Помнік Уладзіміру Ільічу Леніну — колішні помнік у Барысаве, які размяшчаўся па праспекце Рэвалюцыі, каля цэнтральнага ўвахода ў парк культуры і адпачынку імя М. Горкага. Прысвечаны заснавальніку савецкай дзяржавы У. І. Леніну.

Скульптура У. I. Леніна была створана Аляксандрам Грубэ, барэльефы на пастаменце — Андрэем Бембелем. Помнік урачыста адкрыты 15 ліпеня 1934 года. У мерапрыемстве ўдзельнічаў народны паэт Беларусі Янка Купала, які прэзентаваў жыхарам горада сваю паэму «Барысаў», апублікаваную 11 ліпеня 1934 у газеце «Звязда» з падзагалоўкам «Да адкрыцьця помніка Леніну ў Барысаве». Вобраз правадыра, створаны Грубэ, адрозніваўся ад агульнапрынятых пазней, Ленін тут не прызываў за сабой і не паказваў на светлую дарогу ў будучыню, яго правая рука была апушчана ўніз і звернутая да народа.

У Вялікую Айчынную вайну ў 1941 годзе помнік разбураны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У 1947 г. на пастаменце, які захаваўся, устаноўлена новая скульптура правадыра. У той жа час праўнучка скульптара Андрэя Бембеля, Вера Бембель-Бельская, у інтэрв’ю прыгадвала, што «прадзед любіў скульптуру „Ленін-правадыр“ (створана ў 1953 г., пастаўлена ў Барысаве), у ёй шмат дынамікі». Не выключана, што ў 1947 годзе была пастаўлена часовая шаблонная скульптура, а ў 1953 — аўтарская праца Бембеля.

У лістападзе 1986 года на Цэнтральнай плошчы быў пастаўлены новы помнік Леніну. У красавіку 1987 года стары помнік на праспекце Рэвалюцыі быў дэмантаваны ўначы, працаўнікі далі падпіску аб неразгалошванні акалічнасцей зносу. Тагачасныя ідэолагі асцерагаліся, што знос можа быць няправільна ўспрыняты гараджанамі.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:1934 год у Беларусі Катэгорыя:Помнікі Леніну Катэгорыя:Помнікі Барысава Катэгорыя:Праспект Рэвалюцыі (Барысаў) Катэгорыя:Зніклі ў 1987 годзе Катэгорыя:Знішчаныя збудаванні Барысава Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Беларусі, знішчаныя савецкай уладай Катэгорыя:Творы Аляксандра Грубэ Катэгорыя:Творы Андрэя Бембеля