Н, н (назва: эн) — літара ўсіх славянскіх кірылічных алфавітаў (14-я ў балгарскім, 15-я ў беларускім і рускім, 16-я ў сербскім, 17-я ў македонскім і 18-я ва ўкраінскім і русінскім); выкарыстоўваецца таксама ў алфавітах некаторых неславянскіх моў. У стара- і царкоўнаславянскай азбуках называецца «нашь» (ст.-сл.) або «на́шъ» (ц.-сл.). У ранняй кірыліцы з’яўляецца 16-й па чарзе, выглядае як і мае лічбавае значэнне 50; у глаголіцы па чарзе 16-я, выглядае як Ⱀ і мае лічбавае значэнне 70. Паходжанне кірылічнай літары — вялікая ўстаўная грэчаская літара ню (Ν, ν); глагалічную звычайна выводзяць ад аднаго з варыянтаў малой курсіўнай формы той жа літары. Да XIV стагоддзя (хоць і не паўсюдна) перакладзіна ў N-падобнай кірылічнай форме літары Н некалькі павярнулася супраць гадзіннікавай стрэлкі, і літара атрымала сённяшні выгляд (з якім і ўвайшла ў грамадзянскі шрыфт, стаўшы падобнай да лацінскай H); зрэшты, часам у царкоўнаславянскіх выданнях (асабліва ў вязі загалоўкаў) і ў паўднёвых славян (у стандартным рукапісным шрыфце сербаў і чарнагорцаў) стары N-падобны абрыс захоўваецца. Паварот перакладзіны N → Н адбываўся адначасова з пераўтварэннем H → И, таму канфлікту з-за супадзення дзвюх літар ніколі не было; тым часам, у некаторых почырках і нават тыпаграфічных шрыфтах розніца паміж імі амаль незаўважнаяЦяпер часам у навуковых і рэкламных мэтах у некаторых славянскіх мовах ужываюць стылізаваныя пад старажытнасць шрыфты з N-падобнай літарай H і Н-падобнай літарай И, выкарыстанне якіх часам блытае: калі такім шрыфтам вылучаны толькі асобныя словы, ці яшчэ літары, то зразумець, што азначае знак Н, не заўсёды лёгка, ці ўвогуле немагчыма.. Ва ўсім іншым форма літары Н была дастаткова ўстойлівай, толькі ў басанчыцы N-падобны стары абрыс «выпрастаўся», атрымаўшы прамыя вуглы замест вострых, і стаў выглядаць падобна на ґ з верхняй дзюбай такой жа велічыні, як і ніжняя рыса ().

Гісторыя У старабеларускую графіку перайшла са старажытнарускага пісьменства. Абазначала зычныя гукі [н], [н’] (назвати, небо). У рукапісах XIV—XVII стагоддзяў у сувязі з функцыянаваннем розных пісьмовых школ і выкарыстаннем розных тыпаў пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс) ужывалася ў некалькіх варыянтах, якія памагаюць вызначаць час і месца напісання помнікаў. У XVI стагоддзі, акрамя рукапіснай, набыла друкаваную форму. Пачынаючы з Ф. Скарыны, стала адрознівацца як малая і вялікая, хоць ужыванне вялікай літары ва ўласных імёнах, геаграфічных назвах і ў пачатку сказаў не было яшчэ паслядоўным.

Вымова

У стараславянскай мове літара Н магла вымаўляцца цвёрда і мякка; у апошнім выпадку магла забяспечвацца дужкай зверху або кручком зверху справа (што выглядала падобна на пазнейшую літару Ҥ, якая з’яўляецца лігатурай з Н і Г, якая мае іншы сэнс: не мяккай [нʼ], а гука накшталт англійскага ng). Гэта жа ўласцівасць дваякага вымаўлення [н]/[нʼ] захавалася ў большасці славянскіх моў, у тым ліку і ў беларускай; у сербскай жа для мяккага варыянта Вук Караджыч увёў спецыяльны абрыс Њ, які пазней увайшоў і ў македонскі алфавіт.

У сучаснай беларускай мове абазначае санорныя змычна-праходныя насавыя пярэднеязычныя зычныя гукі [н], [н’] (нага, назоўнік — [назоўн’ік], ніва — [н’іва]).

Ужыванне Вялікая «Н» — умоўнае абазначэнне ньютана (адзінкі вымярэння сілы ў сістэме СІ).

Маленькая «н» — скарачэнне для прыстаўкі нана- (напрыклад: нВ — нанавольт, 10−9 вольта).

Ужываецца ў афіцыйных абрэвіятурах (НЗ, НТР), як умоўнае скарачэнне (н. э. — новая эра). Пры класіфікацыйным падзеле мае значэнне чатырнаццаты (група «Н»), пры лічбавай нумарацыі — дадатковае значэнне для размежавання прадметаў пад адным нумарам (пункт № 9н).

Літаратура

Катэгорыя:Літары кірыліцы Катэгорыя:Балгарскі алфавіт Катэгорыя:Беларускі алфавіт Катэгорыя:Македонскі алфавіт Катэгорыя:Рускі алфавіт Катэгорыя:Украінскі алфавіт Катэгорыя:Стараславянскі алфавіт Катэгорыя:Вукавіца