Кастусь Глінскі ( — ) — беларускі грамадскі дзеяч у Вялікабрытаніі.Эміграцыйнаяя гісторыя ў асобах. 8-9 лютага. Кастусь Глінскі, Сяргей Мажэйка

Біяграфія Нарадзіўся ў 1906 годзе ў сялянскай сям’і ў в. Прытычына Дзісенскага павета Віленскай губерні ў Расійскай імперыі (цяпер Мёрскі раён Віцебскай вобласці).

Вучыўся ў Дзісенскай гімназіі, а потым на юрыдычным факультэце Віленскага ўніверсітэта. Належаў да Беларускага студэнцкага саюза, некаторы час быў яго старшынём, выдаваў часопіс «Студэнцкая думка». Пазней — старшыня Згуртавання беларускіх студэнтаў «Скарынія», у 1931—1934 гг. выдаваў часопіс «Новая варта». Па сканчэнні ўніверсітэта працаваў суддзём у Ашмянах.

Увосень 1939 г. арыштаваны савецкай уладай і прысуджаны да 8 гадоў лагераў. Па іншых звестках — арыштаваны 19 мая 1940 г. і асуджаны 29 лістапада 1940 г. як «сацыяльна-небяспечны элемент», а да арышту працаваў настаўнікам. У зняволенні знаходзіўся ў Анеглагу ў Архангельскай вобласці.

Ад кастрычніка 1941 г. служыў у Арміі Андэрса, працаваў пры вайсковым трыбунале. У 1946 г. разам з Другім Польскім Корпусам прыбыў у Вялікабрытанію. Ад 20 жніўня 1947 г. быў сябрам Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі, аднак у выніку расколу пакінуў арганізацыю. Быў сябрам Беларускага вызвольнага руху, а потым — кіраўніком Лонданскага аддзела Беларускага вызвольнага фронту і ад 1969 г. ганаровым сябрам Галоўнага Штабу гэтай арганізацыі. У 1974 г. стаў старшынём Дэлегатуры БЦР у Вялікабрытаніі. Адначасова выконваў абавязкі старшыні філіі Антыбальшавіцкага блоку народаў у Вялікабрытаніі. Удзельнік разнастайных міжнародных форумаў. У 1979—1981 гг. выдаваў часопіс «Званіца». Аўтар англамоўнай брашуры, прысвечанай Беларусі і яе гісторыі («Byelorussia». 1982).

Памёр у 1987 годзе ў Лондане. Пахаваны пры касцёле Андрэя Баболі.

Крыніцы

Спасылкі Біяграфія Кастуся Глінскага на старонцы Леаніда Маракова Дадатковая біяграфія Кастуся Глінскага на старонцы Леаніда Маракова

Катэгорыя:Рэпрэсаваныя ў БССР Катэгорыя:Члены Беларускага студэнцкага саюза Катэгорыя:Члены Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі Катэгорыя:Члены арганізацыі Беларускі вызвольны рух Катэгорыя:Члены Беларускага вызвольнага фронту Катэгорыя:Члены Беларускай цэнтральнай рады Катэгорыя:Члены Антыбальшавіцкага блоку народаў Катэгорыя:Вайскоўцы Арміі Андэрса