Гомельскі абласны суд — вышэйшы орган судовай улады на тэрыторыі Гомельскай вобласці па грамадзянскіх, крымінальных, адміністрацыйных справах, падсудных судам агульнай юрысдыкцыі. Таксама ажыццяўляе нагляд за працай ніжэйстаячых судоў, вывучае судовую практыку, аналізуе і вядзе судовую статыстыку, аказвае дапамогу ніжэйстаячым судам у выкарыстанні заканадаўстваСтруктура судов / Областной суд . Размешчаны ў Гомелі па адрасе вул. Кірава, 11.
Гомельскі абласны суд складаецца з 28 суддзяў, у тым ліку старшыні, першага намесніка і намеснікаў старшыні суда. У структурным плане складаецца з дзвюх судовых калегій, па грамадзянскіх і крымінальных справах, і прэзідыума.
Гісторыя Пастановай IV сесіі УЦВК ад 31 кастрычніка 1922 года і Палажэннем аб судовым ладзе РСФСР, прынятым гэтай жа сесіяй, Гомельскі губернскі Савет народных суддзяў і Гомельскі губернскі рэвалюцыйны трыбунал у студзені 1923 года былі аб’яднаныя ў адну ўстанову — Гомельскі губернскі суд. Сваю дзейнасць ён пачаў 15 лютага 1923 года.
У аснову работы суда былі пакладзеныя пастановы 6-га губернскага Савета народных суддзяў, накіраваныя на «ўмацаванне судова-следчага апарату губерніі рабоча-сялянскім складам», удасканаленне юрыдычнай кваліфікацыі суддзяў і следчых работнікаў, павелічэнне колькасці «ўдзельнікаў Нарсудоў і Нарследчых па губерніі».
У архівах захаваліся звесткі пра тое, што суд праводзіў праварастлумачальную работу сярод насельніцтва, арганізоўваў «асобыя Сесіі» для «разбору працоўных спраў», «бясплатныя юрыдычныя кансультацыі для аказання ўсебаковай юрыдычнай дапамогі рабочым, чырвонаармейцам, інвалідам і найбяднейшым сялянам», а таксама прымаў меры да паляпшэння матэрыяльнага становішча суддзяў і следчых работнікаў.
Пастановай 1 сесіі Вярхоўнага Савета СССР ад 15 студзеня 1938 года «Аб змяненні і дапаўненні артыкулаў Канстытуцыі СССР — аб увядзенні ў БССР абласнога адміністрацыйнага дзялення» былі ўтвораны Гомельская, а таксама Палеская вобласці. У адпаведнасці з Пастановай ЦВК БССР ад 31 сакавіка 1938 года быў створаны Арганізацыйны камітэт ЦВК БССР па Гомельскай вобласці, які займаўся стварэннем абласных устаноў, у тым ліку Гомельскага і Палескага абласных судоў (пазней аб’яднаныя).
З жніўня 1941 года і да вызвалення г. Гомеля ў снежні 1943 года праца абласных судоў была перарваная Вялікай Айчыннай вайной. У снежні 1943 года Гомельскі абласны суд аднавіў сваю дзейнасць.
У 1954—1956 гадах былі пашыраныя функцыі і тэрытарыяльная кампетэнцыя суда. У адпаведнасці з пастановай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 8 студзеня 1954 года была ліквідаваная Палеская вобласць БССР, якая ўвайшла ў склад Гомельскай, і скасаваны Палескі абласны суд, які ўвайшоў у склад Гомельскага абласнога суда.
У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў СССР ад 4 жніўня 1956 года № 1048 і пастановай Савета Міністраў БССР ад 7 верасня 1956 года № 541 «Аб мерапрыемствах па правядзенні ў жыццё Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 4 жніўня 1956 года „Аб пашырэнні правоў краявых, абласных судоў і скасаванні ўпраўленняў Міністэрстваў юстыцыі саюзных рэспублік пры краявых, абласных Саветах дэпутатаў працоўных“» было ліквідаванае Упраўленне Міністэрства юстыцыі пры Гомельскім абласным Савеце дэпутатаў працоўных і яго функцыі былі перададзеныя Гомельскаму абласному суду.
Праз пэўны перыяд функцыі па ажыццяўленні правасуддзя, а таксама кадравым, арганізацыйным і матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні судовай дзейнасці былі зноў раздзеленыя паміж Гомельскім абласным судом і Упраўленнем юстыцыі Гомельскага аблвыканкама.
З сярэдзіны 1950-х гадоў суд размяшчаўся ў будынку па Савецкай вуліцы, 20, пабудаваным у канцы ХIX — пачатку XX стагоддзя. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён быў часткова разбураны, затым адноўлены. Да пачатку 2000-х будынак суда састарэў і перастаў адпавядаць патрабаванням ажыццяўлення правасуддзя. У сувязі з гэтым у 2005 годзе Гомельскім абласным выканаўчым камітэтам было прынятае рашэнне аб выдзяленні ў цэнтры г. Гомеля новага будынка для абласнога суда. У снежні 2008 года суд перамясціўся ў рэканструяваны пяціпавярховы будынак па вуліцы Кірава, 11, да якога зроблена чатырохпавярховая прыбудова для залаў судовых пасяджэнняў, утрымання абвінавачаных, дарадчых пакояў і іншых памяшканняў. У судзе створаны належныя ўмовы працы. У судаводства ўкаранёныя сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, уведзена сістэма электроннага дакументазвароту.
Кіраўніцтва Сяргей Міхайлавіч Шаўцоў (старшыня) Арцём Сяргеевіч Камалыеў (першы намеснікі) Мікалай Валянцінавіч Маратаеў (былы намеснік старшыні, старшыня калегіі па крымінальных справах) Марына Уладзіміраўна Надтачэй (намеснік старшыні, старшыня калегіі па грамадзянскіх справах)
Спасылкі
Старонка Гомельскага абласнога суда на сайце Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя:Суды Беларусі Катэгорыя:Арганізацыі Гомеля Катэгорыя:Суды паводле алфавіта Катэгорыя:Вуліца Кірава (Гомель)