ААТ «Гомельдрэў» — беларускае дрэваапрацоўчае прадпрыемства, размешчанае ў Навабеліцкім раёне Гомеля.

Гісторыя У 1929 годзе ў Гомелі быў заснаваны дрэваапрацоўчы камбінат; афіцыйны сайт прадпрыемства ўзводзіць гісторыю да 1879 года, калі была створана запалкавая фабрыка «Везувій». Да 1941 года называўся абозабудаўнічым камбінатамОткрытое акционерное общество (ОАО) «Гомельдрев» на сайте «Архивы Беларуси» (Фондовый каталог государственных архивов Республики Беларусь).

У чэрвені—ліпені 1941 года вырабляў лыжы для самалётаў, скрыні для снарадаў, абсталяванне для ваенізаваных абозаў, затым эвакуіраваны ў Сталінград. Да 1944 года аднавіў дзейнасць у Гомелі.

У 1950-я гады колькасць работнікаў дасягала 4 тысяч чалавек. У 1966 годзе завод узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. У 1971 годзе ператвораны ў галаўное прадпрыемства Гомельскага вытворчага дрэваапрацоўчага аб’яднання «Гомельдрэў». У СССР прадпрыемства вырабляла спецыяльныя аўтафургоны, у 1994 годзе іх вытворчасць была спынена. У 1980-я гады на прадпрыемстве працавала больш за 8 тысяч чалавек.

У 1992 годзе прадпрыемства пераўтворана ў арэнднае вытворчае дрэваапрацоўчае аб’яднанне «Гомельдрэў», у 1997 годзе — у адкрытае акцыянерскае таварыства .

Сучасны стан Прадпрыемства вырабляе мэблю, каркасныя дамы, паркет, фанеру, пліты МДФ, багет, піламатэрыялы, профільныя дэталі, паліўныя брыкеты. Большай папулярнасцю карыстаецца выраб мэблі з масіва дуба або бярозы.

У 2013 годзе вырабена мэблі на 125,6 млн рублёў, 8,3 тыс. м³ фанеры клеенай, 216 тыс. умоўных скрынь запалак, 25 тыс. м² піламатэрыялаў, 106 тыс. м² паркета, 1052 тыс. м² габляванага шпону; 48,9% прадукцыі рэалізавана на ўнутраным рынку Рэспублікі Беларусь, 51,1% экспартаваўся. У 2013 годзе штат налічваў 2971 чалавек. Асноўныя вытворчасці (лесапільны цэх, вытворчасць мэблі, фанеры і паганажу) размешчаны ў Гомелі, вытворчасць паркета — у Смалявічах Мінскай вобласці, завод МДФ — у Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці. Уся прадукцыя прадпрыемства выконваецца па міжнародных і еўрапейскіх нарматывах, а таксама мае сертыфікат FSC.

У 2007—2010 гадах прадпрыемства стала адным з атрымальнікаў ільготных крэдытаў для стварэння новых і мадэрнізацыі старых вытворчасцяў. У 2016 годзе яно было ўключана ў дрэваапрацоўчы холдынг Банка развіцця Рэспублікі Беларусь.

Выручка ў 2018 годзе склала 105 млн рублёў (каля 50 млн даляраў), і па гэтым паказчыку «Гомельдрэў» нязначна саступаў «Рэчыцадрэву», «Мастоўдрэву» і «Івацэвічдрэву», апярэджваў «Віцебскдрэў», бабруйскі «ФанДАК», «Барысаўдрэў», а таксама невялікія «Мазырскі ДАК» і «Магілёўдрэў». У 2017 і 2018 гадах на прадпрыемстве фіксаваліся страты, прычым у 2017 годзе памер страт склаў 30% ад агульнай выручкі. Назапасіўся надзвычай вялікі аб’ём доўгатэрміновых абавязацельстваў — у 11 разоў больш уласнага капіталу (2017 год). У 2018 годзе чыстая страта (35,8 млн рублёў, або каля 17 млн долараў) была самай значнай з усіх прадпрыемстваў новага дрэваапрацоўчага холдынгу. Дзяржава аказвае прадпрыемству дзяржпадтрымку шляхам папаўнення статутнага фонду.

Крыніцы

Спасылкі Афіцыйны сайт

Катэгорыя:Запалкавыя фабрыкі Катэгорыя:Прадпрыемствы Гомеля