Экслі́брыс (ад  — з кніг) — кніжны знак, ярлык, які наклейваецца на ўнутраны бок вокладкі або пераплёту (форзац) кнігі і паказвае яе ўладальніка. Мастацкія экслібрысы выконваюць пераважна ў тэхніках лінагравюры, афорта, цынкаграфіі, літаграфіі і ксілаграфіі. Вылучаюць некалькі тыпаў мастацкіх экслібрысаў: гербавыя (характэрныя галоўным чынам для XVI—XVIII стст.) узнаўляюць герб уладальніка; вензелевыя адлюстроўваюць арнаментальна ці каліграфічна распрацаваныя ініцыялы; сюжэтныя (найбольш пашыраны ў XX ст.) уключаюць архітэктурныя і пейзажныя матывы, эмблемы, якія ў вобразнай форме прадстаўляюць прафесію, густы, склад бібліятэкі ўладальніка, а таксама выявы саміх асоб пісьменнікаў, мастакоў і інш.

Экслібрысы з’явіліся з узнікненнем кнігадрукавання. Да XIX ст. былі пашыраны суперэкслібрысы — адбіткі на пераплёце або на карашку кнігі. Сярод майстроў экслібрыса  — О. Бёрдслі, Ф. Бушэ, А. Дзюрэр, М. Клінгер, Л. Кранах, Ф. Мазерэль, А. Матыс, У. Хогарт, Г. Гольбейн Малодшы. У Расіі экслібрысы з’явіліся ў пачатку XVIII ст. Сярод рускіх майстроў экслібрыса — А. Бенуа, Я. Лансерэ, У. Фаворскі.

Беларусь

На Беларусі прататыпам экслібрыса быў друкарскі знак з выявай сонца і месяца ў кнігах Ф. Скарыны. Шырока вядомы экслібрысы ў XVII—XVIII стст. у бібліятэках беларускіх магнатаў — Сапегаў, Радзівілаў і інш.

Экслібрыс пашырыўся ў 1920-я гг.: творы З. Гарбаўца, А. Грубэ, П. Гуткоўскага, Г. Змудзінскага, Я. Мініна, А. Тычыны, С. Юдовіна. Уклад у мастацтва сучаснага экслібрыса зрабілі У. і М. Басалыгі, А. Кашкурэвіч, Я. Красоўскі, Я. Кулік, М. Купава, Г. Паплаўскі, У. Савіч, М. Селяшчук, В. Славук, Г. Ціхановіч і інш.

Літаратура

Минаев Е., Фортинский С. Экслибрис. М., 1970; Тычына А., Шматаў В. Беларускі кніжны знак. Мн., 1975; Ивенский С. Г. Книжный знак: История, теория, практика худож. развития. М., 1980.

Спасылкі

Катэгорыя:Кнігі Катэгорыя:Графіка Катэгорыя:Папяровае мастацтва