Барыс Рафаілавіч Тасман () — беларускі журналіст, спартыўны аглядальнік, аналітык і публіцыст.

Аўтар праблемных публікацый і журналісцкіх расследаванняў пра спартыўную галіну Беларусі, гісторык спорту.

Біяграфія Нарадзіўся 13 лістапада 1954 года ў Мінску ў яўрэйскай сям’і. Маці Рыва Яўсееўна (Плоц) — карэнная мянчанка, падчас Другой Сусветнай вайны страціла на фронце бацьку і двух братоў. Працавала ў Мінску бухгалтаркай. Бацька, дзед і прадзед — ураджэнцы мястэчка Лебедзева Маладзечанскага раёна. Бацька Рафаіл Мееравіч — ветэран і інвалід вайны, 40 год адпрацаваў на мінскім заводзе «Ударнік». Адна з сясцёр бацькі і яго цётка загінулі ў Мінскім гета ў 1942 годзе.

Скончыў мінскую сярэднюю школу № 23. Вучыўся ў Беларускім політэхнічным інстытуце, але яго не скончыў. Працаваў грузчыкам на Паліграфкамбінаце імя Якуба Коласа, рабочым у зборачным цаху заводу «Ударнік», у лабараторыі Белдзіправадгасу. У 1980 годзе скончыў вячэрняе аддзяленне геаграфічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

З 1981 года па 1994 год — настаўнік геаграфіі ў мінскіх школах № 117 і 46. Стварыў у СШ № 46 першы ў Мінску школьны музей касманаўтыкі (1987—1994), які адкрываў беларускі касманаўт Уладзімір Кавалёнак.

Памёр 25 чэрвеня 2022 года ў Мінску ад анкалагічнай хваробы.

Журналістыка З дзяцінства цікавіўся спортам, «марыў пра спартыўную журналістыку». 5 студзеня 1993 года першая незалежная спартыўная газета Беларусі «Прессбол» апублікавала дэбютны артыкул 38-гадовага Тасмана, тады яшчэ настаўніка геаграфіі — пра рэформу футбольнага чэмпіянату краіны.

З 1994 года па 1997 год — штатны супрацоўнік газеты «Прессбол», у якой асвятляў футбол, лёгкую атлетыку, тэніс, барацьбу, дзюдо, фехтаванне, шахматы ды іншыя алімпійскія віды спорту.

У 1997—1998 гадах — спартыўны аглядальнік самай масавай на той час незалежнай грамадска-палітычнай газеты Беларусі «Свабода». З 1999 года па 2002 год — рэдактар аддзелу спорту «Белорусской деловой газеты». Працаваў штатным аглядальнікам «Белорусской газеты» (2002), быў рэгулярным аўтарам часопісаў «Кур’ер», «Дело», Belarus&Business, «Белорусский ежегодник», газет «Беларускі час», «Известия», «Салідарнасць». У 2002−2020 гадах — аглядальнік «Прессбола», курыраваў у рэдакцыі алімпійскія віды спорту.

У розныя гады — аўтар цыклаў публікацый пра гісторыю Алімпійскіх гульняў, шматлікіх інтэрв’ю з славутымі беларускімі спартоўцамі, трэнерамі, функцыянерамі розных эпох, якія складаюць летапіс беларускага спорту. Аўтар праблемных аналітычных тэкстаў і журналісцкіх расследаванняў аб спартыўнай галіне Беларусі.

З месца падзей асвятляў чэмпіянаты свету і Еўропы ў лёгкай атлетыцы ў Гётэборгу (1995), Парыжы (1997), Будапешце (1998), Маскве (2013) ды інш. На грамадскіх пачатках выконваў ролю прэс-аташэ Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі (2005—2006). Сышоў з пасады пасля таго, як дзейнасць новага кіраўніцтва федэрацыі страціла празрысты характар.

Падчас працы ў «Белорусской деловой газете» пісаў артыкулы на сацыяльна-палітычную тэматыку з крытыкай палітыкі ўладаў Беларусі. Вёў аўтарскую публіцыстычную калонку на сайце інфармагенцтва БелаПАН Naviny.by.

У 1997 годзе ён быў сярод больш чым 100 вядомых беларускіх апазіцыйных палітыкаў, праваабаронцаў, культурных дзеячаў і журналістаў, якія падпісалі дэкларацыю «Хартыі-97», грамадскай ініцыятывы, «скіраванай на аднаўленне законнасці на аснове Канстытуцыі 1994 года».

Выступаў у друку не толькі пад сваім прозвішчам, але і пад псеўданімамі Сямён Плоц, Міхась Мошын.

Даробак Барыса Тасмана называлі «адным з найбольш аўтарытэтных знаўцаў спорту» ў Беларусі, «легендай беларускай спартыўнай журналістыкі» </blockquote> . Быў вядомы «энцыклапедычнымі ведамі ў галіне спартыўнай гісторыі і статыстыкі», ягоная спартыўная аналітыка «стала асобнай з’явай у беларускай журналістыцы».

«Тасман памятаў усё на свеце. Не ведаю, хто яшчэ можа гэтаксама любіць спорт, як ён. Гэтаксама разбірацца ва ўсіх алімпійскіх відах спорту, сачыць, ведаць напамяць рэкорды. А самае галоўнае — рэчы, якіх няма нават у гугле. Прычым дзяліцца ўсімі гэтымі ведамі ахвотна, з радасцю, чакаючы, што можа атрымацца добры матэрыял». Андрэй Вашкевіч'

Барыс Тасман першым прапанаваў і цягам доўгіх гадоў абгрунтоўваў канцэпцыю рэформы чэмпіянату Беларусі па футболе, якая была прынята Беларускай федэрацыяй футбола праз 20 гадоў.

У сваіх публікацыях зафіксаваў і прадказаў поспех будучых зорак спорту тэнісістаў Максіма Мірнага, Уладзіміра Ваўчкова, Уладзіміра Самсонава, лёгкаатлеткі Юліі Несцярэнка ды інш. Адстойваў правы Несцярэнкі і яе трэнера Віктара Ярашэвіча падчас канфлікту з чыноўнікамі, калі спрынтарка была ў кроку ад завяршэння кар’еры — усяго за паўтара году да алімпійскай перамогі ў Афінах-2004 .

Пасля публікацый Тасмана былі вернуты з забыцця і рэабілітаваны імёны славутых беларускіх спартоўцаў — фехтавальшчыка Аляксея Ніканчыкава і стралка Ігара Бакалава ; заснаваныя мемарыяльныя спаборніцтвы памяці Ніканчыкава, Мечыслава Аўсяніка, Сяргея Хамчука.

Паслядоўна выступаў супраць сістэмнага ўжывання допінгу ў беларускім спорце, крытыкаваў палітыку завозу ў Беларусь расійскіх спартоўцаў — на шкоду развіцця нацыянальных спартыўных школ і традыцый, выкрываў праявы карупцыі з боку чыноўнікаў і функцыянераў.

Аўтар даведніка «100 лет чемпионатов Европы по греко-римской борьбе. Справочник» (Мінск, 1998).

Крыніцы

Спасылкі «Нечто обретая, мы должны что-то отдавать». Правила жизни Бориса Тасмана Аўтарская рубрыка Б. Тасмана «Остров Тасмания» ў газеце «Прессбол» Аўтарская калонка Б. Тасмана «Марафон» на сайце Naviny.by «Друг народа». Відэаінтэрвію Б. Тасмана PressballTV, 3.11.2014

Катэгорыя:Журналісты Беларусі Катэгорыя:Спартыўныя журналісты Катэгорыя:Педагогі Беларусі Катэгорыя:Касманаўтыка Беларусі