Ямант Тулунтавіч, або Ямунт Тулунтавіч — вялікалітоўскі ўраднік 2-й паловы XIV ст. Намеснік смаленскі (зг. 1395, 1399), намеснік клецкі (зг. 1398). Родапачынальнік Ямантавічаў-Падбярэзскіх.

Біяграфія З княжацкага роду літоўскага паходжання, пэўны радавод у XIII ст. не прасочваецца. Версія заснаваная на генеалагічных матэрыялах XVIII ст. Тэадора Нарбута, што Ямант быў сынам міфічнага князя Гурды Гінвілавіча, унука Гедруса, неверагодная.

Паводле позняга Ніканаўскага летапісу, у хрышчэнні быў Якавам. Імаверна, быў праваслаўным да Крэўскай уніі, як і яго дзеці і іх нашчадкі, сыноў Яманта не было сярод літоўскіх арыстакратаў, якія прынялі польскія гербы ў Гарадле. Альберт Віюк-Каяловіч памылкова называў Яманта Васілём, бо змешваў з Васілём Барэйкавічам.

Упершыню згаданы пад 1390 годам, калі разам з Вітаўтам і групай яго прыхільнікаў выехаў да Ордэна ў Прусію. Службоўцы Ордэна раздзялялі прыбылых, Яманта, яго жонку і слуг адправілі ў Марыенбург (und Jamunt lag czu Marienburg mit syme wybe und gesinde).

Пасля далучэння Смаленска да Вялікага Княства Літоўскага (28 верасня 1395) вялікі князь Вітаўт прызначыў там намеснікамі Яманта і Васіля Барэйкавіча. Затым Ямант згаданы ў папярэднім пагадненні з Ордэнам, падпісаным у Гродне 23 красавіка 1398 года, і ў Салінскім дагаворы (12 кастрычніка 1398), дзе названы намеснікам або ўладальнікам Клецка (Jamund von Cletzke). У канцы 1398 года Ямант ездзіў з пасольствам у Маскву, у выніку Вітаўт сустрэўся са сваёй дачкой, — вялікай княгіняй маскоўскай Соф’яй.

Загінуў у бітве на Ворскле 12 жніўня 1399 года, тытулаваны ў спісе намеснікам смаленскім.

Пакінуў сына Сямёна (нар. да 1380, зг. 1401—1445) і, імаверна, Міхаіла (пам. да 1442), хоць апошняга Ян Тэнгоўскі лічыць унукам Яманта. Наталля Якавенка называе імя яшчэ аднаго сына — Івана Ямантавіча-Падбярэзскага, чыю дачку Ганку вялікі князь Вітаўт у 1428 годзе выдаў замуж за князя Васіля Фёдаравіча Астрожскага .

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Князі літоўскія Катэгорыя:Ваяводы смаленскія Катэгорыя:Старосты клецкія