Дзмітрый (Зміцер) Сямёнавіч Снежка (; , г. Орша — , Расія) — беларускі літаратурны крытык, літаратуразнавец, перакладчык, адзін з лідараў эсперанцкага руху даваеннага часу, урач, выдатнік аховы здароўя. Друкаваўся пад псеўданімамі Зьм. Белы, Д. Белый і крыптонімамі Б-ы; Б.; Д. С.; З. Б.; З. С.; Зьм. С-ка.

Біяграфія

Нарадзіўся года ў Оршы. Яшчэ падлеткам рэгулярна наведваў сходы гуртка эсперантыстаў, дзе дасканала авалодаў мовай эсперанта. У 1922—1929 гг. вучыўся на медыцынскім факультэце БДУ. Пасля заканчэння ўніверсітэта і да пачатку 1936 г. працаваў санітарным медыкам (інспектарам) на розных пасадах у БССР (у 1930—1931 гг. праходзіў тэрміновую службу ў войску).

У 1923 г. прызначаны ўпаўнаважаным ЦК Саюза эсперантыстаў Савецкіх краін (СЭСК) (пазней Саюз эсперантыстаў Савецкіх рэспублік — СЭСР) у БССР. З 1924 г. — сакратар, пазней — намеснік старшыні Цэнтральнага бюро Беларускай арганізацыі СЭСК. Як выдатны актывіст і функцыянер эсперантысцкага руху ў БССР прычыніўся да арганізацыі шматлікіх гурткоў і курсаў па вывучэнні эсперанта, займаўся перакладчыцкай і журналісцкай дзейнасцю.

Падчас разгрому эсперантысцкага руху ў СССР арыштаваны 5 лютага 1936 г., асуджаны да 3 гадоў ссылкі.

У 1939 г. вызваліўся, пасяліўся ў г. Багародзіцку Тульскай вобласці; займаў пасады раённага санінспектара, потым загадчыка раённага аддзела аховы здароўя.

За арганізацыю падчас Другой сусветнай вайны медыцынскага абслугоўвання насельніцтва ў прыфрантавых умовах і аднаўлення сістэмы аховы здароўя ў раёне па яго вызваленні ад акупантаў узнагароджаны медалямі «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-45 гг.» і «За абарону Масквы».

У 1944 г. пераведзены ў Тулу старшым абласным дзяржсанінспектарам і адначасова намеснікам загадчыка абласнога аддзела аховы здароўя. У маі 1947 г. накіраваны ў г. Молатаў (сучасная Перм) загадчыкам абласнога аддзела аховы здароўя.

Памёр года, пахаваны ў Пермі.

Дзейнасць Першыя выступленні Д. С. Снежкі ў друку прыпадаюць на часы яго навучання ў БДУ. У студэнцкім часопісе БДУ «Чырвоны сьцяг» змясціў шэраг белетрызаваных нарысаў і замалёвак (1925), тамсама вёў аддзел крытыкі, дзе рэгулярна выступаў з аглядамі перыядычных выданняў, друкаваў рэцэнзіі на літаратурныя творы.

Яго далейшая журналісцкая праца (да сярэдзіны 1930 х) цесна звязаная з паўсядзённай дзейнасцю ў эсперантысцкім руху Беларусі і СССР. У 1926—1927 гг. у часопісе «Беларуская работніца і сялянка» выходзіць шэраг публікацый Д. С. Снежкі, падрыхтаваных на аснове перакладу з эсперанта, рэферавання і апрацоўкі пісьмаў у СССР работніц і прадстаўніц «левай» інтэлігенцыі еўрапейскіх краін і Кітая. У 1927—1928 гг. супрацоўнічае з літаратурнымі часопісамі «Чырвоны сейбіт», «Узвышша» і інш., публікуючы артыкулы і карэспандэнцыі на тэмы культурнага і літаратурнага жыцця замежжа.

Пасля заканчэння БДУ Д. С. Снежка як журналіст амаль цалкам засяроджваецца на актуальных пытаннях і праблемах эсперантысцкага руху ў СССР / БССР, становіцца пастаянным аўтарам часопіса Цэнтральнага камітэта СЭСР «Международный язык» (Масква). Тады ж пачынае дасылаць заметкі і артыкулы на эсперанта ў шматлікія газеты і часопісы замежжа (Францыя, Фінляндыя, Германія, Швецыя, Балгарыя і інш.), дзе яны друкуюцца на мове арыгінала ці ў перакладах на мясцовыя мовы.

У канцы 1920 х — сярэдзіне 1930 х гг. займаецца перакладамі літаратурных твораў з і на эсперанта; складае эсперанта-беларускі, беларуска-эсперанцкі слоўнікі і падручнік эсперанта на беларускай мове (не былі выдадзеныя).

Пасля трохгадовай ссылкі вяртаецца да журналісцкай дзейнасці, публікуючы артыкулы, карэспандэнцыі, заметкі па медыцынскай і санітарнай справе ў профільных агульнасаюзных выданнях («Медицинский работник», «Гигиена и санитария») і абласной, раённай прэсе па месцы жыхарства і працы («За уголь», г. Багародзіцк; «Коммунар», г. Тула і інш.). Найбольш значныя журналісцкія творы Д. С. Снежкі гэтага перыяду — артыкулы «П. П. Белоусов (К 50 летию со дня смерти)» і «В. И. Смидович как санитарный врач», прысвечаныя санітарным медыкам Тулы дарэвалюцыйнага часу.

Дакументы Д. С. Снежкі захоўваюцца ў БДАМЛМ, куды паступілі ў 2013—2014 гг. Частка іх была перададзена Эміліяй Дзмітрыеўнай Снежкай — малодшай дачкой фондаўтваральніка; другая частка паступіла ад даследчыка В. В. Жыбуля. У выніку навуковага апісання быў складзены вопіс № 1, які складаецца з 6 раздзелаў і змяшчае 34 справы (153 дакументы) за 1896—2014 гг., копіі за [1890-1894 гг.].

Спасылкі

Катэгорыя:Эсперантысты Беларусі Катэгорыя:Літаратурныя крытыкі Беларусі Катэгорыя:Літаратуразнаўцы Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі на беларускую мову Катэгорыя:Перакладчыкі з эсперанта