Гутнае шкло — шкляныя вырабы, атрыманыя спосабам выдзімання, фармавання і дэкарыравання ўручную ў гарачым стане непасрэдна каля гутнай печы; від мастацкага шкла.
У Беларусі гутнае шкло дасягнула высокага мастацкага ўзроўню ў XVI—XVII стст. Вырабы — бакалы, кубкі, флаконы, фігуркі жывёл, шкляніцы — аздабляліся ляпным дэкорам, каляровымі ніткамі, жгутамі і г.д.
У XVI—XIX стст. выраблялася пераважна ў дробных гутах. У другой палове XIX стагоддзя ў сувязі з узнікненнем шклозаводаў і ўстаноўкай пнеўматычных прыстасаванняў для выдзімання посуду ў формы прыйшло ў заняпад.
Як прадукцыя масавай вытворчасці гутнае шкло пашырылася ў 1960 — пачатку 1990-х гг. на шклозаводзе «Нёман». Сярод мастакоў, якія працавалі ў гутным шкле: Аркадзь Анішчык, Валянціна Дзівінская, Уладзімір Жохаў, Т. Малышава, Уладзімір Мурахвер, Людміла Міхайлаўна Мягкова, В. Падліпаліна, Майрэ Пююкке, Сільвія Раудвээ, Вольга Сазыкіна, В. Самахвалаў, Галіна Сідарэвіч, А. Ткачова, Сяргей Шэцік і інш.
Літаратура
Катэгорыя:Мастацкае шкло