Беларуская касмічная праграма пачата ў 2007 годзе. У яе рамках першы спадарожнік быў запушчаны ў 2012 годзе.

Выканаўчы орган — Беларускае касмічнае агенцтва (з 2015). Раней работу курыравала Акадэмія навук.

Перадгісторыя Першыя работы над касмічным апаратам у Рэспубліцы Беларусь пачаліся ў 2003 годзе ў супрацоўніцтве з расійскімі ЗАТ «ЦНИИМАШ-Экспорт» і РКК «Энергия» (спадарожнік «БелКА»). Праект быў беларускім, але спадарожнік створаны на расійскіх вытворчых магутнасцях. Запуск адбыўся 26 ліпеня 2006 года, але ён апынуўся няўдалым з-за ракеты-носьбіта, і апарат быў разбураны.

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта 14 чэрвеня 2007 года, зацверджаным пастановай Савета Міністраў 14 кастрычніка 2008 года, сфарміравана Беларуская касмічная праграма.

Першы этап (2008—2012) У перыяд 2008—2012 гадоў рэалізоўваліся навуковыя даследаванні, навукова-тэхнічныя распрацоўкі, арганізацыйныя, кадравыя і іншыя мерапрыемствы. Каардынатарам усёй дзейнасці стала Акадэмія навук Беларусі. Ажыццяўлялася работа над 11 падпраграмі. Сярод іх: распрацоўка функцыянальна поўнай Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі (ДЗЗ), якая ўключае Беларускі касмічны апарат (БКА) і наземны комплекс кіравання (выконвалася на базе УП «Геаінфармацыйныя сістэмы НАН Беларусі»); праектаванне авіяцыйнай сістэмы маніторынгу і апрацоўкі даных ДЗЗ (АВІС, ДНТП «Касмічныя сістэмы і тэхналогіі»); падрыхтоўка базы для вырабу мэтавай апаратуры ДЗЗ высокага дазволу (Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт на ААТ «Пеленг»); стварэнне базавай інфраструктуры сістэмы прафесійнай аэракасмічнай адукацыі (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт); распрацоўка комплексу ацэнкі і прагназавання стану прыродных і антрапагенных геасістэм з выкарыстаннем аэракасмічнай інфармацыі (Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя); праграмны комплекс для маніторынгу дзяржаўных тапаграфічных карт і планаў населеных пунктаў па даных ДЗЗ (Дзяржаўны камітэт па маёмасці); распрацоўка тэхналогій для кантролю стану меліярацыйных зямель; падрыхтоўка тэхналогіі комплекснай апрацоўкі даных ДЗЗ для вырашэння задач лясной гаспадаркі (Міністэрства лясной гаспадаркі); для вырашэння задач МНС пачалася распрацоўка праграмнага комплексу «Маніторынг-НС»: аэракасмічны маніторынг паводак і прыродных пажараў.

З запускам спадарожніка БКА 22 ліпеня 2012 года Беларусь увайшла ў лік касмічных дзяржаў. 1 лістапада 2013 года Генеральная Асамблея ААН прыняла краіну ў Камітэт ААН па выкарыстанні касмічнай прасторы ў мірных мэтах.

Другі этап (2013—2017) Другі этап ставіцца да 2013—2017 гадоў. Яго канцэпцыю распрацавала НАН Беларусі сумесна з зацікаўленымі органамі дзяржкіравання і арганізацыямі. Работы праводзіліся зыходзячы з аналізу атрыманага і наяўнага навукова-тэхнічнага патэнцыялу краіны, а таксама на падставе вынікаў выканання першага этапу праграмы. Разглядаліся прапановы, на падставе якіх былі выпрацаваны 4 асноўныя напрамкі: Развіццё сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Тут патрабавалася эксплуатацыя і мадэрнізацыя ўжо створанай Беларускай касмічнай сістэмы ДЗЗ. Для яго развіцця запланавана стварэнне шматузроўневага комплексу ДЗЗ з увязкай авіяцыйнай і касмічнай здымкі, а таксама новыя касмічныя сродкі і ўзоры вырабаў, якія маглі б устойліва працаваць ва ўмовах уздзеяння негатыўных фактараў касмічнай прасторы. Стварэнне на базе геастацыянарнага спадарожніка нацыянальнай сістэмы спадарожнікавай сувязі і вяшчання з наступным абслугоўваннем айчынных і замежных спажыўцоў. Пабудова адзінай сістэмы навігацыйна-часовага забеспячэння для інтэграцыі і аптымізацыі існуючых і перспектыўных комплексаў і сродкаў. Падрыхтоўка высокакваліфікаваных кадраў для касмічнай галіны і для навуковых даследаванняў.

Фінансаванне другога этапу праводзілася на сродкі рэспубліканскага бюджэту (інавацыйных фондаў органаў дзяржкіравання і Нацыянальнай акадэміі навук), а таксама бюджэту Саюзнай дзяржавы. Не выключалася прыцягненне пазабюджэтных сродкаў, выкарыстанне крэдытаў банкаў і прамых замежных інвестыцый.

У студзені 2016 года пачаў сваю працу ў космасе беларускі тэлекамунікацыйны спадарожнік «Белінтэрсат-1», разлічаны на забеспячэнне доступу ў Інтэрнэт, а таксама перадачу тэлевізійных і радыёсігналаў. «Белінтэрсат-1» быў запушчаны з кітайскага касмадрома Січан.

Наступнае развіццё У верасні 2018 года Беларусь прыняла 31-ы Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў.

У пачатку 2020 года было абвешчана аб планах запуску другога беларускага спадарожніка ў 2021 годзе. 31 жніўня 2020 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне аб запуску спадарожніка. Яго распрацоўка і стварэнне вядзецца супрацоўнікамі, студэнтамі і аспірантамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Крыніцы

Катэгорыя:Касманаўтыка Беларусі