Партызанская брыгада імя С. М. Кірава — партызанская брыгада, створаная ў чэрвені 1943 года з атрадаў, вылучаных Ленінскай партызанскай брыгадай. Дзейнічала на акупіраванай тэрыторыі Лідскага, Навагрудскага, Іўеўскага і Воранаўскага раёнаў. 7 ліпеня 1944 года брыгада (1028 партызан, 7 атрадаў) злучылася з Чырвонай Арміяй. Камандзіру брыгады Сінічкіну было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Склад Брыгада была створана на базе атрадаў імя Варашылава, «Іскра» (арганізаваны ў лістападзе 1942 года на базе груп А. І. Феакцістава, А. Ярмолава і В. А. Дзямідава), «Кастрычніцкі» (арганізаваны ў красавіку 1942 года, як 96-ы атрад дзейнічаў у Навагрудскім і Дзятлаўскім раёнах) і «Балтыец» (арганізаваны ў маі 1943 года), вылучаных Ленінскай партызанскай брыгадай. У лістападзе 1943 года атрад імя Варашылава быў разгорнуты ў партызанскую брыгаду імя К. Я. Варашылава.

На момант злучэння з Чырвонай Арміяй у склад брыгады ўваходзілі: атрад «Іскра»; атрад «Кастрычніцкі»; атрад «Балтыец»; атрад «Арол»; атрад імя Арджанікідзэ; атрад «За Савецкую Беларусь».

Камандаванне Камандзіры Ф. М. Сінічкін; С. П. Васільеў.

Камісар С. М. Кандакоў.

Начальнікі штаба П. І. Смірноў; С. П. Васільеў; М. А. Пракаповіч.

Гісторыя У ліпені — снежні 1943 года партызаны разграмілі 7 паліцэйскіх участкаў, 20 валасных упраў, 38 маёнткаў, 20 верасня на чыгуначных участках Гаўя — Юрацішкі, Наваельня — Яцукі падарвалі больш за 330 рэек. 29 кастрычніка на станцыі Наваельня захапілі маняўровы цягнік і накіравалі яго на эшалон; у выніку былі разбіты паравоз і 8 вагонаў. У снежні на чыгуначных участках Ліда — Баранавічы і Ліда — Маладзечна зрабілі 8 дыверсій. Правялі 8 баёў, знішчылі 5 аўтамашын, захапілі 2 аўтамашыны, 2 кулямёты, 15 вінтовак. У студзені 1944 года правялі бой каля райцэнта Іўе, захапілі 25 вінтовак, 2 кулямёты, 3 аўтамашыны, праціўнік страціў шмат салдат. У час прарыву блакады партызанскага злучэння Шчучынскай зоны разграмілі гарнізон у пасёлку Бярозаўка (шклозавод «Нёман»), разбурылі воданапорную вежу і паваротнае кола на станцыі Ліда. У ліпені 1944 года да прыходу Чырвонай Арміі ўтрымлівалі пераправу цераз Нёман.

Памяць у 1965 годзе ў Лідзе ў гонар брыгады была пастаўлена стэла; у 1969 годзе ў вёсцы Бакшты Іўеўскага раёна ў гонар брыгады быў пастаўлены абеліск.

Літаратура

Катэгорыя:Савецкія партызанскія злучэнні, брыгады і атрады на акупіраванай тэрыторыі Беларусі (1941—1944) Катэгорыя:З’явіліся ў 1944 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1944 годзе