«Электра» () — чорна-белы кінафільм грэчаскага рэжысёра Міхаліса Какаяніса, прадстаўлены ў траўні 1962 на Канскім кінафестывалі, экранізацыя аднайменнай трагедыі Эўрыпіда.

Стылістыка фільма Першая з трох экранізацый твораў афінскага драматурга, ажыццёўленых Какаянісам. Імкнучыся па магчымасці наблізіць карціну да асаблівасцяў пастаноўкі на антычным тэатры, рэжысёр выкарыстаў мінімум выразных сродкаў, адмовіўшыся ад пышных дэкарацый і значнай масоўкі.

Апрача «класічнай прастаты» відэарада, што ўзрушвала гледача «літаральна да слёз», крытыкі адзначалі выдатную гульню Ірэн Папас, якая выконвала ролю Электры — скупую міміку ў спалучэнні з адточанымі жэстамі і майстэрскай зменай маўленчых інтанацый, што перадае ўнутраную напругу гераіні, якая пераконвае і сябе і брата ў неабходнасці ўчыніць мацізабойства і выканаць прадвызначанае рокам Атрыдаў.

Роджэр Эберт у рэцэнзіі на наступную пастаноўку Эўрыпіда Какаянісам пісаў, што «Электра», напружанасць якой падобная на скручаную змяю, з’яўляецца лепшай з усіх калі-небудзь зробленых экранізацый грэчаскай трагедыі.

Поспеху карціны спрыяла музыка Мікіса Тэадаракіса, якая ажыўляла строгасць мізансцэн.

Сюжэт Цара Агамемнана забіваюць яго жонка Клітэмнестра і яе палюбоўнік Эгіст, дваюрадны брат і сябар дзяцінства Агамемнана. Царыца-забойца адпраўляе свайго юнага сына Арэста ў выгнанне дзеля сваёй бяспекі, а сваю дачку Электру ўтрымоўвае ў палацы на працягу шматлікіх гадоў, пакуль не выдае яе сілком замуж за селяніна, каб зганьбіць дачку і яе будучых дзяцей.

Праз гады Электра, заручыўшыся дапамогай роднага брата Ореста і іхняга дваюраднага брата Пілада, вырашае адпомсціць. Арэст і Пілад адпраўляюцца на свята ў гонар бога Бахуса (ён жа Дыяніс), уладкованы Эгістам. Калі Эгіст выклікае Арэста, не апазнаўшы яго, на жартоўны бой на нажах, Арэст выкарыстоўвае гэтую магчымасць забіць яго. Затым Электра падманам заваблівае Клітэмнестру да сябе, і нягледзячы на апраўданні злой маці і маленні аб прабачэнні, Электра дае Арэсту магчымасць забіць і Клітэмнестру. Здзейсніўшы помсту, брат і сястра раскайваюцца і разумеюць, што за свае дзеянні ім быць ізгоямі. У канцы яны назаўжды разыходзяцца ў шляхах.

У ролях Ірэн Папас — Электра Яніс Фэртыс — Арэст Алека Кацэлі — Клітэмнестра Манос Катракіс — выхавальнік Нотыс Перыяліс — муж Электры Фівас Разі — Эгісф Такіс Эмануэль — Пілад Тэана Іяаніду — карыфей (кіраўніца хору) Тэадорас Дзімітрыу — Агамемнан Эльзі Пітас — юная Электра Петрос Ампелас — юны Арэст

Узнагароды і намінацыі На Канскім кінафестывалі 1962 года фільм атрымаў тэхнічны гран-пры, прыз за лепшую экранізацыю і намінаваўся на Залатую пальмавую галіну.

На міжнародным кінафестывалі ў Салоніках у 1962 годзе стужка атрымала дзевяць прызоў, у тым ліку як лепшы фільм, за рэжысуру, галоўную ролю, ролі другога плана (Алека Кацэлі і Нотыс Перыяліс) і музыку .

У 1963 годзе намінаваўся на «Оскар» за найлепшы фільм на замежнай мове.

Таксама атрымаў прэмію за лепшую экранізацыю на Берлінскім кінафестывалі 1963 года, і прэміі на міжнародных кінафестывалях у Акапулька (1962), Эдынбургу (1962), Бруселі (1963) і Антверпене (1964).

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Фільмы 1962 года Катэгорыя:Фільмы-драмы 1962 года Катэгорыя:Фільмы-драмы Грэцыі Катэгорыя:Фільмы Міхаліса Какаяніса Катэгорыя:Экранізацыі сюжэтаў класічнай міфалогіі