Усяслаў Мікуліч (? — не раней за 1181) — першы вядомы лагожскі князь з роду Ізяславічаў Полацкіх.

Згадваецца адзіны раз Іпацьеўскім летапісам пад 1181 годам як удзельнік вялікага паходу па Друцк. Разам з полацка-віцебскімі князямі «Усяслаў Мікуліч з Лагожска» быў саюзнікам чарнігаўскіх Ольгавічаў у змаганні са смаленскімі Расціславічамі. Апроч княжання ў Лагойску і імя па бацьку пра яго нічога не вядома.

Пра паходжанне Усяславава бацькі — Мікулы, ёсць некалькі версій. Адна з іх грунтуюцца на спісе князёў у паходзе на Друцк, дзе Усяслаў запісаны на пачатку другой групы. За Усяславам у спісе згаданы Андрэй Валодшыч, відавочна, сын Валодшы, якога разам з ізяслаўльскім князем Брачыславам лічаць сынам полацкага князя Давыда Усяславіча. Апошнім у спісе запісаны Васілька Брачыславіч, магчыма, сын гэтага самага ізяслаўльскага князя Брачыслава. Як лічаць, у Давыда Усяславіча было прынамсі трое сыноў згаданых у 1128 годзе — Брачыслаў з Ізяслаўля і прынамсі двое не вядомых імем, якія былі з бацькам у Полацку. У 1158 годзе Валодша выступае разам з «отчычам» Ізяслаўля Брачыславам, таму Валодшу лічаць яго братам, згаданым у 1128 годзе без імя, адпаведна, таксама сынам Давыда Усяславіча. Мікула можа быць яшчэ адным сынам Давыда, згаданым без імя ў 1128 годзе, бо Усяслаў Мікуліч у 1181 годзе княжыў у горадзе, які ў 1128 годзе належаў Давыду, і выступаў разам з яго імавернымі ўнукамі.

Іншыя версіі паходжання яшчэ болей гіпатэтычныя.

Напэўна, неўзабаве па паходзе на Друцк у 1181 годзе Усяслаў Мікуліч страціў удзел у Лагойску, бо пад 1186 годам Лаўрэнцьеўскі летапіс згадвае іншага князя з Лагойска — Васільку Валадаравіча, які паходзіў з іншай галіны Ізяславічаў Полацкіх.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Князі лагожскія