Маіаа (; , літаральна «кіпцюр птушкі») — востраў у Французскай Палінезіі. Уваходзіць у групу Наветраных астравоў Таварыства. Плошча — 9 км². Насельніцтва (2012 г.) — 335 чалавек.

Геаграфія Маіаа месціцца за 105 км на захад ад Таіці. Уяўляе сабою вапняковае плато на падводным узвышшы вулканічнага паходжання. Найвышэйшы пункт — 154 м. Даўжыня з поўдня на поўнач — 5,5 км, найбольшая шырыня з захаду на ўсход — 4,25 км. Берагі атачае каралавы рыф. Два ўнутраныя возеры Рота-Іці і Рота-Рахі надзвычай салёныя, населеныя салялюбнымі арганізмамі, якія надаюць азёрнай вадзе блакітны і зялёны колеры.

Гісторыя У мінулым востраў Маіаа меў назву Тубуаі-Ману і, відавочна, быў населены выхадцамі з Тубуаі. Паводле падання, некаторы час ім кіраваў правадыр Тэраатафету, які займаўся людажэрствам, за што быў забіты падданымі. Пазней уладу атрымалі нашчадкі манархаў з Хуахінэ.

Маіаа быў адкрыты ў 1767 г. брытанскай экспедыцыяй на чале з С. Уолісам. У 1897 г. далучаны да каланіяльных валоданняў Францыі.

У 1920-я гг. сюды пераехаў брытанец Эрык Лоўфард Троўэр. Ён вырашыў авалодаць востравам, каб арганізаваць на ім здабычу фасфатаў, для чаго пачаў гандляваць з астравіцянамі еўрапейскімі таварамі, у тым ліку алкагольнымі напоямі ў крэдыт. Сярод яго даўжнікоў апынуўся правадыр Ну’у-а-Тауніўа. У 1928 г. Э. Л. Троўэр адсудзіў у яго ўчастак, які займаў большую частку Маіаа. Астравіцяне звярнуліся за дапамогай да французскага губернатара ў Папеэтэ. У 1934 г. гандляр быў вымушаны пакінуць востраў, яго зямельная маёмасць перайшла да каланіяльнай адміністрацыі і пазней была перададзена кааператыву, створанаму тубыльцамі. У 1936 г. быў выдадзены загад, які забараняў іншаземцам знаходзіцца на Маіаа болей за 48 гадзін і абмяжоўваў продаж алкаголю. У 1989 г. загад быў адноўлены толькі з некаторымі папраўкамі.

Спасылкі Maiao: The forbidden island of French Polynesia Comment Maiao est devenue «l’île interdite» The French island of Maiao stands out in the Pacific Ocean Taraatafetu, le chef cannibale de l’île de Maiao

Катэгорыя:Астравы Таварыства Катэгорыя:Астравы Ціхага акіяна