Арша́нскі дзяці́нец — дзяцінец старажытнай Ршы (цяпер Орша Віцебскай вобласці), археалагічны помнік. Упершыню згадваецца ў летапісе пад 1067 годам. Знаходзіцца ў цэнтры горада на Замкавай гары (ва ўрочышчы Замчышча) пры ўпадзенні ракі Аршыцы ў Дняпро.

Характарыстыка

Пляцоўка дзяцінца мае трохкутную форму з некалькі акругленымі кутамі. Яе памеры складаюць каля 100—105х75 метраў (каля 0,57 га). Гарадзішча ўзвышаецца на 6—7 метраў над навакольнай мясцовасцю.

Па краі пляцоўкі быў збудаваны абарончы вал, які дасягаў вышыні 4—5 метраў. Ніз вала падпіраўся бярвеністай сценкай, замацаванай укапанымі слупамі. Уздоўж унутранай падэшвы ішла каменная вымостка. З боку сучаснага горада дзяцінец быў умацаваны абарончым ровам шырынёй 14 метраў і глыбінёй ад 3 да 6 метраў. Побач са старажытным дзяцінцам Оршы здаўна існавала прыстань на Дняпры. У эпоху Вялікага Княства Літоўскага за ровам быў пабудаваны каменны Аршанскі замак.

Археалагічныя даследаванні Археалагічныя матэрыялы сведчаць, што Аршанскі дзяцінец быў закладзены ў другой палове XI стагоддзя (у цэлым помнік датуецца X—XII стагоддзямі).

У 1856 годзе падчас будаўнічых работ на дзяцінцы Оршы была знойдзена кальчуга са стараславянскімі надпісамі, якая стала ўнікальным экспанатам Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Маскве.

Навуковыя археалагічныя даследаванні помніка праводзілі А. М. Ляўданскі ў 1928 годзе (ускрыта 13 м²), Г. В. Штыхаў у 1964 годзе (8 м²), а таксама Ю. І. Драгун у 1965—1968 гадах (503 м²).

Культурны пласт на Замкавай гары складае ад 1,6 да 3,6 метра. Падчас раскопак былі выяўлены рэшткі наземных зрубных будынкаў і брукаваных дрэвам двароў. Пласт змяшчае разнастайныя знаходкі ранняга феадальнага (старажытнарускага) часу: ганчарная кераміка, абломкі посуду, навясныя замкі, ключы, прылады працы (у тым ліку сякеры), зброя (наканечнікі коп’яў), а таксама разнастайныя ўпрыгажэнні.

Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі і Археалагічным музеі БДУ.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Гісторыя Оршы Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Оршы Катэгорыя:Гарадзішчы Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў X стагоддзі