Юзаф Карп (? — ?) — ураднік Каралеўства Польскага.

Біяграфія Паходзіў са старэйшай лініі шляхецкага роду Карпаў уласнага герба «Карп». Нарадзіўся ў сям’і Яна Карпа, падстолія падляскага.

Падкаморы бельскі.

Юзаф Карп меў пляц на Азёрнай вуліцы ў Горадні, які набыў у гарадзенскага мяшчаніна Барталамея Цярлея (1680 г.). Жонка Гальшка мела пляц на вуліцы Маставой. Сужэнцы разам далі фундацыйны запіс касцёлу ў Бераставіцы Драўлянай (1663 г.).

Сям’я Першы раз ажаніўся з Гальшкай Сапежанкай (1618-да 1675 г.), дачкой менскага ваяводы Мікалая Сапегі (каля 1581—1644 г.) і Ядзвігі Ганны Вайнянкі (?-1642 г.). Дзеці:

Хрызастом. Меў двух сыноў — Яна і Францішка. Крыштаф (?-пасля 1699 г.). Валодаў Бераставіцай Мураванай. Крыштаф прадаў у 1691 годзе свой участак у Горадні падскарбію вялікаму літоўскаму Бенядыкту Паўлу Сапегу. Згадваецца ў ліку асобаў, якія ўваходзілі ў склад гарадзенскай харугвы ў 1698 г. Ён быў жанаты з дачкой гарадзенскага стольніка Дадзібога Градкоўскага і Марыяны Масальскай Ганнай. У іх нарадзілася дачка Альжбета, якая стала жонкай мсціслаўскага кашталяна Самуэля Лазовага, і сын Францішак, які прыняў манаскі сан у езуіцкім ордэне. Тэадор Лявон (?-пасля 1710 г.). Уладарыў на Бераставіцы Драўлянай, быў абраны паслом ад Бельскай зямлі ў 1674 г., займаў пасаду падляшскага падстолія. Тэадор Лявон прадаў у 1691 годзе свой участак у Горадні падскарбію вялікаму літоўскаму Бенядыкту Паўлу Сапегу. Антоні Станіслаў. Яго згадвае С. Урускі, але нічога пра яго лёс не піша. Канстанцыя.

У 1663 г. жонка Гальшка судзілася з-за пазыкі з нейкім заможным магнатам у Скарбовым Трыбунале ВКЛ. Не маючы магчымасці выйграць справу яна звярнулася да абраза Маці Божай Студэнцкай і суд прыняў рашэнне на яе карысць. Гальшка таксама звярталася за дапамогай да цудатворнага абраза Маці Божай Ружанастоцкай. У 1660 г. Ефрасіння Тышкевічовая параіла ёй ахвяраваць да абраза хворага сына Антонія, якому было тры гады, але тая адмовілася і сын памёр. Праз год, калі хварэў на гарачку старэйшы сын Хрызастом (11 год), то Гальшка ахвяравала яго Маці Божай. У 1663 г., калі старэйшы сын захварэў на болькі, яна зноў жа паехала ў Ружанасток.

Другая жонка — Ганна Карвіцкая (?-1687 г.). Першым яе мужам быў падчашы вялікі літоўскі Крыштаф Патоцкі (?-1675 г.).

Пасля смерці бацькі і мачахі Крыштаф быў выканаўцам іх апошняй волі, займаўся іх пахаваннямі. Ён быў прызначаны апякунам Антонія Станіслава і Канстанцыі. Юзаф памёр у 1687 г., мачаха была паралізавана на той час, таму ўвесь клопат лёг на плечы Крыштафа. Па жаданню бацькі і мачахі былі выдаткаваны грошы на імшу. Пахавалі іх у лютым 1688 г. Апякаваннем сястры Канстанцыі Крыштаф займаўся з 1687 па 1695 г. У гэтым годзе ён выдаў яе замуж, арганізаваў вяселле і даў пасаг. Брат Антоні Станіслаў знаходзіўся ў яго апецы ў 1687—1697 г. Грошы ішлі як на яго ўтрыманне, так і на выхаванне і адукацыю.

Судовыя спрэчкі не абышлі і гэтую сям’ю. Ваўкавыскі падчашы Казімір Карп падаў у 1696 годзе скаргу на радунскага старосту Пятра Рудаміну Дусяцкага і яго жонку Кацярыну Халецкую, падляшскага старосту Тэадора Лявона Карпа і яго жонку Канстанцыю Рудаміну за гвалтоўны наезд на маёнтак Рэпля ў 1695 г.