Чэслаў Гервель (; , Баранавічы — , Познань) — польскі вучоны, удзельнік Варшаўскага паўстання (псеўданім Orłoś), фатограф.
Біяграфія
Нарадзіўся 18 ліпеня 1909 года ў Баранавічах.
Закончыў гімназію імя Рамуальда Траўгута ў Брэсце.
Навуковую работу ў галіне эмбрыялогіі пачаў у 1934 г. як асістэнт пад кіраўніцтвам прафесара А. Якубоўскага на кафедры параўнальнай анатоміі і біялогіі Познаньскага ўніверсітэта.
У 1939 годзе скончыў матэматычна-прыродазнаўчы факультэт Познаньскага ўніверсітэта.
У траўні 1940 года разам з жонкай быў дэпартаваны на прымусовыя работы ў Мартэнсхаген (Martenshagen) на Памор’і.
Вызвалены ў снежні 1940 года, перасяліўся з сям’ёй у Варшаву.
З 1941 года працаваў у Дзяржаўным інстытуце гігіены. У той жа год уступіў у Армію Краёву. Меў званне падпаручыка і падпольнае імя «Орлась» ().
Таемна ўдзельнічаў у вырабе вакцыны супраць тыфу для партызанскіх часцей і варшаўскага гета.
У 1942—1944 гадах вывучаў медыцыну ў тайным Універсітэце Заходніх Земляў у Варшаве.
У час Варшаўскага паўстання, у згрупаванні «Chrobry II» у Варшаве, кіраваў бактэрыялагічна-эпідэміялагічнай лабараторыяй і аптэкай у палявым шпіталі на вул. Супольнай, 27. Пасля капітуляцыі Паўстання дэпартаваны ў Stalag IVB у Цайтхайне (Zeithain), дзе ўдзельнічаў у стварэнні і кіраванні Польскім ваенным шпіталем як малодшы ардынатар.
Пасля вызвалення з лагера вучыўся ў Цэнтры Вышэйшых Польскіх Навук у Бруселі.
У 1946 годзе вярнуўся ў Польшчу і пасяліўся ў Познані. Працягнуў навуковую работу ў Познаньскім універсітэце спачатку як асістэнт, пазней — як старэйшы асістэнт і ад’юнкт.
У 1950 годзе атрымаў доктарскую ступень матэматычна-прыродазнаўчых навук, стаў кіраўніком кафедры заалогіі і паразіталогіі на фармацэўтычным факультэце, а пасля яе аб’яднання з кафедрай агульнай біялогіі — кіраўніком лекарскага факультэта Медыцынскай акадэміі.
У 1956 г па ініцыятыве Ч. Гервеля пры міністры аховы здароўя ПНР была створана Камісія медыцынскай паразіталогіі. Спачатку ён выконваў абавязкі навуковага сакратара, а з 1961 — старшыні.
У 1957 годзе праходзіў навучанне на курсах паразіталогіі і трапічных хвароб у Інстытуце Бернхард-Нохт у Гамбургу.
Па яго ініцыятыве ў 1961 годзе была створана першая ў Польшчы клініка паразітарных хвароб у Медыцынскай акадэміі ў Познані.
У 1963 годзе прафесар Ч. Гервель стаў кіраўніком польска-амерыканскай навуковай праграмы па даследаванні трыхінелёзу. У гэтай праграме ўдзельнічала 10 навуковых устаноў і клінік Познані, Варшавы, Кракава, Беластока і вялікая колькасць ветерынарных станцый з усёй Польшы. План даследаванняў уключаў каля 40 тэм у сферы біялогіі, эпідэміялогіі, імуналогіі, патагенезу, клінікі і тэрапіі трыхінелёзу.
У 1960-х гг. быў экспертам Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў сферы паразіталогіі. Быў членам Asociación Internacional de Hidatidología, American Veterinary Epidemiological Society, Польскага паразіталагічнага таварыства.
Аўтар многіх публікацый па паразіталогіі.
Падчас Варшаўскага паўстання (жнівень-верасень 1944 года) і знаходжання ў Шталагу IVB у Цайтхайне Чэслав Гервель выканаў 216 фотаздымкаў фотаапаратам Leica, які атрымаў ад свайго брата, лекара Тадэвуша Гервеля. Негатывы ён змог вывезці з Варшавы і схаваць падчас ператрусаў у Шталагу. На фатаграфіях ён зафіксаваў паўстанцкае жыццё, якое кіпела вакол барыкады на скрыжаванні вуліц Вялікай і Сеннай, суседніх вуліц і будынкаў, дзейнасць шпіталя на вуліцы Супольнай, 27 у Варшаве, паўстанцаў, санітарак і цывільнае насельніцтва.
Фотакалекцыя Ч. Гервеля захоўваецца ў музеі Варшаўскага паўстання.
Крыніцы
Катэгорыя:Біёлагі Польшчы Катэгорыя:Удзельнікі Варшаўскага паўстання