«Бабруйскаграмаш» — беларуская кампанія, якая спецыялізуецца на вытворчасці сельгастэхнікі, агрэгатаў, абсталявання.
Прадпрыемства было заснавана ў верасні 1974 года ў якасці «Бабруйскага завода раскідвальнікаў угнаенняў» (Магілёўская вобласць). У 2005 годзе прадпрыемства было пераўтворана ў адкрытае акцыянернае таварыства. З кастрычніка 2012 года ААТ «Бабруйскаграмаш» стала кіруючай кампаніяй холдынгу «Бабруйскаграмаш».
У склад холдынга ўваходзяць наступныя прадпрыемствы: ААТ «Бабруйсксельмаш», ААТ «Оршааграпраммаш», ААТ «Маладзечанскі станкабудаўнічы завод», ААТ «НДІстрамаўталінія», ААТ «Брэсцкі Электрамеханічны завод».
На 2021 год кампанія выпускала звыш 150 найменняў навясных і паўпрычэпных сельскагаспадарчых машын і было найбольшым іх вытворцам ва Усходняй Еўропе. Звыш паловы вырабаў пастаўлялі ў Расію. Рэшту замежных паставак штогод накіроўвалі пераважна ў Казахстан і Егіпет, а таксама ў такія краіны Еўропы, як Украіна, Славакія, Фінляндыя, Чэхія і Швецыя. Агулам сельгасмашыны прадавалі ў 50 краінах, у тым ліку Заходняга паўшар’я. Прадпрыемства мела за мяжой 5 зборачных вытворчасцей, у тым ліку ў Казахстане, Расіі і Таджыкістане.
Вытворчасць На 2021 год плошча завода «Бабруйскаграмаш» складала 60 гектараў. З іх 29 га прыпадала на будынкі, у тым ліку 16,8 га — на вытворчыя, 3,8 га — на побытава-кіраўнічыя і 1,1 га на склады. Прадпрыемства налічвала 1972 прылады абсталявання і 5 вытворчасцей: Нарыхтоўча-прэсавая. Уключала крывашыпныя гільяцінныя нажніцы і плазмарэзы з праграмным кіраваннем (ЛПК) для раскроя ліставога металу таўшчынёй да 25 міліметраў, гідраўлічны каардынатна-прабіўны прэс з ЛПК 250/30-2500, дыскавыя пілы і крывашыпныя прэсы 40—1000 т, чаканачныя прэсы да 1600 тон і гідраўлічныя прэсы да 160 тон, а таксама лістазгінальныя прэсы з ЛПК, намаганнем ад 135—350 тон і даўжынёй згіну да 620 см. Цэх аснашчаўся кранамі грузападымальнасцю ад 10 да 30 тон. Зборачна-зварачная. Ажыццяўлялася 4 віды зваркі: паўаўтаматычная ў асяроддзі вуглякіслага газу, аўтаматычная пад слоем флюсу, кантактная і ў асяроддзі аргону. Для вырабу цыстэрн пры аўтазварцы выкарыстоўвалі безупынную навіўку спіральна-шоўнай трубы рулоннай сталі таўшчынёй 5 міліметраў. У цэху знаходзіліся стэнды, вытворчыя лініі і кантавальнікі, стапелі і перавознікі, а таксама краны грузападымальнасцю да 10 тон. Механаапрацоўчая. На такарных станках з ЛПК апрацоўвалі дэталі прамерам да 40 см і даўжынёй да метра, а на агульных такарных станках — дэталі прамерам да метра і даўжынёй да 5 метраў. На гарызантальным станку з ЛПК НВ-630 фрэзеравалі, свідравалі і расточвалі вузлы прамерам і вышынёй да метра пры вазе да 1200 кг. Канічныя зубчатыя колы наразалі прамерам да 32 см, а цыліндрычныя зубчатыя колы — прамерам да 2-х метраў. На шліфавальных станках з ЛПК аўтаматычна апрацоўвалі валы прамерам да 20 см і даўжынёй да 2-х метраў. Зборачная. Пры стапельнай зборцы на канвееры выкарыстоўвалі: 1) станок МС9717Д-2Б рухомага размяшчэння зборачных і зварачных дэталяў даўжынёй да 3-х метраў і вагой ад 10 да 500 кг; 2) стэнды зборкі дыскавых кол прамерам 150 см, шырынёй 80 см і прамерам вобаду 14—26 цаляў; 3) стэнды выпрабавання вузлоў і машын. Фарбавальная. Дзейнічала лінія фарбавання буйнапамерных вырабаў і ўстаноўка бескамернага фарбавання пнеўмараспыляльнікам, а таксама беспаветраны распыляльнік. Канчаткова сабраныя вырабы фарбавалі дакафарбай у прахадных камерах з наступнай сушкай і маркіроўкай. У гальванічным аддзяленні на лініі выконвалі цвёрдае храмаванне, цынкаванне з храматаваннем і аксыдаванне. Цэхі аснашчаліся кранамі грузападымальнасцю ад 5 да 30 тон, а адкрытыя складскія пляцоўкі — кранамі падымальнасцю да 32-х тон. Матэрыялы перавозілі аўтапагрузчыкамі, трактарамі і самаходамі, а таксама дызельным лакаматывам па чыгунцы. Дапаможнымі цэхамі былі: інструментальны і рамонтна-механічны, электрацэх і энергацэх, а таксама дрэваапрацоўчая вытворчасць, ачышчальныя збудаванні і станцыя рэгазіфікавання вадкага прапану-бутану.
Вырабы
На 2021 год «Бабруйскаграмаш» выпускаў 247 узораў тэхнікі, з іх 88 дапаможнай: 34 узоры кормаўборачнай тэхнікі — 17 відаў дыскавых і сегментна-пальцавых касілак, 12 відаў рулонных і цюкавых прэс-падборнікаў, а таксама 5 відаў трактарных грабляў-валкавальнікаў і варашылак; 22 узоры тэхнікі для ўнясення ўгнаенняў — 7 відаў раскідвальнікаў арганічных угнаенняў і 15 відаў размеркавальнікаў для мінеральных; 30 узораў трактарных прычэпаў, у тым ліку 12 самазвальных і агульных паўпрычэпаў, 9 спецыяльных паўпрычэпаў для кармоў і рулонаў; 23 узоры прыгатавальнікаў і раздатчыкаў кармоў — 3 віды здрабняльнікаў грубых кармоў і рулонаў, 13 відаў кормараздатчыкаў з выгрузным канвеерам і змешвальнікам, а таксама 7 відаў корманарыхтоўнікаў у выглядзе здрабняльнікаў збожжа і ўпакоўшчыкаў сена і сілажу; 30 узораў глебаапрацоўчага абсталявання — 6 відаў дыскавых агрэгатаў, 7 відаў дыскавых і зубавых баронаў, кольчата-зубчатую катку і 3 віды акучнікаў, 13 дыскавых і корпусных плугоў; 4 узоры тэхнікі для ўраблення льну — 2 віды прэс-падборшчыкаў і па адным відзе абарочвальніка і ўспушвальніка стужак льну; 11 узораў пунктырных і шыроказахопных сеялак, у тым ліку 4 пасяўныя агрэгаты; 5 узораў лесапрамысловых машын — па 2 віды лесавозных паўпрычэпаў і пажаратушыльных машын, а таксама машыну для пасадкі сажанцаў; 88 узораў дапаможнага абсталявання — падавальныя бункеры і дазатары, драбілкі і палівамыечныя машыны, канвееры і кантэйнеры, гідраўлічныя нажы і перфаратары пластыкавых пляшак, гідраўлічныя прэсы і дыскавыя сартавальнікі, вертыкальна-свідравальныя і цэнтравальна-падразныя станкі, кармушкі для рыбы і апілкападавальнікі, брыкетавальнікі і лініі прэсавання кардону і пляшак.
Збытавая сетка
На 2021 год «Бабруйскаграмаш» меў 56 дылераў у 45 краінах: 12 краінах Азіі — Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Азербайджан, Арменія (2), В’етнам, Грузія, Індыя, Казахстан (3), Кыргызстан, Манголія, Сірыя, Таджыкістан, Узбекістан (2); 17 краінах Афрыкі — Ангола, Буркіна-Фасо, Гана (2), Гвінея, Замбія, Зімбабвэ, Кенія, Мадагаскар, Мазамбік, Малаві, Нігерыя, Паўднёвы Судан, Судан, Сьера-Леонэ, Тога, Чад і Егіпет; 1-й краіне Паўночнай Амерыкі — Куба; 15 краінах Еўропы — Беларусь, Латвія, Літва, Расія, Польшча і Украіна (4), а таксама Балгарыя, Венгрыя, Малдова (2), Сербія, Фінляндыя, Францыя, Чэхія, Швецыя і Эстонія.
Збыт праз пазыку ў Беларусі фінансавалі «Белаграпрамбанк» і «Беларусбанк», а праз лізінг — «Прамагралізінг». Пры пастаўцы за мяжу збыт фінансавалі «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» і «Прамагралізінг», а ў Казахстане і Украіне дадаткова — «Казаграфінанс» і «Укргазбанк». Гарантыйны тэрмін выкарыстання тэхнікі «Бабруйскаграмаш» у Беларусі складаў 2 гады, а за мяжой — 1 год. На прадпрыемстве дзейнічала 5 выязных брыгад, якія аднаўлялі тэхніку ў Магілёўскай вобласці. У астатніх 5 абласцях Беларусі тэхніку абслугоўвалі 15 тэхнічных цэнтраў: 1) 3 у Брэсцкай — Бяроза, Жабінка і Пінск; 2) 4 у Віцебскай — Віцебск, Орша, Глыбокае і Полацк; 3) 1 у Гродзенскай — Іўе; 4) 3 у Гомельскай — Гомель, Петрыкаў і Шацілавічы; 5) 4 у Мінскай — Барысаў, Любань, Фаніпаль (Койданаўскі раён) і Юбілейны пасёлак (Мінскі раён). За мяжой такія тэхнічныя цэнтры працавалі ў 14 краінах: 7 краінах Азіі — Азербайджан (Баку), Арменія (Бюрэгаван і Шаўмян), Грузія (Тбілісі), Казахстан (Какшатау і Уральск), Таджыкістан (Гісар), Туркменістан (Ашхабад), Узбекістан (Ургенч, Харэзмская вобласць); 7 краінах Еўропы — Латвія (Улброка, Ропаскі край), Літва (Вільнюс), Расія (27: Арэнбург, Барнаул, Белгарад, Бузулук, Вінзілі ў Цюменскай вобласці, Волжскі, Іжэўск, Канск, Краснадар, Курск, Леніна ў Растоўскай вобласці, Малая Шыльна ў Татарстане, Масква, Міхайлаўск у Стаўрапольскім краі, Нявіннамыск, Омск, Падгорны пасёлак у Валагодскай вобласці, Перм, Саранск, Саратаў, Смаленск, Уладзівасток, Уршак у Башкірыі, Юрузань у Чалябінскай вобласці) і Украіна (Кіеў і Мікалаеў), а таксама Малдова (Чадыр-Лунга), Румынія (Галац), Славакія (Кошыцы), Чэхія (Клічаны, Сярэднечэшскі край).
Гісторыя
БССР 23 верасня 1974 года Міністэрства машынабудавання для жывёлагадоўлі і кормавытворчасці СССР ухваліла Указ № 166 аб стварэнні «Бабруйскага завода раскідвальнікаў угнаенняў» (Беларуская ССР). Прадпрыемства налічвала 988 супрацоўнікаў. У верасні 1975 года выпусцілі першыя 11 доследных узораў раскідвальнікаў вадкіх арганічных угнаенняў "РЖТ-8. Да канца 1975 года выпусцілі 250 такіх раскідвальнікаў. У 1981 годзе дасягнулі праектнай магутнасці завода ў 26 000 машын. Спачатку выпускалі 4 узоры раскідвальнікаў арганічных угнаенняў: «РЖТ-8» для вадкіх грузападымальнасцю 8 тон, «ПРТ-10» на 10 тон, «РЖТ-16» для вадкіх падымальнасцю 16 тон і «ПРТ-16» на 16 тон.
У снежні 1982 года раскідвальнік «ПРТ-10» атрымаў Дзяржаўны знак якасці, бо вызначаў дозу ўнясення ўгнаення ў глебу. У складзе прадпрыемства стварылі Дзяржаўнае спецыялізаванае праектна-канструктарскае тэхналагічнае бюро (ДСПКТБ). На заводзе ўкаранілі плазменную рэзку дэталяў і гарачую накатку зубцоў зорак, аўтазварку пад своем флюсу і аўтацынкаванне, афарбоўку струменевым аблівам і апрацоўку станкамі дэталяў хадавой сістэмы на лініі. Таксама ўвялі лініі штампоўкі ланжэронаў, выраб днішчаў і бартоў машын. Абнавілі лінію абечкаў машын, канвеер зборкі балансіраў і аўтаматычную лінію афарбоўкі бартоў і рам.
Незалежная Беларусь У 1991 годзе пачалі распрацоўку кормазагатовачных машын. Спачатку асвоілі вытворчасць рулонных прэс-падборшчыкаў «ПРФ». У серыйную вытворчасць запусцілі «ПРФ-110», «ПРФ-145» і «ПРФ-180». Пазней запусцілі вытворчасць перавозчыкаў рулонаў «ТР-Ф-5» і размотчыкаў-раздатчыкаў грубых кармоў «РГ-1». Урэшце пачалі выраб 4-ротарных дыскавых касілак «КДН-210», грубляў-варашылак «ГВР-630» і кормараздатчыкаў «КРФ-10». Пасля 2000 года сталі выпускаць машыны ўнясення мінеральных угнаенняў «МСВД-0,5», «РШУ-12», «МТТ-4У» і «МТТ-4Ш». У 2005 годзе ўнітарнае прадпрыемства «Бабруйскаграмаш» пераўтварылі ў адкрытае акцыянернае таварыства.
19 кастрычніка 2012 года Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 948 аб стварэнні холдынгу «Бабруйскаграмаш», у склад якога ўвайшлі 5 ААТ: «Бабруйсксельмаш», «Оршааграпраммаш» (Віцебская вобласць), «Маладзечанскі станкабудаўнічы завод» (Мінская вобласць), «НДІбудаўталінія» (Магілёў) і «Брэсцкі электрамеханічны завод» (апошні ў 2020-м пасля выхаду «Тэхналіт Полацк»).
У 2015 годзе ў Расіі адчынілі Гандлёвы дом «Бабруйскаграмаш», які да 2021 года стварыў звыш 100 дылераў і прадстаўніцтваў у большасці абласцей. На май 2015 года ў Казахстане дзейнічала сумесная зборачная вытворчасць прэс-падборшчыкаў «Бабруйскаграмаша». На красавік 2016 года працавала прадстаўніцтва «Бабруйскаграмаша» ў Румыніі. У 2017 годзе «Бабруйскаграмаш» выступіў сузаснавальнікам зборачнай вытворчасці «УзБелАграмаш» ва Узбекістане. У лістападзе 2017 года зборачная вытворчасць запрацавала ў таджыкскім горадзе Гісар. У снежні 2017 года ў Грузію паставілі 120 машын «Бабруйскаграмаш». 22 сакавіка 2018 года на Беларуска-грузінскім бізнес-форуме ў Тбілісі заключылі пагадненне з ТАА «Гермес» аб гандлёвым прадстаўніцтве ў Грузіі. Пры гэтым падпісалі кантракт на пастаўку 70 машын у 1-м паўгоддзі. На сакавік 2018 года «Бабруйскаграмаш» вырабляў 70 відаў навясной і прычапной сельгастэхнікі. У ліпені 2018 года ў Каіры (Егіпет) запусцілі зборачную вытворчасць касілак, прэс-падборшчыкаў і раскідвальнікаў угнаенняў сумесна з прадпрыемствам «Хэлван».