Літаве́ц () — былая вёска (урочышча) на тэрыторыі Дабрынёўскага сельсавета Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці Беларусі. У студзені 1943 года знішчана нямецкімі акупантамі разам з жыхарамі падчас карнай аперацыі «Якаб». За 53 км ад Мінска, 34 км ад Дзяржынска, 7 км на захад ад вёскі Радзіма.

Гісторыя Вядома з 1620 года, згадана ў інвентары зямель князя Радзівіла, потым перайшла ва ўладанне графа Чапскага.

У 1930—1941 гадах насельніцтва Літаўца вырасла амаль на 40 працэнтаў. Да 1939 года ўваходзіла ў склад Зенькавіцкага сельсавета Уздзенскага раёна Мінскай вобласці. У вёсцы жыло 208 чалавек, быў калгас «Ударнік», старшыня — Міхаіл Аляксандравіч Лімантаў. З кастрычніка 1939 года вёска ўваходзіла ў склад Станькаўскага сельсавета Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці. У 1941 годзе ў лясная вёсцы паўднёваўсходняй часткі Дзяржынскага раёна было 42 хаты, 227 жыхароў.

Ляснымі дарогамі вёска была злучана з вёскамі Александрова, Самадураўшчына (з 1964 года — в. Радзіма), Баркі і Данілавічы.

Напачатку вайны 12 мужчын пайшлі ў Чырвоную Армію. У 1942 годзе яшчэ 10 пайшлі ў партызанскія атрады Нікіціна, 25-годдзя Кастрычніка, імя Варашылава і ў атрад «Баявы». З лета 1942 года вёска лічылася партызанскай, тут дыслакаваўся атрад «Баявы» пад камандаваннем старшага лейтэнанта Б. В. Жаўрыда.

20 снежня 1942 года паблізу вёскі быў бой, загінула 4 немцы і 2 партызаны — камандзір атрада «Баявы» Б. В. Жаўрыд і камандзір дыверсійнай групы гэтага атрада лейтэнант Міхіл Запольскі.

Карная аперацыя 8 студзеня 1943 года на тэрыторыях, прылеглых да Станькаўскага лесу з боку Мінскага, Уздзенскага і Дзяржынскага раёнаў, пачалася карная аперацыя «Якаб». Мэтай аперацыі было знішчэнне партызанскіх атрадаў у паўднёвым, паўднёваўсходнім і ўсходнім кірунках ад Мінска, расправа з насельніцтвам шматлікіх партызанскіх зон. Для правядзення аперацыі былі зняты баявыя часткі з фронту, таксама ў ёй удзельнічалі сілы батальёнаў СС, жандармерыі і паліцэйскія мясцовыя падраздзяленні.

Гісторыя Літаўца скончылася 14 студзеня 1943 года, выратавалася толькі некалькі чалавек.

9 чэрвеня 1943 года ў 14 выпуску падпольнай малафарматнай газеце «Патриот Родины» быў апублікаваны верш «Адпомсцім»:

Літавец, Літавец, знаёмая вёска. Ні даўно ты садамі цвіла, Ні даўно вечарамі гармоніка Збірала на танцы дзяўчат!

Ты скажы мне, дзе дзеліся хаты, І куды тваі людзі пайшлі? Папалілі ўсе сволачы, каты, І людзей папалілі жывых.

Напіліся крыві чалавечай, Дзяцей напаілі слязой, А тыгры ў шкуры авечай, Па краіне гуляюць з касой.

Дзе іх сэрца, фашысцкія гады, Дзе душа іх, паганая кроў, Каб дзіця вырываць з рук у маткі, І паліць на вачах у бацькоў.

А пасля нападаць і на матку, Што ад страху губляе чуццё, Што стаіць на каленях і просіць: «Падаруйце, панок, мне жыццё».

Гэты «пан» нікому не даруе Яму плацяць за слёзы і кроў. Дык дарэмна ж народ лямантуе І дарэмна цалуе «паноў».

На адплату, браты беларусы, На адплату за нашых дзяцей, За жанчын, за сірот на адплату Падымайцеся брацця жывей!

Мемарыяльны комплекс

У 1986 годзе на месцы спаленай вёскі пабудаваны мемарыяльны комплекс «Літавец» (скульптар С. Гарбунова, архітэктары В. Яўсееў і В. Здасюк, мастацтвазнавец У. Пракапцоў, тэкст-прысвячэнне паэта Рыгора Барадуліна).

Узведзены ён на грамадскіх пачатках, у будаўніцтве ўдзельнічалі камсамольцы Дзяржынскага раёна. Вялікі ўклад уняслі камсамольцы і моладзь Дзяржынскага доследна-механічнага завода (сакратар В. Трышкін), Негарэльскага вучэбна-доследнага лясгаса (сакратар А. Юргенсан), саўгаса імя Марата Казея (сакратар М. Маскаль), завода жалезабетонных маставых канструкцый (сакратары Ф. Стрыкаў, А. Змачынскі).

Мемарыял быў адкрыты 5 ліпеня 1987 года.

Скульптар Святлана Гарбунова стварыла цэлую барэльефную кампазіцыю. На лясной паляне пастаўлены ўязны знак, побач — бэлькі, паднятыя над зямлёй. Яны сімвалізуюць рэшткі хаты, спаленай фашыстамі. На адной з бэлек — назва вёскі, на другой — тэкст, які распавядае пра трагедыю. Пракладзеная «вуліца» вядзе да цэнтра былой вёскі — да цэнтральнага барэльефа, дзе паказана мірнае жыццё: стары пляце кошык, маці з сынам, які ўсміхаецца і робіць першыя свае крокі ў жыцці, на іх глядзяць дзеці, што ляжаць на печы.

На барэльефе словы тэкст-прысвячэнне паэта Рыгора Барадуліна:

Ні жудасць не астудзіць, ні мароз зямлю, Дзе крык жывы травой прарос. Агонь у напаміне, ва ўспаміне. Прыйдзі, адчуй, што прысак тут не стыне.

Каля спаленых хат пасаджаны дрэвы — сімвалы жыцця, але на адным з іх буслінае гняздо без птушак — напамінак аб трагічным лёсе вёскі. Многія сваякі пабудавалі абеліскі на месцы спаленых хат. А ля дарогі — лаўкі-пліты.

На ўскраіне вёскі — помнік партызанам атрада «Баявы». Тут пахаваны камандзір асобнага партызанскага атрада «Баявы» старшы лейтэнант Б. В. Жаўрыд і начальнік дыверсійнай групы гэтага атрада лейтэнант М. Запольскі, якія загінулі падчас бою з нямецка-фашысцкімі захопнікамі 20 снежня 1942 года.

Вёска ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Хатынь».

Беларускі паэт Станіслаў Шушкевіч прысвяціў памяці землякоў, спаленых нямецкімі фашыстамі ў Літаўца верш «Голас слухайце, пакаленні».

Вядомыя асобы Віктар Пятровіч Тоўсты (1914—1993) — генерал-лейтэнант войск сувязі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Мемарыяльныя комплексы Беларусі Катэгорыя:Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі Катэгорыя:Музеі Дзяржынскага раёна Катэгорыя:Музеі пад адкрытым небам Катэгорыя:Падзеі 14 студзеня Катэгорыя:1943 год у Беларусі Катэгорыя:Былыя населеныя пункты Дзяржынскага раёна