэзідэнты ад кіруючай сацыялістычнай партыі Чама Ча Мапіндузі Джон Магуфулі назваў яе сваім напарнікам на выбарах 2015 года. Іх тандэм перамог на прэзідэнцкіх выбарах.

18 сакавіка 2021 года пасля смерці Джона Магуфулі стала новым прэзідэнтам.

У верасні 2021 года Самія Сулуху пацвердзіла, што мае намер балатавацца ў прэзідэнты ў 2025 годзе і такім чынам стаць першай абранай жанчынай-прэзідэнтам краіны, калі яна пераможа.

Спасылкі Professional Newsletter Production by Samia Suluhu et al., (PDF) 2005, OUT/NSHU.

Катэгорыя:Прэзідэнты Танзаніі Катэгорыя:Палітыкі XXI стагоддзя Катэгорыя:Міністры Танзаніі Катэгорыя:Палітыкі Занзібара Катэгорыя:Жанчыны-прэзідэнты Катэгорыя:Віцэ-прэзідэнты Танзаніі Катэгорыя:Жанчыны-палітыкі Танзаніі