Hrodna.life — гродзенскае гарадское недзяржаўнае анлайн-медыя. Пачало працу 10 кастрычніка 2016 года ў выніку рэбрэндынгу ранейшага выдання «Твой стыль». Выходзіць на беларускай і рускай мовах, піша на грамадска-палітычную, культурніцкую, краязнаўчую тэматыку.
Гісторыя Сайт Hrodna.life быў створаны камандай, якая ў 2007—2016 гадах працавала ў выданні «Твой стыль». Першыя думкі пра рэбрэндынг з’явіліся яшчэ ў 2012 годзе, калі стала зразумела, што ранейшая платформа для моладзевай журналістыкі і практыкі маладых журналістаў ужо перарасла ранейшыя мэты і планы.
Выданне ставіць сваёй мэтай асвятляць дасягненні і праблемы Гродна і гродзенцаў, публікаваць ідэі і дыскусіі, як зрабіць горад лепшым, публікаваць унікальныя гістарычныя і краязнаўчыя матэрыялы, а таксама ствараць «супольнасць неабыякавых гродзенцаў». На сайце публікуюцца аўтарскія навіны і кампіляцыі, артыкулы, рэпартажы, інтэрв’ю, агляды і г. д.
Уваходзіць у склад «Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы „Аб’яднаныя Масмедыі“». У 2019 годзе ў конкурсе, арганізаваным асацыяцыяй, Hrodna.life быў названы найлепшым рэгіянальным сайтам Беларусі.У 2020 годзе ў тым жа конкурсе Hrodna.life перамог у намінацыі «Найлепшае рэгіянальнае медыя».
Адным з твараў выдання быў рэпарцёр Руслан Кулевіч, якога называлі «самым хуткім журналістам Гродна». За свае краязнаўчыя матэрыялы, апублікаваныя на Hrodna.life, у 2020 годзе ён стаў лаўрэатам Прэміі імя Юзафа Ядкоўскага.
Выдавецкая і грамадская дзейнасць У 2018—2020 гадах рэдакцыя Hrodna.life выдала ў Гродне тры кнігі:
Руслан Кулевіч. Горад адзін, успаміны розныя. Гродна 1930-40-х вачыма жыхароў. — Гродна: ЮрСаПрынт, 2018. Руслан Кулевіч. Гісторыі з гродзенскіх вуліц. Гродна 1930-40-х вачыма жыхароў. Працяг. — Гродна: ЮрСаПрынт, 2019. Ірына Новік, Андрэй Вашкевіч, Гарадзенкі. Жаночы след у гісторыі Гродна. Жаночыя гісторыі сучаснага Гродна. — Гродна: ЮрСаПрынт, 2020.
Выданне эксперыментавала з выданнем папяровага часопіса і настольных гульняў. Выйшаў адзін выпуск часопіса і адна гульня, якія часткова разыйшліся, але частка наклада была канфіскаваная міліцыяй у час агляду ў рэдакцыі. Таксама рэдакцыя праводзіла для чытачоў майстар-класы, экскурсіі, круглыя сталы і канферэнцыі па грамадска значных тэмах, кінапрагляды, выставы, дапамагала ствараць аўдыёгід па гродзенскім гета. Рэдакцыя актыўна камунікавала з гарадской адміністрацыяй і арганізоўвала грамадскія кампаніі па важных пытаннях: вяртання гістарычных назваў вуліц, захавання драўлянай архітэктурнай спадчыны і інш. Падтрымлівала інфармацыйна грамадскія ініцыятывы і няўрадавыя арганізацыі.
Прэзентацыі кніг і іншыя мерапрыемствы рэдакцыі праходзілі ў «Цэнтры гарадскога жыцця», які знаходзіўся па суседстве з офісам выдання ў будынку па вуліцы Кірава, 3.
Палітычны пераслед рэдакцыі Журналісты Hrodna.life асвятлялі прэзідэнцкія выбары 2020 года і акцыі пратэсту, што адбываліся пасля іх. У час акцый журналістаў затрымлівалі, а рэпарцёру Руслану Кулевічу паламалі рукі. З-за пагроз яму прыйшлося пакінуць Беларусь.
Актыўная фаза пераследу рэдакцыі пачалася ў студзені 2021 года, калі ў офісе выдання прайшоў агляд, была канфіскаваная тэхніка, заведзеная справа за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».
30 траўня 2021 года быў затрыманы галоўны рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота. Яго абвінавацілі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. У той жа дзень па той жа справе міліцыя прыйшла да рэдактаркі спецпраектаў выдання Ірыны Новік. Юрыдычная асоба і асобныя журналісты былі аштрафаваныя за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 17.11 КаАП у рэдакцыі 2003 г. і арт. 19.11 КаАП у рэдакцыі 2021 года) на агульную 27 550 рублёў. За 2021—2022 гг. сацыяльныя сеткі выдання былі прызнаныя судамі экстрэмісцкімі матэрыяламі, сайт заблакаваны ў Беларусі, юрыдычная асоба выдання ТАА «Гродна Лайф Медыя» ліквідаваная па ініцыятыве пракуратуры.
Паводле рашэння КДБ Беларусі ад 11 лістапада 2022 года выданне Hrodna.life было прызнана экстрэмісцкім фармаваннем. Рэдакцыя працягвае працу, знаходзячыся ў эміграцыі.
Узнагароды
Творчы конкурс БАЖ «Вольнае слова»: 2025 — Анастасія Шпак — другое месца ў намінацыі «Аналітычныя жанры» за артыкул «Железный занавес» опустился под Гродно: что несет закрытие границ белорусской экономике и обществу».
Крыніцы
Спасылкі
Telegram-канал YouTube-канал Старонка Facebook Старонка Instagram Старонка Укантакце
Катэгорыя:Сайты паводле алфавіта Катэгорыя:Беларускія інтэрнэт-СМІ Катэгорыя:Сайты, якія з’явіліся ў 2016 годзе Катэгорыя:Аб’яднаныя Масмедыі Катэгорыя:Беларуская мова ў інтэрнэце Катэгорыя:Сродкі масавай інфармацыі Гродна Катэгорыя:Цэнзура ў Беларусі