Character.ai (ад — персанаж, асоба) — чат-бот з генератыўным штучным інтэлектам, створаны Ноамам Шазірам і Даніэлем Дэ Фрэйтасам — былымі працаўнікамі Google і распрацоўшчыкамі мадэлі LaMDA. Вэб-праграма можа генераваць тэкставыя адказы, падобныя да чалавечага пісьма, і ўдзельнічаць у кантэкснай гутарцы. Бэта-мадэль была выкладзена ў сеціва ў публічны доступ ў верасні 2022 года.
Праз Character.ai карыстальнікі могуць ствараць «персанажаў» з пэўнымі «асобамі», усталёўваць пэўныя параметры, а затым публікаваць іх для доступу іншых карыстальнікаў. Персанажы могуць быць як арыгінальнымі, так і заснаванымі на канкрэтных выдуманых асобах і рэальных людзях. Некаторыя персанажы створаны з пэўнымі мэтамі, такімі як дапамога ў творчасці або вядзенне тэкставай ролевай гульні. Карыстальнікі могуць не толькі размаўляць з адным персанажам, але і арганізоўваць групавыя чаты з некалькімі з іх, якія могуць размаўляць як з карыстальнікам, так і адзін з адным.
Прынцып генеравання паведамленняў Калі персанаж дасылае свой адказ, карыстальнікі могуць ацаніць яго, выкарыстоўваючы шкалу ад 1 да 4 зорак. Акрамя гэтага, у карыстальнікаў ёсць магчымасць зазначыць прычыны, па якіх яны выбралі пэўную колькасць зорак, выбраўшы варыянты з прапанаваных дадаткам. Гэта дзеянне ў першую чаргу ўплывае на адзнаку персанажа, аднак таксама спрыяе навучанню алгарытму паводзін у цэлым. Падчас узаемадзеяння з персанажам карыстальнік таксама можа націснуць на стрэлку направа, каб штучны інтэлект згенераваў альтэрнатыўны адказ. Пасля гэтага можна прагледзець усе варыянты згенераваных паведамленняў, перамыкаючыся стрэлкай налева.
Праграма Character.ai, створаная на аснове перадавых мадэлей глыбокага навучання і пашыраных моўных мадэлей, у цяперашні час знаходзіцца ў стадыі бэта-тэставання і ўдасканальваецца. 5 лістапада 2022 года памяць, якая выдзяляецца на захоўванне размоў з карыстальнікам, была павялічана ўдвая ў параўнанні з папярэдняй, каб ШІ мог «запамінаць» больш раннія паведамленні.
«Асобы» персанажаў фарміруюцца карыстальнікам на аснове апісання, складзенага з пункту гледжання персанажа, яго прывітальнага паведамлення і шэрагу зададзеных карыстальнікам прыкладаў зносін, што ў далейшым удасканальваецца выстаўленнем адзнак падчас гутаркі і мадыфікацыі зададзеных параметраў з мэтай больш дакладнай адпаведнасці стылю і характару паведамленняў, якія жадае карыстальнік.
Стваральнікамі Character.ai не заахвочваецца стварэнне падчас працы з вэб-дадаткам «кантэнту парнаграфічнага характару», што выяўляецца ў аўтаматычным накладанні ценявой блакіроўкі на персанажаў, пры стварэнні якіх была ўжыта адпаведная лексіка. Такая палітыка выклікала негатыўную рэакцыю з боку карыстальнікаў.
Крыніцы
Катэгорыя:Выкарыстанне штучнага інтэлекту Катэгорыя:Праграмнае забеспячэнне паводле алфавіта Катэгорыя:Апрацоўка натуральнай мовы Катэгорыя:Чат-боты Катэгорыя:Праграмнае забеспячэнне, распрацаванае ў 2022 годзе