Мікалай Міхайлавіч Селяшчук (, в. Велікарыта, — , ) — беларускі мастак.
Біяграфія Вучыўся ў мастацкай студыі ў Брэсце пад кіраўніцтвам П. А. Данеліі, Мінскім мастацкім вучылішчы (1965—1970, аддзяленне жывапісу). Пасля службы ў Савецкай арміі, скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1970—1976, кафедра графікі) у П. К. Любамудрава, В. П. Шаранговіча. Член Беларускага саюза мастакоў (з 1977).
Патануў у Тырэнскім моры падчас паездкі ў Італію. Пахаваны на могілках у Камяніцы-Жыравецкай.
Творчасць Працаваў у станковай і кніжнай графіцы, станковым жывапісе, жывапісе і экслібрысе.
Першыя гады творчасці прысвечаныя графіцы, М. Селяшчук стварыў вялікую колькасць станковых работ і кніжных ілюстрацый. У 1980-я г. выйшлі аформленыя ім дзіцячыя кнігі: зборнік народных казак «Бацькаў дар», асобнае выданне казкі «Прагны багацей», кніга вершаў Р. Барадуліна «Індыкала-Кудыкала». Значнай працай М. Селяшчука гэтага кірунку стала афармленне паэмы Я. Коласа «Сымон-музыка» (1990). М. Селяшчук таксама аздобіў кнігі паэзіі «Слухаю сэрца», «Такое кароткае лета» Р. Баравіковай, «Пара любові і жалю» Я. Янішчыц, «Усміхніся мне» Я. Сіпакова, «Скарб» З. Бядулі і інш.
Адметнымі рысамі стылістыкі жывапісных кампазіцый аўтара з’яўляюцца разгорнутая апавядальная алегорыя, ёмістая метафара, сімволіка. М. Селяшчук імкнуўся да стварэння вобразаў-ідэй, а яго карціны, па словах крытыкаў, нагадваюць тэатр. Мастак выкарыстоўваў элементы сюррэалізму, фантасмагорыю і гратэск. Кніжная графіка мастака насычана дэкаратыўнымі дэталямі, фантастычнымі выявамі, прадметамі побыту і адзення.
Удзельнічаў у выстаўках з 1966 года. У канцы 1970 — пачатку 1980-х гадоў актыўна выстаўляў жывапісныя працы. У 1987 г. у Гродна адбылася персанальная выстаўка. Творы экспанаваліся ў Расіі, Літве, Эстоніі, Азербайджане, Венгрыі, Польшчы, Балгарыі, Чэхіі, Славакіі, Італіі, Канадзе, ЗША, Грэцыі, Іспаніі, Інданезіі, Бельгіі, Францыі, Шры-Ланке, Японіі, Фінляндыі, Германіі, Англіі, Партугаліі.
У верасні 2012 года, да 65-годдзя з дня нараджэння мастака, яго творы былі паказаны на персанальнай выстаўцы «Мікалай Селяшчук (1947–1996). Паміж святлом і ценем», Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.
Жывапіс і графіка М. Селяшчука захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі, калекцыі Беларускага саюза мастакоў, Магілеўскага абласнога мастацкага музея імя П. В. Масленікава, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве, Музеі сучаснага мастацтва Экватарыяльнай Гвінеі, Галерэі Костакі ў Афінах (Грэцыя), Галерэі Хагельстам у Хельсінкі (Фінляндыя), Салоне Світа Капланскага ў Таронта (Канада), Гандлёва-прамысловым цэнтры Мінеапаліса (ЗША), у Музеі сучаснага рускага мастацтва ў Нью-Джэрсі (ЗША) і інш., а таксама прыватных калекцыях Беларусі, Грэцыі, Францыі, Фінляндыі, Канады, ЗША, Ізраіля, Літвы, Чэхіі, Славакіі, Расіі, Германіі.
Узнагароды і прэміі Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (1992) за серыю графічных лістоў «Святы» («Каляды», «Гуканне вясны», «Вербніца»), цыкл карцін «Мая Беларусь», ілюстрацыі да кніг «Сымон-музыка» Я. Коласа і «Сказки белорусских писателей»). Узнагароджаны 18 дыпломамі і прэміямі рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных конкурсаў кнігі. За малюнкі да казак беларускіх пісьменнікаў узнагароджаны залатым медалём і дыпломам біенале кніжнай ілюстрацыі ў Браціславе (1989).
Літаратура
Мікола Селяшчук. Гучанне музыкі нябёсаў: успаміны, эсэ, дзённікі / укладальнік Н. Шаранговіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2007. — 335 с. — (Мастакі Беларусі) — 1500 экз. — ISBN 978-985-02-0941-2. Міронава Л. Мікалай Селяшчук: добры чараўнік з Беларусі. — Мінск : Харвест, 2016. — 63 с. — (100 выдатных дзеячаў беларускай культуры) — 500 экз. — ISBN 978-985-18-3957-1. Баравікова Р. А. Ён хацеў намаляваць гук / Р. Баравікова // Маладосць. 2004. № 7. С. 138—143. Каваленка В. Палёт над прасторам і часам / В. Каваленка // Мастацтва. 1997. № 8. С. 38.
Спасылкі М. М. Селяшчук. Ілюстрацыі да літаратурных выданняў
Катэгорыя:Выпускнікі Беларускай акадэміі мастацтваў Катэгорыя:Члены Беларускага саюза мастакоў Катэгорыя:Мастакі Беларусі Катэгорыя:Графікі Беларусі Катэгорыя:Графікі паводле алфавіта Катэгорыя:Патанулі Катэгорыя:Экслібрысісты Беларусі