Густаў Вінцэнтавіч (Вікенцьевіч) Выкоўскі (, ; ) — грамадска-палітычны дзеяч.

Біяграфія Паходзіў са шляхецкага роду Выкоўскіх. Католік. Нарадзіўся ў 1860 годзе ў сям'і Вікенція Выкоўскага і графіні Марыі з Вяльгорскіх.

Валодаў фальваркам Паленава і хутарамі Баброў і Барок Быхаўскага павета Магілёўскай губерні.

Пасля заканчэння Магілёўскай гімназііУ іншых крыніцах — Полацкай ён паступіў на медыцынскі факультэт Варшаўскага ўніверсітэта, але ў 1883 годзе быў адлічаны з прычыны ўдзелы ў антыўрадавай акцыі. Вучобу працягнуў за граніцай, скончыў Цюрыхскі ўніверсітэт, атрымаў званне доктара медыцыны Бернскага ўніверсітэта. У 1891 годзе быў членам «Польскай лігі».

Пасля займаўся сваім маёнткам, стаў членам Магілёўскага таварыства сельскай гаспадарскі, актыўна ўдзельнічаў у земскай працы. У 1903—1908 гг. гласны Быхаўскай павятовай управы па справах земскай гаспадаркі, член Магілёўскага лесаахоўнага камітэта і Быхаўскай павятовай камісіі паводле ацэнкі нерухомых маёмасцяў.

Як земскі дзеяч Выкоўскі ўдзельнічаў ва ўсерасійскіх земскіх з’ездах у 1905 г. Там ён пазнаёміўся з расійскімі лібераламі — заснавальнікамі Канстытуцыйна-дэмакратычнай партыі (КДП). У снежні таго ж года адбыўся арганізацыйны збор канстытуцыйных дэмакратаў у Магілёве. Быў абраны пастаянны губернскі камітэт, старшынёй якога стаў Густаў Быкоўскі. Кадэцкая група аформілася і ў ягоным маёнтку Паленава.

Увесну 1906 года Выкоўскі быў выбраны членам Дзяржаўнага савета ад Магілёўскай губерні. 6 мая 1906 г. ён быў кааптаваны ў ЦК КДП. Такім чынам, прадстаўнік Магілёўскага аддзела апынуўся ў складзе вышэйшага кадэцкага кіраўніцтва. Уваходзіў таксама ў групоўку дэпутатаў «Кола Літвы і Русі». У Дзяржаўным савеце Выкоўскі выступаў з левых пазіцый. Ён настойваў на радыкальнай рэформе дзяржаўнага ладу Расійскай імперыі, мяркуючы, што для гэтага наступіў спрыяльны момант.

Аднак ужо 25 ліпеня (7 жніўня) 1906 года Густаў Выкоўскі дэманстратыўна склаў з сябе паўнамоцтва члена Дзяржаўнага савета на знак пратэсту супраць роспуску I Дзяржаўнай думы. Яго месца ў студзені 1907 заняў Уладзіслаў Войніч-Сянажэцкі. Прадстаўнік Польскага Дэмакратычнага Саюза (1907).

Мясцовыя ўлады на апазіцыйную дзейнасць Выкоўскага адказалі рэпрэсіямі. У сярэдзіне лістапада 1906 г. паліцыя разагнала сход Магілёўскага камітэта КДП. Выкоўскі быў аштрафаваны на 200 руб. і з’ехаў у свой маёнтак. Асцерагаючыся паліцыі, ён у лісце ЦК прасіў накіроўваць карэспандэнцыю на імя графіні Ж. Г. Вяльгорскай. Аднак засцярогі не дапамаглі. У студзені 1907 г. Выкоўскі быў арыштаваны і на месяц пасаджаны ў Магілёўскую турму.

Тым не менш, і ў наступны час ён працягваў актыўна ўдзельнічаць ва ўсіх партыйных мерапрыемствах. У чэрвені 1907 года Выкоўскі прысутнічаў на пленарным пасяджэнні ЦК, у маі і лістападзе 1909 года, а таксама ў маі 1910 года на нарадах кадэцкай фракцыі III Дзяржаўнай думы з прадстаўнікамі мясцовых груп. Ён жа, мабыць, быў і на аналагічных нарадах у 1911—1912 гадах.

Густаў Выкоўскі падаваў фракцыі фактычныя матэрыялы, якія яна выкарыстоўвала ў Думе пры падрыхтоўцы законапраектаў ці для крытыкі ўрада. У цэлым магілёўскі прадстаўнік быў задаволены дзейнасцю дэпутатаў-кадэтаў. На нарадзе ў маі 1909 г. ён ад імя трох нацыянальных груп (рускіх (беларусаў), палякаў і яўрэяў), якія ўваходзілі ў склад мясцовага камітэта, выказаў падзяку фракцыі за ўстойлівую абарону нацыянальных інтарэсаў у Дзяржаўнай думе.

У 1912—1917 гадах глосны Быхаўскага павятовага земскага сходу, член Быхаўскай павятовай землеўпарадкавальнай камісіі і Быхаўскага павятовага вучылішчнага савета, член праўлення Таварыства па адкрыцці і ўтрыманні ў горадзе Быхаве і яго павеце жаночай і мужчынскай гімназій і іншых сярэдніх навучальных устаноў, член Магілёўскага губернскага камітэта Усерасійскага земскага саюза.

Пасля лютага 1917 года Густаў Выкоўскі, працягваючы супрацоўнічаць з КДП, уключаецца ў працу губернскай польскай рады. Адначасова ён узначальвае Магілёўскую губернскую земскую ўправу, старшынёй 9-га надзвычайнага Магілёўскага губернскага земскага сходу, старшынёй Магілёўскага губернскага камітэта Усерасійскага земскага саюза, намеснікам старшыні акруговай па справах аб выбарах ва Устаноўчы сход камісіі. Быў кандыдатам ва Устаноўчы сход ад Магілёўскай губернскай Польскай рады.

Пасля прыходу да ўлады бальшавікоў 26 кастрычніка 1917 года ўвайшоў у склад Магілёўскага губернскага камітэта грамадскай бяспекі, створанага для процідзеяння захопу ўлады бальшавікамі.

Пасля ўсталявання ў Магілёве савецкай улады Густаў Выкоўскі ў студзені 1918 года быў арыштаваны ў якасці закладніка. Аднак праз месяц яго адпусцілі з прычыны заступніцтва шматлікіх польскіх і расійскіх грамадскіх дзеячаў. У перыяд нямецкай акупацыі Магілёва быў членам Магілёўскай гарадской управы.

Пасля гэтага ён спачатку пераязджае ў Мінск, а затым у Варшаву, дзе працаваў саветнікам польскага міністэрства працы.

Памёр Выкоўскі 15 жніўня 1940 года.

Крыніцы

Катэгорыя:Палітыкі Беларусі