Заслаўскія або Жаслаўскія — княжацкі род герба «Астрог» зменены (страла над паўкальцом заменена на крыж), галіна князёў Астрожскіх.
Юрый Васілевіч (каля 1430 — каля 1500) — малодшы брат князя Івана Васілевіча Астрожскага, пры падзеле бацькоўскай спадчыны атрымаў Заслаўе на Валыні (цяпер Ізяслаў Хмяльніцкай вобласці Украіны). Нашчадкі князя Юрыя тытулаваліся князямі Заслаўскімі. Асноўная іх дзейнасць звязана з Украінай.
Да Беларусі мелі дачыненне ў 2-й палове 16 ст. дзеці Кузьмы Іванавіча (каля 1500—1562), жанатага з княгіняй Настассяй Юр’еўнай Гальшанскай-Дубровіцкай. Іх дзеці ў 1556 годзе пры падзеле спадчыны згаслага роду князёў Гальшанскіх атрымалі палову Глуска ў Новагародскім і Рычаў у Пінскім павеце.
Януш Кузьміч (каля 1530—1567) пакінуў сына Януша (каля 1550—1629). Ганна Кузьмінічна (? — 1582), жонка князя Івана Фёдаравіча Чартарыйскага, у 1581 годзе адкупіла ў пляменніка долю ў названых маёнтках, якія потым адышлі да князёў Чартарыйскіх.
Нашчадкі Януша Янушавіча жылі да 1677 года.
Літаратура
https://www.academia.edu/resource/work/176149487 Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. — Warszawa, 1895. — S. 594—605.
Спасылкі