Віленская піярская друкарня — друкарня, якая існавала ў Вільні з сярэдзіны XVIII стагоддзя прыкладна да 1840 года. Належала ордэну піяраў

Праект друкарні існаваў ад часу стварэння калегіума і толькі доўгая спрэчка з езуітамі перашкаджала яго рэалізаваць. Педагагічная дзейнасць піяраў у Вільні выклікала актыўны пратэст з боку езуітаў. Дэкрэтам Аўгуста III піярскія школы ў Вільні і яго ваколіцах былі зачынены да 1741 г. Некаторай згоды паміж сабой піяры і езуіты дасягнулі ў 1753 г., калі езуіцкі правінцыял Себасцян Выкоўскі заключыў у Нясвіжы з піярамі дамову, згодна з якой піяры мелі права трымаць шляхецкую школу (канвікт).

Пасля заключэння нясвіжскага пагаднення Мацей Догель, былы настаўнік Шчучынскай піярскай школы, які хацеў мець друкарню на высокім узроўні, на ўласныя сродкі купіў абсталяванне ў Францыі. Адначасова ён атрымаў ад караля Аўгуста III прывілей на адкрыццё пры калегіуме друкарні. Кароль не толькі даў дазвол ад 6 лістапада 1754 года (Варшава), але і ўзяў новае выдавецтва пад сваю апеку, надаўшы яму афіцыйны тытул «Typografia Regia et Reipublicae».

Новая друкарня, паводле прывілея, павінна была служыць для грамадскай карысці («pro publico Reipublicae usui»), што перавышала задачы звычайнай ордэнскай друкарні.

Першым выданнем новага прадпрыемства павінен быў стаць падрыхтаваны Догелем збор знешнепалітычных трактатаў «Дыпламатычны кодэкс Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага» (Codex diplomaticus Regni Poloniae et Magni Ducatus Lithuaniae). І хоць дзеля аховы аўтарскіх правоў на гэтае выданне 10 снежня 1754 года атрыманы асобны прывілей Аўгуста III, аднак шэраг абставін перашкаджаў яго з’яўленню на свет. Катастрофай стаў пажар 1754 года ў Варшаве, што знішчыў сабраныя для выдання рукапісы. У 1755 годзе пад уплывам езуітаў была прынятая пастанова, якая забараняла Догелю выдаваць «Кодэкс…» без пісьмовага дазволу канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага (таксама і кароннай канцылярыі).

Калі ўсе перашкоды былі пераадолены і Догель атрымаў дазвол на друкаванне першых трох тамоў, выхад кнігі затрымаўся з-за памылкі на тытульным аркушы. Памылку заўважылі, калі ўжо было надрукавана некалькі соцень паасобнікаў. Нарэшце 19 лістапада 1758 г. на спецыяльнай аўдыенцыі Догель урачыста перадаў каралю і вялікаму князю літоўскаму Аўгусту III першы том сваёй працы з прысвячэннем. Пазней выйшлі пяты і чацвёрты тамы, а другі і трэці так і не пабачылі свет.

Быў выдадзены таксама зборнік дакументаў «Граніцы Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага». Сярод іншых выданняў піярскай друкарні можна адзначыць гістарычныя творы: два выданні (1762 і 1772 гг.) «Звычаяў старажытных рымлян», чатыры выданні (1761,1769,1778 і 1698 гг.) «Каротка сабранай свяшчэннай гісторыі Старога і Новага Запаветаў», пераклады прац французскіх вучоных П. Саліньяка «Польская гісторыя» (т. 1—5, 1763—67), кніга Вальтэра «Век Людовіка XIV» (1793), Шарля Луі Мантэск’ё «Uwagi nad przyczynami wielkosci y upadku Rzeczypospolitey Rzymskiey» і пераклад Бернарда Сіруця кнігі Жана Русэта дэ Мюсі «Гісторыя расійскага народа» (Rousset de Missy, Jean. Historya Panstwa Rossyyskiego napisana językom oyczystym przez Iwana Nestesuranoja, т. 1—5, 1781). Апублікавана перакладзеная з лацінскай мовы кніга Ш. Старавольскага «Апісанне Польскага каралеўства часоў Жыгімонта III» (1765).

Увогуле, пераклады складалі значную частку прадукцыі піярскай друкарні — 22 %. 3 іх 65 % — свецкая літаратура і гісторыя, медыцына, тэхніка, педагогіка, ваенная справа і інш. На працягу XVIII ст. мовы, з якіх перакладалі піяры, размеркаваліся наступным чынам: французская — 61 %, лацінская — 31 %, італьянская — 6 %, англійская — 2 %. Французская мова была настолькі распаўсюджаная, што часта праз яе рабіліся пераклады з іншых моў — напрыклад, кніга імператара Фрыдрыха II «Nauka żołnierska» (1771 г., выданне фінансаваў Міхал Агінскі) была перакладзена піярамі не з нямецкага арыгінала, а з французскага перакладу. Гарацый у піяраў выйшаў пад назвай «Зборнік сатыр вершам польскім, адным з літоўскіх абывацеляў выкладзены». Гэтым «літоўскім абывацелем» быў Марцін Матушэвіч, берасцейскі кашталян, аўтар мемуараў.

Але асноўнае месца сярод прадукцыі друкарні займалі падручнікі для піярскіх школ: польскай і французскай моў, філасофіі (у т.л. «Логіка» і «Выбраныя філасофскія меркаванні» К. Нарбута, 1769, 1771), прыродазнаўчых навук, матэматыкі, педагогікі (у т.л. творы Я. А. Каменскага, 1767—1768). У 1774 годзе выйшла «Усеагульная гісторыя» Я. Пучынскага.

Выдавалася мастацкая літаратура, п’есы для школьнага тэатра (Я. Кушаля, Я. Збікоўскага і інш.).

Творы рэлігійнай тэматыкі складалі каля чвэрці ўсіх выданняў. Сярод іх працы па агіяграфіі, багаслоўі, літургіцы, казанні (М. Ф. Карповіча, Е. Цяпінскага і інш.). Агулам у 1758—1799 гады друкарня выдала каля 320 кніг.

Крыніцы

Літаратура

Drukarze dawnej Polski od XV do XVIII wieku. Z. 5. Wielkie Księstwo Litewskie. Wrocław; Kraków, 1959; Самайлюк Т. А. Выдавецкая дзейнасць ордэна піяраў у Вільні (1754—1840) // Матэрыялы Другіх кнігазнаўчых чытанняў «Кніжная культура Рэчы Паспалітай»: (Мінск, 15—16 верасня 2000 г.). Мн., 2002.

Спасылкі

Катэгорыя:Піяры Катэгорыя:Друкарні Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Культура Вільні Катэгорыя:Гісторыя Вільні Катэгорыя:XVIII стагоддзе ў Вільні Катэгорыя:Зніклі ў 1840-я гады