Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, як частка Савецкага Саюза, была ўцягнута ў супрацьстаянне сацыялістычнага і капіталістычнага блокаў у гады Халоднай вайны. Беларуская дыпламатыя актыўна падтрымлівала знешнепалітычны курс агульнасаюзнага кіраўніцтва па пытанні барацьбы з Захадам.
У рамках гіпатэтычнай Трэцяй сусветнай вайны паміж СССР і ЗША асаблівая роля адводзілася Беларускай ваеннай акрузе, якой ставілася задача прыкрыцця заходняга напрамку. Для падрыхтоўкі да патэнцыяльных ядзерных удараў на тэрыторыі рэспублікі ўдасканальвалася грамадзянская абарона і сістэма папярэджання аб нападах.
Вайскоўцы Беларускай ВА, этнічныя беларусы, ураджэнцы краіны розных нацыянальнасцяў і будучыя грамадзяне незалежнай Рэспубліка Беларусь прымалі ўдзел у шэрагу лакальных канфліктаў таго перыяду.
На міжнароднай арэне
У ходзе падрыхтоўкі да стварэння ААН савецкія ўлады асцерагаліся, што Масква ў ёй магла апынуцца ў ізаляцыі сярод капіталістычных краін. Як рашэнне гэтай праблемы меркавалася ўключыць у склад дзяржаў-заснавальнікаў Украіну і Беларусь. Выхад на міжнародную арэну стала для рэспублікі важнай падзеяй. У лютым 1944 г. ёй было прадастаўлена права ажыццяўлення самастойнай знешнепалітычнай дзейнасці. У Канстытуцыі было замацавана права ўступаць у непасрэдныя дыпламатычныя адносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі дамовы, пагадненні і абменьвацца дыпламатычнымі і консульскімі прадстаўніцтвамі. У 1974—1975 гадах Савецкая Беларусь абрана непастаянным членам Савета Бяспекі.
На пленарным пасяджэнні Генеральнай Асамблеі 19 верасня 1947 года выступіў міністр замежных спраў БССР Кузьма Кісялёў. Гэтая прамова кіраўніка беларускай дэлегацыі па форме і змесце адрознівалася ад яго выступлення на 1-й сесіі. Кісялёў спыніўся на ўсіх актуальных тады праблемах сусветнай палітыкі: вынікі дзейнасці ААН; амерыканскія планы сусветнага панавання; барацьба СССР за мір; прынцып аднагалоснасці ў Савеце Бяспекі; праблема раззбраення і ўсеагульнага скарачэння ўзбраенняў; іспанскае і інданезійскае пытанні; выдача і пакаранне ваенных злачынцаў. Рэзка змянілася і танальнасць прамовы міністра замежных спраў БССР. Замест спакойных выказванняў аб неабходнасці супрацоўніцтва вялікіх дзяржаў і ўсіх Аб’яднаных Нацый прыйшла рэзкая абвінаваўчая рыторыка. У асобе ЗША, якія Кісялёў імкнуўся прадставіць пераемнікам фашысцкай ідэалогіі і палітыкі, фармаваўся вобраз ворага.
Як пісаў гісторык Уладзімір Снапкоўскі, каментую выступленне, «так беларуская дыпламатыя пачала плаціць суровую даніну халоднай вайне».
На кожнай сесіі ГА беларуская дэлегацыя адстойвала пазіцыі сацыялістычнага лагера. У перыяд Карэйскай вайны дэлегацыя БССР выступала за мірнае ўрэгуляванне і вывад з Карэі ўсіх замежных войск. Дыпламаты рэспублікі асудзілі дактрыну Трумэна і план Маршала. Па кітайскім пытанні краіна выступала за перадачу месца Тайваня ў СБ ААН КНР. З пачаткам дэкаланізацыі ў Азіі і Афрыцы грамадскасць рэспублікі рашуча выступала ў падтрымку народаў, якія змагаліся за незалежнасць альбо знаходзіліся ў канфрантацыі з заходнімі дзяржавамі і іх саюзнікамі, у прыватнасці, Інданезіі (па пытанні антыкаланіяльнай вайны), Алжыра (па пытанні антыкаланіяльнай вайны), Егіпта (па пытанні Суэцкага крызісу), арабскіх дзяржаў (у араба-ізраільскім супрацьстаянні). Датычна Кангалезскага крызісу дэлегацыя БССР заклікала асудзіць інтэрвенцыю Бельгіі і запатрабаваць ад бельгійскага ўрада вываду сваіх войск з Рэспублікі КонгаC. Ф. Свилас Конголезский кризис 1960—1963 гг. и дипломатия Белорусской ССР // журнал международного права и международных отношений 2010 — № 3. У 1980 годзе яна прагаласавала супраць рэзалюцыі ГА, якая кваліфікавала ўвод савецкіх войск у Афганістан як замежную інтэрвенцыю. Беларускі народ падтрымлівае законную барацьбу народаў Анголы, Мазамбіка, Гвінеі-Бісау, Зімбабвэ, Намібіі, якія змагаюцца супраць партугальскіх і паўднёваафрыканскіх каланізатараў-расістаў і іх імперыялістычных апекуноў. Беларуская дэлегацыя патрабуе спынення дапамогі і падтрымкі рэжымаў ПАР, Паўднёвай Радэзіі і Партугаліі з боку ЗША, Англіі, ФРГ і іншых заходніх дзяржаў. У перыяд гарбачоўскай перабудовы БССР, таксама як і агульнасаюзнае кіраўніцтва, змяніла падыход да праблематыкі Халоднай вайны: замест канфрантацыі дыпламаты перайшлі да карэктных і ўважлівых выказванняў.
Беларускія прадстаўнікі выкарыстоўвалі аргументацыю і ацэнкі, якія даваліся ад кіраўнікоў агульнасаюзнай дэлегацыі, у залежнасці ад сітуацыі ўзмацняючы або саслабляючы іх. Пазіцыя БССР у ААН па пытаннях, якія ставіліся да праблематыкі адносін двух блокаў, дыктавалася неабходнасцю жорсткай падтрымкі агульнасаюзнай знешнепалітычнай лініі. Магчымасць праявы якой-небудзь самастойнасці або ініцыятывы з боку беларускай дэлегацыі па палітычных пытаннях халоднай вайны выключалася. Паводле Снапкоўскага, беларускія прадстаўнікі выконвалі толькі абмежаваныя тактычныя задачы ў рамках размеркавання функцый паміж дэлегацыямі «савецкага блока», пра што сведчылі адзінкавыя прапановы БССР па карэйскаму і кітайскаму пытаннях. Прагаласаваць не так, як саюзная дэлегацыя — скандал, хоць часам мне здавалася, што звычайная чалавечая логіка, годнасць патрабуе ад нас, што б мы галасавалі разам з большасцю, з Амерыкай. Не, палітыка логікі не прызнае. [...] А як галасаваць? Даводзілася падымацца і бегчы да саюзнай дэлегацыі, якая сядзела ў іншым канцы залы, такое, між іншым, было дадзена ўказанне — не саромецца, хоць газеты [амерыканскія] гэта і высмейвалі. Ды і нашы шэфы саюзныя напышліва пасмейваліся. Мне гэта было абразліва.
Культура і навука Барацьба дзвюх звышдзяржаў на міжнароднай арэне прывяла да «пахаладання» і ўнутры кожнай з краін. Дзеячы мастацтва ЗША і СССР апынуліся ўцягнутыя ў фарміраванне «вобраза ворага», былі згорнутыя навуковыя і культурныя кантакты. Працэсам духоўнай ізаляцыі спрыялі прапагандысты, журналісты, прадстаўнікі інтэлігенцыі і на мясцовым узроўні.
Па меры пагаршэння савецка-амерыканскіх адносін у друку Беларускай ССР з’явіліся антызаходняя рыторыка і ідэя барацьбы з нізкапаклонствам перад Захадам. Адным з першых праяў дадзеных тэндэнцый стаў артыкул «За высокую ідэнтычнасць беларускага тэатральнага мастацтва» ў газеце «Советская Белоруссия», дзе крытыкаваліся некаторыя канцэрты за «безгустоўшчыну, безыдэйнасць і пошласць». На сходзе пісьменнікаў і крытыкаў у Мінску 28 жніўня 1946 года Міхасём Лыньковым агучана, што многія творы нацыянальнай літаратуры недастаткова глыбока адлюстроўваюць савецкую рэчаіснасць, папракнуўшы іх у безыдэйнасці і бяздумнасці. Неўзабаве, 30 жніўня, апублікаваная перадавая «Вышэй ідэйны ўзровень працы тэатраў!», у якой гаворка ішла аб засмечанасці рэпертуараў тэатраў замежнымі п’есамі. У верасні ЦК КП(б)б таксама выступіла супраць багацця твораў амерыканскіх і заходнееўрапейскіх драматургаў.
Пасля прыняцця «плана Маршала» антызаходняя рыторыка ўзмацнілася. Крыху пазней пачынаецца барацьба з касмапалітызмам у мастацтве. У Беларускай ССР пад удар трапіў Яўрэйскі тэатр у Мінску. У шэрагу яго спекталяў, як паказвалі партыйныя дзеячы, «бязродны касмапалітызм злучыўся з прамым нізкапаклонствам перад замежжам», а таксама ёсць ўсхваленне ЗША. У падобным таксама абвінавачваліся літаратары з яўрэйскімі прозвішчамі. Беларускія газеты захліснула хваля публікацый з крытыкай касмапалітызму і праслаўленнем нацыянальнага гонару.
Аднак сферай мастацтва ўсё не абмежавалася, навука таксама была закранута. Так, генетык і селекцыянер Антон Жэбрак апублікаваў у замежным часопісе артыкул з крытыкай поглядаў біёлага Трафіма Лысенкі, за што быў падвергнуты ганенням і пазбаўлены пасады прэзідэнта АН БССР. У рамках барацьбы з касмапалітызмам і беларускім нацыяналізмам ажыццяўлялася кампанія супраць часопісаў «Беларусь» і «Полымя».
Грамадства прамакаецца духам варожасці і недаверу да замежнікаў, падвышанай пільнасці і сакрэтнасці. У 1950 годзе пад уздзеяннем дадзеных фактараў зменена экспазіцыя Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, канфіскоўваліся экспазіцыі краязнаўчых музеяў у Віцебску, Оршы і Лепелі, галоўным чынам тое, што тычылася эканомікі, абараназдольнасці, стратах, партызанскім руху і іншага.
Беларуская эміграцыя
Як адзначыў гісторык Анатоль Вялікі, афіцыйны Вашынгтона ставіўся да беларускай эміграцыі вельмі лаяльна. Прыкладам добразычлівасці да яе з’яўлялася тое, што афіцыйныя асобы ЗША на дзяржаўным узроўні аддавалі даніну павагі эміграцыі ў яе імкненні захаваць ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі. Напрыклад, 25 сакавіка 1956 г., дзень святкавання 38-й гадавіны абвяшчэння дзяржавы, мэр Нью-Ёрка Р. Вагнер-малодшы афіцыйна абвясціў Днём Беларусі ў горадзе. У сакавіку 1957 г. губернатары Нью-Джэрсі і Мічыгана таксама афіцыйна абвясцілі 25 сакавіка Днём Беларусі ў сваіх штатах з правядзеннем адпаведных дзяржаўных мерапрыемстваў з нагоды дадзенай даты.
У сакавіку 1958 г. з нагоды святкавання 40-годдзя абвяшчэння БНР прэзідэнт ЗША Д. Эйзенхаўэр праз свайго памочніка Ш. Адамса перадаў старшыні Беларуска-амерыканскай асацыяцыі К. Мерляку асабістае пасланне, у якім павіншаваў усіх амерыканскіх беларусаў з тым, што яны адзначаюць гэты дзень на амерыканскай зямлі. Акрамя гэтага, віцэ-прэзідэнт Р. Ніксан напярэдадні прыняў у Капітоліі беларускую дэлегацыю і меў з ёй працяглую гутарку. Больш за тое, упершыню ў гісторыі сената ЗША сенатары ад штатаў Мінесота, Агая, Мічыган, Нью-Джэрсі, Ілінойс і іншыя, усяго больш за 20, выступілі ў Кангрэсе і павіншавалі беларускую эміграцыю з нагоды дня абвяшчэння БНР. 30 сакавіка ў нью-ёрскім гатэлі «Балтымор» адбыўся сход беларускай эміграцыі, на якім з дакладам выступіў прэзідэнт БНР (у выгнанні) М. Абрамчык, зачытаўшы прывітанне Эйзенхаўэра. З прывітальнымі прамовамі выступілі 10 губернатараў штатаў, звыш 20 сенатараў і членаў Палаты прадстаўнікоў. Святкаванне абвяшчэння БНР адзначалася і ў іншых гарадах краіны, як, напрыклад, Чыкага, Кліўленд, Дэтройт. Усе гэтыя мерапрыемствы знайшлі адлюстраванне ў сродках масавай інфармацыі ЗША.
У МЗС БССР ахарактарызавалі праведзеныя мерапрыемствы як антысавецкую кампанію, арганізаваную «амерыканскімі рэакцыянерамі», якая была накіраваная «супраць Беларускай ССР і беларускага народа». Савецкая Беларусь таксама выказала шкадаванне, што ў кампанію ўключыліся прэзідэнт, сенатары і члены Палаты прадстаўнікоў. Вялікі падкрэсліў, што амерыканцы выкарыстоўвалі правядзенне падобных мерапрыемстваў і падтрымлівалі беларускую эміграцыю ў піку Маскве, бо менавіта яна цалкам вызначала знешнюю палітыку БССР.
Разам з тым эміграцыя трапіла ў поле зроку амерыканскіх спецслужбаў. Супрацоўнікаў ЦРУ ў першую чаргу цікавілі еўрапейскія беларусы, за кошт якіх планавалася правядзенне актыўнай антысавецкай работы. Амерыканцы дзялілі ўсю беларускую пасляваенную эміграцыю на два асноўныя лагеры: адзін — на чале са Старшынёй Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (у выгнанні) М. Абрамчыкам, другі — Беларуская цэнтральная рада пад старшынствам Р. Астроўскага. Многія з пасляваенных эмігрантаў адзначыліся супрацоўніцтвам з нацыстамі, але, як паказана ў кнізе былога разведчыка Дж. Лофтуса «Нацысцкі сакрэт Амерыкі», ва ўгоду патрэбам Халоднай вайны былых беларускіх калабарацыяністаў улады засцерагалі ад правасуддзя.
Галоўным чынам ЗША падтрымалі першую групу, паколькі яна была найбольш уплывовай. У самым пачатку мэты супрацоўніцтва ЦРУ з Радай БНР зводзіліся да дапамогі ў публікацыі прапагандысцкіх матэрыялаў, разлічаных на насельніцтва Беларусі, і эмігранцкіх газет. Так, напрыклад, з 1951 года спецслужба адказвала за фінансаванне газеты «Бацкаўшчына», а з 1952 — часопіса «Шэршань».
ЦРУ распрацавала некалькі праграм, накіраваных на прымяненне эміграцыі ў барацьбе з Масквой. Сярод такіх: REDCAP: меркавала работу агентаў з афіцыйнымі прадстаўнікамі БССР, якія прыязджаюць у Заходнюю Еўропу і ЗША, у складзе савецкіх дэлегацый. REDSKIN: курыраванне дзейнасці студэнтаў, рэкамендаваных БНР на навучанне ў БССР па праграмах абмену, а таксама паездкі з Польшчы ў Савецкую Беларусь пасля зняцця абмежаванняў на перасячэнне мяжы і турыстычныя паездкі з ЗША ў БССР.