Антані́на Мака́раўна Мака́рава, народжаная Панфі́лаваМедведев С. Загадки века (4-й сезон). Тонька-пулемётчица // Youtube.com, у шлюбе Гінзбург (1 сакавіка 1920, Малая Ваўкоўка, Сычоўскі павет, Смаленская губерня — 11 жніўня 1979, Бранск, РСФСР, СССР) — ваенная злачынка, кат ў час Вялікай Айчыннай вайны. На службе ў нямецкіх акупацыйных улад і рускіх калабарацыяністаў, расстраляла каля 1500 чалавек, галоўным чынам савецкіх партызан і цывільных жыхароў, была вядома пад мянушкай Тонька-кулямётчыца. Пазней выйшла замуж і працавала кантралёрам у швацкім цэху, пад канец 1970-х была выкрыта і асуджана да смяротнага пакарання. Адна з трох жанчын, расстраляных у СССР у паслясталінскую эпоху.
Біяграфія
Раннія гады
У біяграфіі Антаніны застаецца шмат нявысветленых момантаў. Нарадзілася 1 сакавіка 1920 года, але некаторыя крыніцы даюць 1922 і 1923 гады. Месцам нараджэння даюцца вёска Малая Ваўкоўка і Масква. Расла ў Малой Ваўкоўцы, была малодшай з сямі дзяцей. Па нараджэнні яе імя было Антаніна Макараўна Панфілава. Акалічнасці атрымання прозвішча Макарава пэўна не выяўлены, па найбольш пашыранай версіі, гэта адбылося ў пачатковай школе. Калі 7-гадовая Антаніна пайшла ў першы клас вясковай школы, то пасаромелася назваць настаўніцы імя, а аднакласнікі назвалі яе «Макаравай», па бацьку. Быццам гэты выпадак стаў пачаткам таго, што ўва ўсіх наступных дакументах, у школьных, камсамольскім білеце і потым пашпарце, яна была запісана як Антаніна Макараўна Макарава. З невядомых прычын бацькі гэтай памылкі не выправілі.
Асаблівага імкнення да дакладных навук Антаніна не выяўляла, ёй больш падабаліся гісторыя і геаграфія. У вясковай школе правучылася 8 гадоў, пасля яе сям’я пераехала ў Маскву, дзе дзяўчынка скончыла апошнія два класы. Пасля школы паступіла ў вучылішча, потым — у медыцынскі тэхнікум, збіралася стаць лекарам. Ёсць згадкі, што яе гераіняй была Анка-кулямётчыца, дзяўчына-чырвонаармейка з фільма «Чапаеў», чыя гісторыя і натхніла Антаніну пайсці на вайну.
Жыццё на вайне У 1941 годзе, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Макарава пайшла добраахвотнікам на фронт, дзе працавала буфетчыцай і санітаркай.
Восенню 1941 года яна аказалася ў ліку нешматлікіх, хто выжыў у Вяземскай аперацыі, пасля разгрому сваёй часці некалькі дзён хавалася ў лесе, але ўрэшце трапіла ў палон. Праз некаторы час яна і салдат Мікалай Фядчук, знайшоўшы момант, збеглі. Некалькі месяцаў яны ўдвух бадзяліся па акрузе, спрабавалі выйсці з акружэння. Пазней на допыце Макарава сказала, што была дужа напалохана і таму сама пайшла з Фядчуком, прапанаваўшы яму сябе за «паходную жонку».
У студзені 1942 года яны дабраліся да сяла (у Брасаўскім раёне Арлоўскай, цяпер Бранскай вобласці), дзе ў Фядчука жыла жонка з дзецьмі, і ён, нягледзячы на просьбы Макаравай, расстаўся з ёю. Думаюць, што адмова Федчука ад працягу адносін, або душэўны заняпад сіл і псіхалагічны разлад ад перажытага ў «Вяземскім катле», прычыніліся таго, што дзяўчына магла звар’яцець. У Красным Калодцы ёй спачатку дапамагалі мясцовыя жанчыны, але неўзабаве сталі ставіцца блага праз яе бязладнага інтымнага жыцця, і ёй давялося пакінуць сяло. Макарава яшчэ нейкі час бадзялася па вёсках і сёлах, нідзе не затрымвалася надоўга, і ўрэшце аказалася на тэрыторыі так званай Локацкай рэспублікі ў сяле Локаць, дзе нядоўгі час жыла ў адной жанчыны. Ёй не было чым плаціць гэтай жанчыне за жыццё, таму Макарава збіралася неўзабаве далучыцца да мясцовых партызанаў, але звярнула ўвагу ў якіх добрых умовах жылі рускія калабарацыяністы і вырашыла ісці на службу да немцаў. Тут яна нейкі час займалася прастытуцыяй.
Пазней, даючы паказанні, Макарава заявіла, што проста хацела выжыць пасля працяглях бадзянняў, таму, калі немцы яе распытвалі, лаяла савецкую ўладу. На свой страх яна спісала і паступленне на службу ў локацкую дапаможную паліцыю. Обер-бургамістр Браніслаў Камінскі выдаў ёй для здзяйснення расстрэлаў асуджаных савецкіх партызан і членаў іх сем’яў. Паводле Макаравай, немцам не хацелася самім браць удзел у пакараннях смерцю і яны былі рады даручыць ёй выкананне прысудаў. За згоду браць удзел у расстрэлах немцы пасялілі Макараву ў пакоі на мясцовым конезаводзе, дзе яна захоўвала і кулямёт. Адной са сведкаў гэтага была жанчына з Краснага Калодца, у якой Макарава аднойчы пераначавала. Яна прыйшла да былой пастаялкі за дапамогай і ўбачыла кулямёт і адзенне расстраляных. Ёй Макарава расказала пра расстрэлы і выкарыстанне рэчаў забітых. Жанчына спалохалася і ўцякла.
На самым першым расстрэле Макарава хоць і трымалася ўстойліва, але ніяк не магла стрэліць, таму немцы напаілі яе алкаголем. На наступных расстрэлах алкаголь ёй быў ужо не патрэбен. На допыце Макарава сваё стаўленне да расстрэлу тлумачыла следчым так: Я не ведала тых, каго расстрэльваю. Яны мяне не ведалі. Таму сорамна мне перад імі не было. Бывала, стрэліш, падыдзеш бліжэй, а сёй-той яшчэ варушыцца. Тады зноў страляла ў галаву, каб чалавек не мучыўся. Часам у некалькіх зняволеных на грудзях быў падвешаны кавалак фанеры з надпісам «партызан». Некаторыя перад смерцю нешта спявалі. Пасля пакаранняў смерцю я чысціла кулямёт у вартавым памяшканні ці ў двары. Патронаў было ў дастатку… Усе асуджаныя да смерці былі для мяне аднолькавыя. Змянялася толькі іх колькасць. Звычайна мне загадвалі расстраляць групу з 27 чалавек — столькі партызан мясціла ў сябе камера. Я расстрэльвала прыкладна за 500 метрах ад турмы каля нейкай ямы. Арыштаваных ставілі ланцужком тварам да ямы. На месца расстрэлу нехта з мужчынаў выкочваў мой кулямёт. Па камандзе начальства я станавілася на калені і страляла па людзях датуль, пакуль не валіліся ўсе…
Таксама яна сказала, што ў яе ніколі было мукаў сумлення, бо самі пакаранні смерцю ўспрымаліся ёю не як штосьці незвычайнае, а толькі як выдаткі ваеннага часу. Тым не менш на допытах пазней яна ўспомніла акалічнасці адного з пакаранняў смерцю, дзе асуджаны да расстрэлу хлопец перад смерцю крыкнуў ёй: «Больш не ўбачымся; бывай, сястра!». Звычайна колькасць пакараных смерцю складала да 30 чалавек за дзень. Бывалі дні, калі яна расстрэльвала па тры разы на дзень. Паводле афіцыйных дадзеных, Макарава расстраляла каля 1500 чалавек, але толькі для 168 чалавек атрымалася аднавіць пашпартныя звесткі. Галоўным чынам гэта былі савецкія партызаны, члены іх сем’яў і цывільнае насельніцтва — жанчыны, старыя і дзеці. За кожны расстрэл Макарава атрымвала 30 рэйхсмарак, пасля гэту суму часта параўноўвалі з 30 срэбранікамі. Пасля выканання прысудаў Макарава здымала з трупаў упадабанае ёй адзенне, матывуючы гэта так: «А што? Прападаць добрым рэчам?». Яна скардзілася, што на адзенні забітых застаюцца вялікія плямы крыві і дзіркі ад куль. Сведкі ўспаміналі, што па начах Макарава часта прыходзіла ў мясцовы конезавод, дзе немцы стварылі турму для асуджаных да смерці, і пільна разглядала зняволеных, быццам загадзя прыглядаючы сабе іх рэчы. Адна са сведак расказала, што пры вялікай колькасці людзей Макарава выходзіла і памахвала бізуном. Па акрузе пашлі чуткі пра ката па мянушцы Тонька-кулямётчыца, і некаторыя партызаны нават абвясцілі на яе паляванне.
Макарава часта бывала ў мясцовым музычным клубе, дзе ў вялікай колькасці ўжывала спіртное і як некалькі іншых мясцовых дзяўчын уступала ў інтымную сувязь з паліцаямі і нямецкімі салдатамі, часта за грошы. З дзяўчынамі сяброўскіх адносін не падтрымлівала. Такое разгульнае жыццё прывяло да таго, што летам 1943 года Макараву адправілі ў нямецкі тылавы шпіталь на лячэнне ад сіфіліса, таму яна не была захоплена партызанамі і Чырвонай Арміяй, якія вызвалілі Локаць 5 верасня. У тыле Макарава завяла раман з нямецкім кухарам-яфрэйтарам, які таемна вывез яе ў сваім абозе ва Украіну, а адтуль — у Польшчу. Там яфрэйтар быў забіты, а Макараву немцы адправілі ў канцлагер у Кёнігсберг. Калі ў 1945 годзе Чырвоная Армія захапіла горад, Макарава выдала сябе за савецкую медсястру дзякуючы выкрадзенаму ваеннаму білету, чыя ўладальніца ў 1941—1944 гадах служыла ў 422-м санітарным батальёне, і такім чынам трапіла медсястрой у савецкі шпіталь. Там сама яна пазнаёмілася з параненым падчас штурму горада маладым сяржантам Віктарам Гінзбургам. Ужо праз некалькі дзён яны пажаніліся, Антаніна ўзяла прозвішча мужа.
Далейшы лёс Маладыя спачатку жылі ў Калінінградскай вобласці, пазней пасяліліся бліжэй да радзімы Віктара ў Лепелі (Беларуская ССР). Ён паходзіў з Полацка, уся яго сям’я была забіта карнікамі. У іх нарадзіліся дзве дачкі. Антаніну і як яе мужа лічылі ветэранам вайны, яны карысталіся адпаведнымі льготамі, былі ўзнагароджаны некалькімі ордэнамі, іх фатаграфіі былі ў мясцовым музеі. Жанчына сустракалася са школьнікамі на звычайных марапрыемствах падтрымання памяці пра вайну. Пра яе сапраўднае жыццё не ведалі ні муж з дочкамі, ні знаёмыя сям’і. Пасля выкрыцця фатаграфіі Макаравай былі паспешна прыбраны з музея і выняты з музейных фондаў.
У 1961 годзе Антаніна ўладкавалася на працу ў швацкі цэх Лепельскага прамкамбіната, пазней працавала там кантралёрам якасці прадукцыі. Тамсама працавалі Віктар (ён быў начальнікам аднаго з цэхаў) і абедзве яе дачкі. Яна лічылася адказным і сумленным працаўніком, яе фатаграфія часта аказвалася на мясцовай дошцы пашаны. Аднак, працаваўшы шмат гадоў, Антаніна не мела там сяброў. Фаіна Тарасік, якая тым часам была інспектарам аддзела кадраў фабрыкі, успамінала, што калега была вельмі замкнёнай, негаварлівай і падчас калектыўных святаў імкнулася як мага менш ужываць алкаголю. Напэўна, яна баялася прагаварыцца. «Немагчыма ўвесь час баяцца. Першыя дзесяць гадоў я чакала груку ў дзверы, а потым супакоілася. Няма такіх грахоў, каб усё жыццё чалавека мучылі», — расказвала жанчына пазней.
Расследаванне Органы дзяржбяспекі пачалі адшукваць калабарацыяністку адразу па вызваленні Локаця ад немцаў. Аднак ацалелыя жыхары мястэчка змаглі паведаміць следчым вельмі скупыя звесткі, бо ведалі яе толькі як «Тоньку-кулямётчыцу». З іншых прыкмет назвалі «цяжкі і пранізлівы пагляд», узрост прыкладна 21 год, напэўна, масквічка, цёмнавалосая, са зморшчынай на лбе. Яе шукалі сярод палонных і параненых, была версія, што яе забілі або вывезлі нямецкія спецслужбы.
Пошукі расцягнуліся на 30 гадоў. Як успамінаў следчы КДБ СССР Пётр Галавачоў, які займаўся вышукам нацысцкіх злачынцаў, супрацоўнікі «перадавалі справу ў спадчыну». Перыядычна яна трапляла ў архіў, аднак зноў адкрывалася пасля адшукання чарговага калабарацыяніста. Толькі ў 1976 годзе справа зрушыла, калі ў Бранску на гарадской плошчы адзін мужчына накінуўся з кулакамі на Мікалая Іваніна, у якім пазнаў начальніка локацкай турмы часоў нямецкай акупацыі. Іванін, які ўвесь гэты час хаваўся, не стаў адмаўляцца і дэталёва расказаў пра сваю тагачасную дзейнасць, заадно згадаўшы і жанчыну-ката, з якой меў кароткачасовы раман. Хоць ён памылкова назваў следчым яе як Антаніну Анатолеўну Макараву, інфармацыя дазволіла КДБ пачаць правярку грамадзянак СССР прыдатнага ўзросту з імем Антаніна Макарава (агулам каля 250 чалавек). Праверка не дала слушнага выніку, бо разглядаліся толькі жанчыны зарэгістраваныя пад гэтым імем пры нараджэнні. Антаніна ж Гінзбург была запісана пад прозвішчам Панфілава.
Спачатку следчыя памылкова выйшлі на іншую Антаніну Макараву, якая жыла ў Серпухаве. Іванін пагадзіўся правесці апазнанне, і яго прывезлі ў Серпухаў і пасялілі ў мясцовай гасцініцы. На наступны дзень самазагубіўся ў нумары па нявысветленых прычынах. Пазней КДБ знайшоў іншых выжылых сведкаў, якія ведалі катку ў твар, але ўсе яны пацвердзілі, што гэта не жанчына ў Серпухаве, таму пошукі пачаліся наноў.