Кахін Мірзалі аглы Абілаў (Мірзалізадэ; 16 сакавіка 1968, Сальян, Азербайджанская ССР, СССР — 25 мая 2020, Мінск, Беларусь) — талышскі і беларускі грамадска-палітычны дзеяч, мецэнат, прадпрымальнік. Дзеяч талышскага нацыянальнага руху.
Біяграфія Кахін Мірзалі аглы Абілаў (Мірзалізадэ) нарадзіўся ў сям’і галоўнага інжынера-землеўпарадкавальніка мясцовага райвыканкама Мірзалі Абілава (1935−1995) і Гюлдасты Агаевай (1942−2018). У 1974 годзе ў сувязі з новым прызначэннем бацькі сям’я пераехала спярша ў Нефтэчалу, а пасля — у родную вёску Кюлятан у Масалінскім раёне.
У 1985 годзе з адзнакай скончыў Кулятанскую сярэднюю школу, паступіў у Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут. У 1986—1988 гадах праходзіў вайсковую службу ў Архангельску, пасля чаго вярнуўся да навучання і перавёўся ў Беларускі політэхнічны інстытут у Мінску.
У гады перабудовы з’яўляўся сябрам Беларускага Народнага фронту, а таксама Сацыял-дэмакратычнай партыі Азербайджана. Публікаваўся ў азербайджанскай газеце «Істыглал» і ў беларускім друку, дзе выступаў у абарону інтарэсаў азербайджанскай дыяспары, паведамляў пра палітычны пераслед у Азербайджане, асвятляў Карабахскую вайну. У 1990 годзе адлічаны з інстытута галоўным чынам за сваю палітычную дзейнасць.
У 1992 годзе Кахін узначаліў групу журналістаў з Беларусі і Японіі, якая накіравалася ў Агдам дзеля асвятлення ваенных падзей Карабахскай вайны.
У 1992 годзе разам з іншымі 12 аднадумцамі стварыў дабрачыннае таварыства «Бабек». Яно было створана з мэтай умацавання і развіцця культурных, эканамічных і палітычных сувязяў між Азербайджанам і Беларуссю і брала ўдзел у арганізацыі паездкі карабахскіх дзяцей разам з дзецьмі чарнобыльскіх перасяленцаў у Германію.
Разам з беларускім паэтам Рыгорам Барадуліным падрыхтаваў зборнік перакладаў талышскай паэзіі на беларускую мову (не выдадзены).
Займаўся будаўнічым бізнесам, валодаў кампаніяй «Сімург Арт», якая ўдзельнічала ў пабудове царквы Святога Міхаіла Арханёла ў Жодзіне, татарскай мячэці ў Смілавічах, татарскага малітоўнага дома ў Маладзечне, цэнтральнай мячэці Мінска, рэканструкцыі мячэці ў Іўі і сінагогі ў Слоніме.
Падтрымліваў выданне талышскіх газетаў і кніг, быў адным з заснавальнікаў Міжнароднай фундацыі адраджэння талышскай культуры, талышскай нацыянальнай акадэміі. Займаўся таксама праваабарончай дзейнасцю: падтрымліваў талышскіх дзеячаў, якія зазналі пераслед у Азербайджане.
Памёр у маі 2020 года ад сардэчнай недастатковасці. Пахаваны ў роднай вёсцы Кюлятан (Азербайджан).
Сям’я Ажаніўся ў 1990 годзе. Меў сына , вядомага стэндап-коміка, і дачку Арзу.
Спасылкі Старонка УКантакце
Катэгорыя:талышскі нацыянальны рух Катэгорыя:Памерлі ад сардэчнай недастатковасці Катэгорыя:Грамадскія дзеячы Беларусі Катэгорыя:Прадпрымальнікі Беларусі