Карл Густаў Крэйц, або Кройц (; , мястэчка Фалун — , Стакгольм) — шведскі барон, генерал ад кавалерыі, удзельнік Паўночнай вайны. Адзін з найдасведчанейшых камандзіраў шведскай кавалерыі, удзельнік шаснаццаці бітваў.

Біяграфія

Маладыя гады Малодшы сын Лорэнца Крэйца (старэйшага) і Эльзы Дзюваль.

Двухгадовым залічаны лейтэнантам у Лейб-гвардзейскі кавалерыйскі полк. У 1674 годзе стаў студэнтам Упсальскага ўніверсітэта. У 1675 годзе ўступіў камер-пажом на прыдворную службу і разам з Карлам XI адправіўся ў ваенны паход вайны з Даніяй 1677—1679 гадоў. Падчас вайны служыў у Карэльскім кавалерыйскім палку ў Брандэнбургу, стаў капітан-лейтэнантам у 1677 годзе і ротмістрам у 1679 годзе, але пасля заканчэння вайны вярнуўся ў Лейб-гвардзейскі кавалерыйскі полк.

Удзел у Паўночнай вайне (1700—1721)

Першыя гады вайны На пачатку Паўночнай вайны Крэйц быў ротмістрам Седэрманландскай роты. У 1701 годзе ўдзельнічаў у пераходзе Заходняй Дзвіны і стаў маёрам. Пасля бою пад Лаўэнбургам ў 1703 годзе — падпалкоўнік Лейб-гвардзейскага кавалерыйскага палка, у 1704 годзе — палкоўнік і начальнік штаба гэтага палка.

«Шведскі біяграфічны слоўнік» кажа пра яго: «Проста не хопіць часу пералічваць і апісваць усе яго геройскія ўчынкі… Ён праявіў храбрасць і ўпартасць у шматлікіх баях, магчыма, яму не заўсёды спадарожнічаў поспех, але ён заўсёды з гонарам выходзіў са складанага становішча»Блінец Андрэй. Клецкія бітвы. 1506. 1706. — Мінск: Выдавец А. М. Янушкевіч, 2015..

Дзеянні на тэрыторыі Беларусі

Слонім і Ляхавічы 5 красавіка 1706 шведскі кароль Карл ХІІ выслаў з Жалудка корпус кавалерыі ў 600 коней на чале з палкоўнікам Крэйцам у Слонім, каб ачысціць яго ад казакаў. Там Крэйц мусіў сабраць усе сілы раскіданыя на поўдзень ад Нёмана і пачаць аблогу Ляхавіцкага замка, дзе закрыліся казакі. У Слоніме ён не сустрэў супраціву, і, сабраўшы каля 1,5 тысяч кавалерыі, не лічачы дапаможных мясцовых і валашскіх аддзелаў, рушыў на Ляхавічы. Паблізу Ляхавічаў шведы разбілі атрад казакаў, якія ішлі на дапамогу замку, і ў сярэдзіне красавіка пачалі аблогу. Заблакаваўшы фартэцыю, Кройц распусціў атрады валахаў для рабавання ваколіц Ляхавічаў і Нясвіжа.

Тым часам на дапамогу Ляхавічам з Мінска ў канцы красавіка рушала расійскае войска на чале з Сямёнам Няплюевым, да якога далучыліся казакі са Слуцка. Іх агульная колькасць дасягала 5 тысяч. Крэйц, які трымаў у аблозе Ляхавічы, загадзя атрымаў інфармацыю пра набліжэнне праціўніка. Да гэтага часу да шведаў падыйшло падмацаванне з 400 драгунаў. Пакінуўшы невялікую частку войска на чале з Траўтфэтэрам для працягу аблогі, уначы 20 красавіка Крэйц выйшаў з лагера насустрач праціўніку ў кірунку Клецка.

Клецкая бітва 1706 года Шведскае войска паводле сучасных ацэнак складала каля 1200 вершнікаў, агульная колькасць расійска-казацкіх войскаў складала каля 4300-4400 чалавек. Ранкам 20 красавіка шведскае войска атакавала казакаў, якія стаялі за грэбляй, і ў кароткім баі вымусіла іх уцякаць. Расійскі ваявода Няплюеў на дапамогу казакам пачаў перакідваць на левы бераг Сільнай пяхоту і артылерыю, дзе яна пачала разгортвацца ў баявыя парадкі. Перадавыя атрады паспелі ўступіць у бой у раёне Рынкавай плошчы, дзе былі акружаны і за кароткі час знішчаны шведамі. Асноўная маса расійскай пяхоты сутыкнулася з казакамі, якія ў паніцы ўцякалі да моста, у гэты момант шведскія жаўнеры эфектыўна скарысталі агнястрэльную зброю. Пры адступленні загінуў казацкі палкоўнік Іван Сак. Сямён Няплюеў кінуўся ў гушчар бою, намагаючыся стрымаць уцёкі, аднак не здолеў гэтага зрабіць і быў паранены ў левую руку. У гэты момант невялікі шведскі атрад здолеў прарвацца праз мост і адкрыў шлях да наступлення асноўным сілам, пасля чаго расійскія рэзервы ахапіла паніка і яны кінуліся на ўцёкі. Шведы і валахі гналіся за ўцекачамі да бліжэйшага лесу за пяць кіламетраў, пасля чаго павярнулі на Клецк.

З рэляцыі Крэйца вынікае, што адразу пасля бітвы ў 18-ці вялікіх курганах клецкія месцічы пахавалі 1025 чалавек, трупы якіх сабралі на гарадскіх вуліцах і выцягнулі з балота. Агульныя страты расійска-казацкага войска ацэньваюць у межах 1500—1800 чалавек. «Стакгольмскія паштовыя навіны» паведамлялі пра бітву пад Клецкам: «Цудам было тое, што на шведскім баку было не больш за 8 забітых і 10 параненых».

Рэляцыя пра бітву была надрукавана ў Швецыі пад назвай «Падрабязная рэляцыя пра бітву паміж палкоўнікам Лейб-гвардыі Яго Каралеўскай Велікамосці коннага палка баронам Крэйцам і маскоўскім генералам Няплюевым под горадам Клецкам у Літве 20 красавіка 1706 г., дый пра тое, што надалей да 15 мая адбывалася» (адзін асобнік рэляцыі набыты ў Стакгольме беларускім гісторыкам Андрэем Катлярчуком і копія падорана ім Музею Клеччыны).

У той жа дзень пра перамогу шведаў даведаліся ў Нясвіжы, што не магло не узмацніць трывогу ў гарнізоне замка.

Захоп Нясвіжскага замка Пасля вяртання Крэйца пад Ляхавічы і дэманстрацыі захопленых пад Клецкам трафеяў, баявы дух абаронцаў упаў і яны здаліся на міласць пераможцаў. У палон трапіла 1361 чалавек, сярод якіх былі жаўнераў і афіцэры, 9 гармат (паводле іншых звестках 7), 9 харугваў і 9 штандараў. Пры гэтым сярод палонных згадваецца 300 чалавек немцаў і палякаў, якія, відаць, складалі сталы гарнізон фартэцыі.

Даведаўшыся пра перамогу пад Клецкам, Карл ХІІ разам з эскортам у 50 чалавек 12 мая рушыў з Пінска да Крэйца ў Ляхавічы. Там ён прабыў некалькі дзён, агледзеў места бітвы ля Клецка, а пасля з сіламі Крэйца пайшоў пад Нясвіж. 20 мая а другой гадзіне дня шведы падыйшлі да Нясвіжскага замка. Шведскі кароль разам са сваімі афіцэрамі аб’ехаў фартэцыю і даслаў патрабаванне безумоўнай капітуляцыі. У выпадку, калі фартэцыя не капітулюе і будзе здабыта штурмам, Карл ХІІ пагражаў забіць і павесіць усіх абаронцаў, а замак, места і кляштары спаліць. На роздум Карл ХІІ даў толькі паўгадзіны. Нясвіж здаўся. Пасля капітуляцыі Карл ХІІ аддаў загад зраўняць з зямлёй фартыфікацыі і спаліць палац. 22 мая Карл ХІІ пакінуў Нясвіж і рушыў у Слуцк. Тамтэйшы гарнізон у 500 чалавек не аказаў супраціву шведам. Пагасцяваўшы ў Слуцку да 23 красавіка Карл ХІІ загадаў Крэйцу расплавіць слуцкія гарматы калібрам больш за 8 фунтаў і а шостай гадзіне ўвечары з некалькімі людзьмі ад’ехаў у ПінскВолкaў Мікола. Нясвіжскі замак у Вялікай Паўночнай вайне // Вялікае Княства Літоўскае: Права. Вайна. Дыпламатыя. / Пад рэд. С. Ф. Сокала, А. М. Янушкевіча. — Мінск : БІП — Інстытут правазнаўства, 2012. — С. 219—238.. Палкоўнік Крэйц яшчэ нейкі час заставаўся ў Нясвіжы, выконваючы атрыманыя наказы, потым, разбурыўшы замак і адпусціўшы на волю ўвесь гарнізон з камендантам, рушыў на злучэнне з асноўнымі сіламі. Карл ХІІ дачакаўся атрада на чале з Крэйцам і 2 чэрвеня распачаў паход на Валынь.

Руйнаванне радзівілаўскіх маёнткаў атрадамі пад кіраўніцтвам Крэйца захавалася ў мясцовай гістарычнай памяці і забяспечыла яму месца ў беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч падкрэсліваў яго ўпартасць і жорсткасць:

Прагнасць Густава Крэйца ня ведае межаў, Дзень і ноч б’е з гарматаў па мурох і па вежахКатлярчук Андрэй. Шведы ў гісторыі і культуры Беларусі. — Мінск: Энцыклапедыкс, 2002. — С. 209..У 1706 годзе атрымаў званне генерал-маёра ад кавалерыі.

Палон пасля Палтаўскай бітвы Пасля капітуляцыі шведскай арміі пад Перавалочнай ў 1709 годзе паланёнага Крэйца павезлі ў Палтаву, а затым у Маскву, дзе ён прыняў удзел у трыумфальным шэсці, арганізаваным Пятром I. Пасля гэтага, разам са сваім сынам Лорэнцам (1690—1733), які таксама трапіў у палон да рускіх, знаходзіліся ў Табольску.

На працягу трынаццацігадовага палону рупліва працаваў над згуртаваннем палонных каралінаў. Пасля смерці першага міністра Карла XII графа Карла Піпера, які ўзначальваў саюз шведскіх ваеннапалонных у Расіі, Карл Крэйц заняў яго месца і спрабаваў пад уплывам піетызма распаўсюдзіць «сардэчнае хрысціянства» на іх і на навакольнае рускае насельніцтва. З двума найбольш значнымі прадстаўнікамі піетызма Ф. Спенерам і А. Франке ён актыўна ліставаўся.

Астатнія гады Пасля падпісання Ніштатскага мірнага дагавора (1721) Крэйц вярнуўся ў Швецыю ў 1722 годзе. Перад гэтым, ён атрымаў у 1720 годзе званне генерал-лейтэнанта, і генерала кавалерыі 1722 годзе. У Швецыі прыняў пад сваё камандаванне новы Лейб-гвардыі кавалерыйскі полк, створаны назамен загінулага пад Палтавай, і займаў гэтую пасаду амаль да смерці.

Сям’я і спадчына Двое яго братоў сталі губернатарамі — Лорэнц Крэйц (малодшы) і Юхан Крэйц. Юхан быў пачынальнікам графскай галіны роду Крэйцаў.

Карл Густаў Крэйц быў жанаты з Сафіяй Крысцінай Нат-о-Даг, дачкой дарадцы Дэпартамента дзяржаўных збораў Густава Персана. Праз гэты шлюб атрымаў маёнтак Тэкхамар паблізу Нючэпінга. Калі ў 1733 годзе памёр іх сын Лорэнц, маёнтак перайшоў яго сястры Беаце і яе мужу Фрэдэрыку Розенхану. Яны перанеслі рэшткі Карла Густава Крэйца і яго жонкі Сафіі з Рыдархольмскай царквы ў Стакгольме ў царкву Хусбю-Опунда ў Седэрманландзе.

Асабліва цікавыя для гісторыкаў лісты Карла Густава Крэйца да яго жонкі Сафіі, дзе апісаны ход баявых дзеянняў падчас «рускай кампаніі» Карла XII.

Літаратура Svenskt Biografiskt Lexikon, artikeln Carl Gustaf Creutz Nils Bohman, Torsten Dahl. Svenska män och kvinnor. Stockholm, Albert Bonniers förlag, 1942—1955

Катэгорыя:Удзельнікі Паўночнай вайны