Ваенны пераварот у Буркіна-Фасо — ваенны пераварот, здзейснены ў студзені 2022 года ўзброенымі сіламі Буркіна-Фасо. У выніку падзей зрынуты прэзідэнт краіны Рок Кабарэ.
Перадгісторыя У 2014 годзе ў Буркіна-Фасо адбылося паўстанне, падчас якога быў скінуты Блез Кампаарэ — прэзідэнт, што кіраваў краінай з 1987 года. У 2015-м дзяржаву ўзначаліў Рок Марк Крысціян Кабарэ.
З 2015 года ў Буркіна-Фасо вядуць актыўную дзейнасць арганізацыі «Ісламская дзяржава» «Ансар уль-Іслам» і «Аль-Каіда». У 2021 годзе тэрарысты забілі больш за 2 тысячы мірных жыхароў. З 2019 года з-за дзейнасці баевікоў у некаторых правінцыях быў уведзены рэжым надзвычайнага становішча.
У лістападзе 2021 года пасля таго, як тэрарысты забілі 49 вайскоўцаў і 4 мірных жыхароў ля залатой шахты на поўначы краіны, у Буркіна-Фасо ўспыхнулі масавыя пратэсты. Пратэстоўцы выказвалі незадаволенасць недастатковым узроўнем бяспекі і недастатковым забеспячэннем Узброеных Сіл харчаваннем. У выніку пратэстаў з пасады сышоў прэм’ер-міністр Ласіна.
11 студзеня 2022 года па падазрэнні ў падрыхтоўцы ваеннага перавароту быў затрыманы шэраг вайскоўцаў.
19 студзеня 2022 года ў Буркіна-Фасо быў абмежаваны доступ да сацыяльнай сеткі Facebook, якую ўлады назвалі «адным з інструментаў дэстабілізацыі ў краіне». Таксама з’явіліся паведамленні аб перабоях у рабоце Інтэрнэту.
Падзеі 22 студзеня ва Уагадугу зноў пачаліся пратэсты. Пратэстоўцы патрабавалі адстаўкі ўрада і перадачы ўлады вайскоўцам.
У ноч з 22 на 23 студзеня з’явіліся паведамленні аб стральбе каля рэзідэнцыі прэзідэнта. Улады назвалі тое, што адбылося «актамі дэманстрацыі незадаволенасці з боку вайскоўцаў». Армейцы патрабавалі адстаўкі ўрада, павелічэння колькасці ваеннаслужачых, выдзялення дадатковых сродкаў на барацьбу з тэрарыстамі і кампенсацыі сем’ям загінуўшых таварышаў па службе. У ходзе стральбы была пашкоджана машына прэзідэнта.
23 студзеня з’явіліся паведамленні аб перабоях у рабоце мабільнай сувязі і Інтэрнэту ў краіне. Быў уведзены каменданцкі час, які дзейнічаў з 20:00 па 05:30.
Пратэстоўцы падпалілі штаб-кватэру кіруючай партыі «Народны рух за прагрэс». Пратэсты пачаліся і ў іншых гарадах краіны, а грамадзянскія пратэстоўцы заявілі аб салідарнасці з ваеннымі.
Раніцай 24 студзеня пачалі паступаць паведамленні аб арышце Крысціяна Кабарэ на адной з ваенных баз, вайскоўцы патрабавалі ад яго сыходу ў адстаўку. СМІ паведамілі аб тым, што сям’я прэзідэнта пакінула краіну. Армейцы таксама вызвалілі асуджанага за спробу перавароту ў 2015 годзе генерала Жыльбэра Д’ендэрэ.
24 студзеня прэзідэнт Буркіна-Фасо размясціў у сваім Twitter наступнае паведамленне:
Прэзідэнт не ўдакладніў сваё месцазнаходжанне.
У той жа дзень група з 14 вайскоўцаў у прамым эфіры дзяржаўнага тэлеканала абвясціла аб узяцці ваеннымі ўлады ў краіне, роспуску ўрада і парламента, прыпыненні дзеяння Канстытуцыі і закрыцці межаў Буркіна-Фасо да асобага распараджэння.
Наступствы Новы рэжым не змог ліквідаваць праблему з радыкаламі і нават саступіў некаторыя тэрыторыі джыхадзістам і іншым баевікам. 30 верасня 2022 года ў Буркіна-Фасо адбыўся новы ваенны пераварот, у выніку якога часовы прэзідэнт Поль-Анры Сандаага Даміба быў скінуты. Яго места заняў Ібрагім Траорэ.
Зноскі
Катэгорыя:Студзень 2022 года Катэгорыя:Падзеі 24 студзеня Катэгорыя:2022 год у палітыцы Катэгорыя:Дзяржаўныя перавароты Катэгорыя:Канфлікты 2022 года