Курга́нная гіпотэза прарадзімы індаеўрапейцаў у стэпах на поўнач ад Чорнага мора была прапанавана ў 1956 г. даследчыцай літоўскага паходжання Марыяй Гімбутас на аснове сінтэзу тагачасных археалагічных і лінгвістычных дадзеных. У нашы дні шырока распаўсюджана ў археалогіі, этналогіі, мовазнаўстве.
Версія М. Гімбутас У 1956 г. Марыя Гімбутас увяла ва ўжытак паняцце «курганная культура», якое павінна было аб’яднаць некалькі археалагічных культур меднага — бронзавага вякоў. Яна, па ўяўленнях даследчыцы, паходзіла з Паволжа (пазней у гэтым рэгіёне савецкімі археолагамі была вылучана Хвалынская культура) і ў першай палове 4 тысячагоддзя да н. э. ахоплівала стэпавы рэгіён паміж Дняпром і Волгай (фаза Курган I). Яе адрозненнем было прыручэнне коней і развіццё конегадоўлі.
Да канца 4 тысячагоддзя да н. э. (фазы Курган II і Курган III) знутры яе з’явіліся рэгіянальныя адрозненні (Сярэднястогаўская культура, Майкопская культура). Фарміруюцца індаеўрапейскія мовы, адбываецца пранікненне носьбітаў курганнай культуры на паўднёвы ўсход і цэнтр Еўропы, дзе ў выніку паўсталі культуры змяшанага тыпу накшталт культуры шнуравой керамікі і культуры шарападобных амфар.
Фаза Курган IV супадае з існаваннем Ямнай культуры. Для яе характэрна распаўсюджанне індаеўрапейцаў далёка на ўсход (Афанасьеўская культура), экспансія ў Паўднёвую і Заходнюю Еўропу. У працах 1974—1991 гг. М. Гімбутас сцвярджала, што пашырэнне індаеўрапейцаў у межы Старой Еўропы было ваяўнічым і прывяло да руйнавання амаль ідэалістычнага матрыярхальнага «гінацэнтрычнага» грамадства.
Крытыка Курганная гіпотэза Марыі Гімбутас была станоўча прынята большасцю археолагаў і мовазнаўцаў, але гэта тычылася пераважна месца ўзнікнення і першаснага распаўсюджання індаеўрапейскіх моў і індаеўрапейскай культуры. Крытыка археолагаў канцэнтравалася вакол самой канцэпцыі курганнай культуры. Так, Леў Клейн заўважаў, што «Гімбутас намяшала ў сваю зыходную „курганную культуру“ каля тузіна культур Расіі і Украіны… толькі на той падставе, што ўсе яны хавалі памерлых пад курганам»Клейн, Л. Древние миграции и происхождение индоевропейских народов . Другой прычынай для крытыкі стала храналогія і геаграфія міграцыйных хваль ранніх індаеўрапейцаў, вызначаная Марыяй Гімбутас. Спробы іх перагляду прадпрымаліся з 1980-х гг., у тым ліку пад ціскам альтэрнатыўных гіпотэз індаеўрапейскай прарадзімы.
У 2007 г. амерыканскі антраполаг Дэвід Энтані ўлічыў папярэднюю крытыку і выступіў з рэвізіяй курганнай гіпотэзы. Ён адмовіўся ад канцэпцыі курганнай культуры, вылучыў са складу протаіндаеўрапейскіх Майкопскую культуру і сканцэнтраваўся на разглядзе Ямнай культуры як пачатку індаеўрапейскага свету. У 2010 г. яго праца была ўзнагароджана прэміяй Амерыканскай археалагічнай асацыяцыі.
Найбольш папулярнай сярод даследчыкаў альтэрнатывай курганнай гіпотэзы стала анаталійская гіпотэза. Яе прыхільнікі лічаць індаеўрапейскія мовы болей старажытнымі, чым было прынята лічыць у часы Марыі Гімбутас. Згодна з іх меркаваннямі, прарадзімай індаеўрапейцаў была Малая Азія або нават суседні Балканскі паўвостраў. Адзін з іх, беларускі археолаг Эдуард Загарульскі, часткова прыняў версію Марыі Гімбутас пра прычарнаморскі стэп як месца, адкуль пачалося рассяленне індаеўрапейцаў у іншыя рэгіёны Еўропы. У адрозненне ад Дэвіда Энтані, ён не выключыў Майкопскую культуру са складу протаіндаеўрапейскіх, а, наадварот, сцвердзіў яе першынство ў дачыненні да болей паўночных стэпавых і адначасова падкрэсліў яе другаснасць у дачыненні да культур Пярэдняй Азіі. «Яе пачатак, — піша ён, — вядзе ў болей паўднёвыя раёны — Закаўказзе і Малую Азію».
З канца XX ст. былі арганізаваны археагенетычныя даследаванні, якія ў асноўным пацвердзілі меркаванні Марыі Гімбутас пра зыходны пункт нараджэння протаіндаеўрапейскіх культур у Паволжы, яе лакалізацыю ранніх індаеўрапейцаў і абставіны іх рассялення ў ЕўропеAnthony, D. Archaeology, Genetics, and Language in the Steppes: A Comment on BomhardMathieson, I., Lazaridis, I., Rohland, N. et al. Genome-wide patterns of selection in 230 ancient Eurasians. Nature 528, 499—503 (2015)Malmström, H., Günther, T., Svensson, E. M., Juras, A., Fraser, M., Munters, A. R., Pospieszny, Ł., Tõrv, M., Lindström, J., Götherström, A., Storå, J., & Jakobsson, M. (2019). The genomic ancestry of the Scandinavian Battle Axe Culture people and their relation to the broader Corded Ware horizon. Proceedings. Biological sciences, 286.
Крыніцы
Літаратура
Manco, J. Ancestral Journeys: The Peopling of Europe from the First Venturers to the Vikings. — London: Thames & Hudson, 2013. ISBN 978-0-500-05178-8
Спасылкі КУРГАННАЯ ГІПОТЭЗА — Радзіма мая — Беларусь On the Indo-European homeland — Languages Of The World Kurgan hypothesis — archeos.eu
Катэгорыя:Дагістарычная Еўропа Катэгорыя:Еўропа бронзавага веку Катэгорыя:Археалагічныя культуры Еўропы