Астравы Шума́гіна () — архіпелаг каля паўднёвага ўзбярэжжа паўвострава Аляска (ЗША). Агульная плошча — 1192,369 км². Насельніцтва (2000 г.) — 953 чалавекі.
Геаграфія Астравы Шумагіна месцяцца ў заходняй частцы заліва Аляска. Іх агульная колькасць — каля 20 астравоў. Найбуйнейшы востраў Унга (442,188 км²) знаходзіцца ўсяго ў 6,3 км на поўдзень ад паўвострава Аляска. Архіпелаг утвораны ў выніку тэктанічных зрухаў у раёне напаўзання Паўночна-Амерыканскай пліты на Ціхаакіянскую пліту. Для яго характэрна частая сейсмічная актыўнасць. Канчаткова астравы адлучыліся ад паўвострава Аляска пасля заканчэння ледавіковага перыяду. Суша складзена гранітамі і вулканічнымі асадкавымі пародамі. На астравах знойдзены радовішчы золата.
Клімат марскі вільготны. Тэмпература паветра на працягу года вагаецца паміж −10 °C і +15 °C. Узімку характэрны частыя штормы, аднак вада каля ўзбярэжжа не замярзае.
Прырода На астравах Шумагіна вылучаюцца 2 асноўныя экалагічныя зоны. На прыбярэжных раўнінах дамінуе лугавая і лясная расліннасць, вышэй — тундра. Фаўна прадстаўлена шматлікімі марскімі птушкамі, ластаногімі, бурымі мядзведзямі, чарнабурымі лісамі і г. д. У мінулым каля берагоў сустракаліся марскія каровы.
Гісторыя Астравы Шумагіна былі здаўна населены алеутамі, якія называюць іх Qagiiĝun. 30 жніўня 1741 г. былі адкрыты расійскай экспедыцыяй на чале з В. Берынгам, названы ў гонар аднаго з чальцоў экспедыцыі. У апісанні 1839 г. на астравах узгадваюцца 12 вёсак. Акрамя мясцовых алеутаў, сюды былі пераселены алеуты з усходняй часткі Алеуцкіх астравоў. У 1867 г. архіпелаг быў перададзены пад кантроль ЗША. У пачатку XX ст. была створана рыбаперапрацоўчая прамысловасць, якая застаецца асновай эканомікі да нашых дзён.
Спасылкі Geologic Report for the Shumagin Planning Area Shumagin Islands, Home of Storms and Fog Region History — Eastern Aleutian Tribes An archaeological survey of the outer Shumagin Islands
Катэгорыя:Астравы Аляскі Катэгорыя:Астравы Ціхага акіяна Катэгорыя:Архіпелагі Катэгорыя:Вулканічныя астравы