Мікіта Мелказёраў (; ) — беларускі журналіст, відэаблогер, найбольш вядомы як аўтар і вядучы ютуб-каналаў «Жыццё-маліна», прысвечанага інтэрв’ю з грамадскімі і культурнымі дзеячамі і «Загляне сонца», прысвечанага гісторыі Беларусі.

Біяграфія

Раннія гады. Вучоба Нарадзіўся ў Хабараўску (РСФСР). У 1993 годзе, ва ўзросце пяці гадоў, маці адправіла Мікіту ў Мінск да дзядулі і бабулі, а сама вярнулася ў Хабараўск, каб скончыць магістратуру і аформіць развод. Бацька, які ў савецкі час быў лідарам хабараўскага камсамола, а пасля заняўся бізнесам, застаўся ў Расіі. Сувязь з ім была канчаткова страчана, калі Мікіту было 11 гадоў. Выхаваннем Мікіты займаліся маці і бабуля, Марсельеза Серапіёнаўна, якая працавала загадчыцай дзіцячага садка.

Да 10-га класа займаўся футболам у ДзЮСШ. У юнацтве сутыкнуўся з алкагольнай залежнасцю, здолеў пераадолець яе і трымаўся цвярозага ладу жыцця.

У 2012 годзе скончыў факультэт журналістыкі БДУ.

Журналісцкая дзейнасць Прафесійную кар’еру пачынаў як спартыўны аглядальнік. Працаваў у газеце «Всё о футболе», пазней стаў журналістам і рэдактарам на інтэрнэт-партале «Трыбуна» (by.tribuna.com). Пасля перайшоў у медыяхолдынг Onliner.by, дзе спецыялізаваўся на вялікіх тэкставых інтэрв’ю і рэпартажах.

У 2019 годзе пачаў развіваць відэафармат, стаўшы вядоўцам YouTube-праекта «MelkazeRaw», дзе гутарыў пераважна са спартсменамі.

YouTube-канал «Жыццё-маліна»

У чэрвені 2020 года запусціў аўтарскі YouTube-канал «Жыццё-маліна» грамадска-палітычнага і культуралагічнага фармата. Мелказёраў запісваў інтэрв’ю з вядомымі беларусамі, сярод якіх былі палітыкі, дзеячы культуры, літаратары.

У 2022 годзе запусціў дадатковы фармат — падкаст «Slodky Stony», прысвечаны абмеркаванню беларускай ідэнтычнасці і бягучых падзей. Выйшла пяць выпускаў.

У 2023 годзе запусціў аўтарскі праект «Загляне сонца» (@zahlianie_sonca) — гістарычны падкаст, асноўнымі тэмамі якога была гісторыя Беларусі і Расіі, разбор міфаў прапаганды, крытыка гістарычных постацей і падзей.

Спачатку назва праекта была «Кайлі Міндоўг». Мелказёраў абвясціў, што пачынае новы гістарычны праект, назва якога аб’ядноўвае імя аўстралійскай спявачкі і першага ўладара Вялікага Княства Літоўскага. Аднак адразу па анонсе ў Instagram дызайнерка Караліна Палякова заявіла, што ідэя назвы належыць ёй. Пасля скандалу Мелказёраў вымушаны некалькі разоў прабачацца і паведаміць пра рэбрэндынг. Пазней ў эфіры «Еўрарадыё» блогер сказаў, што цяпер працоўная назва — «Чорная панда Нясвіжа», які прапанаваў кінакрытык Тарас Тарналіцкі, а Мелказёраў спытаўся дазволу на выкарыстанне. Але ўрэшце праект пачаў выходзіць пад назвай «Загляне сонца».