Файлака () — востраў у Персідскім заліве. Уваходзіць у склад дзяржавы Кувейт. Плошча — 17,5 км². Насельніцтва — 147 чал. (2011 г.).
Геаграфія Востраў Файлака знаходзіцца за 18 км на ўсход ад горада Кувейт. Выцягнуты з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход на 14,14 км. Найбольшая шырыня — 5,05 км. Паверхня складзена пераважна асадкавымі пародамі. Людзі жывуць пераважна на паўночным захадзе, дзе існуюць асноўныя крыніцы пітной вады.
Клімат вострава субтрапічны засушлівы, аднак болей вільготны, чым мацерыковая частка Кувейта. Увесну паверхня пакрываецца травамі. На сушы гняздуюць вераб’і, ластаўкавыя, бакланы, гарбаткі і іншыя птушкі. Навакольныя воды насяляюць дэльфіны і марскія чарапахі.
Археалогія У 1958—1963 гг. дацкая археалагічная экспедыцыя выявіла на востраве і даследавала шэраг курганоў 3 тысячагоддзя да н. э. Найбольш важным адкрыццём стаў надпіс на камені з імем бога фінікавых пальм Анзака, які лічыўся сярод шумераў вярхоўным бажаством краіны Дыльмун. Хутка востраў ператварыўся ў найбольш важны міжнародны археалагічны цэнтр на тэрыторыі Кувейта, дзе працуюць археолагі з розных краін свету. Дзякуючы іх намаганням на паўночным захадзе Файлакі было выяўлена старажытнае паселішча, што існавала паміж 2000—1200 гг. да н. э. У ім знаходзілася рэзідэнцыя накшталт палаца, а таксама храм, меркавана прысвечаны Анзаку. На месцы паселішча былі знойдзены надпісы шумерскім клінапісам, кераміка, блізкая да керамікі Бахрэйна, шматлікія пячаткі. Сучасныя даследчыкі атаясняюць Файлаку з краінай Агару(м), узгаданай у месапатамскіх тэкстах бронзавага веку. У сваю чаргу, Агару(м) мог быць часткай краіны Дыльмун.
У 1 тысячагоддзі да н. э. востраў уваходзіў у склад Вавілонскай імперыі, а потым дзяржавы Ахеменідаў. У IV ст. да н. э. быў адкрыты Аляксандрам Македонскім падчас яго вяртання з паходу ў Індыю. Па прапанове Аляксандра атрымаў назву Ікарыя. Сучасная назва Файлака паходзіць ад «Вялікі» і дадзена яму ў гонар самога Аляксандра. Археолагамі былі выяўлены рэшткі крэпасці эпохі элінізму, а таксама надпісы на арамейскай мове. Згодна з апісаннямі антычных аўтараў, у той перыяд Ікарыя—Файлака была прысвечана багіні Артэмідзе. У V — IX стст. на ім жылі ўсходнія хрысціяне.
У 2013 г. месцы археалагічных раскопак на востраве Файлака былі ўнесены ў папярэдні спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Сучасная гісторыя У 1563 г. Файлака была адкрыта партугальскімі мараплаўцамі. Хаця на востраве былі крыніцы пітной вады і дрэвы, яны не знайшлі тут насельнікаў. Відавочна, яны пакінулі востраў з-за пагрозы піратаў. Пазней на ім аселі арабы-бандары з паўднёвага ўзбярэжжа Ірана. Яны заснавалі паселішча Аль-Заўр, якое займала сярэднюю і паўночна-заходнюю часткі вострава. У 1985 г. колькасць астравіцян дасягала 5 832 чалавек.
У 1990—1991 гг. інфраструктура вострава моцна пацярпела падчас іракскай ваеннай акупацыі, а потым вызваленчай аперацыі. Мясцовыя насельнікі былі вымушаны эвакуявацца ў мацерыковую частку Кувейта. Большасць з іх не вярнулася на радзіму. У нашы дні ў Кувейце распрацоўваецца план пераўтварэння Файлакі ў турыстычную славутасць.
Спасылкі Archaeology Island A Kuwaiti island frozen in time Sa'ad and Sae'ed Area in Failaka Island Mathilde Gelin. New French-Kuwaiti research in the Hellenistic fortress of Failaka-Ikaros Kuwait-Georgian archaeological mission-archaeological investigations on the Island of Failaka in 2011—2017
Катэгорыя:Астравы Персідскага заліва Катэгорыя:Астравы Кувейта Катэгорыя:Гісторыя Кувейта