Джон То́ланд (; ) — англійскі філосаф-матэрыяліст.
Біяграфія Нарадзіўся каля горада Ландандэры (Паўночная Ірландыя). Адукацыю атрымаў ва ўніверсітэтах Глазга (1687—1690), Эдынбурга (1690), Лейдэна (1691—1692), Оксфарда (1693—1695}). У незахаваўшымся творы «Племя левітаў» (1691) і кнізе «Хрысціянства без таямніц» («Christianity not mysterious») з пазіцый дэізму выступіў з крытыкай хрысціянства, разглядаў хрысціянства як род натуральнай рэлігіі і маралі, лічыў, што ў Евангеллі няма нічога, што супярэчыць розуму. Кніга «Хрысціянства без таямніц» была асуджана на спаленне (спалена ў 1697 годзе), а сам Джон Толанд прыгавораны да турэмнага зняволення, але збег. З-за сваіх філасофскіх і палітычных поглядаў быў вымушаны туляцца, жыў і памёр у галечы.
Погляды У філасофскіх працах «Лісты да Серэны» (1704) і «Пантэістыкан» (1720) Джон Толанд развіваў ідэі матэрыяльнасці бясконцага і вечнага Сусвету, адзінства руху і матэрыі. Разглядаў рух як сутнасную, універсальную ўласцівасць матэрыі, якая характарызуецца спрадвечнай актыўнасцю, але не выходзіць за межы механістычннага матэрыялізму. Абвяргаў вучэнне Бенедыкта Спінозы пра нязменнасць і нерухомасць субстанцыі і канцэпцыю Ісаака Ньютана пра абсалютную прастору. Абгрунтаваў палажэнне пра непарыўнасць прасторы і часу з рухам і матэрыяй. Выдаў палітычныя творы англійскіх рэспубліканцаў Д. Мільтана (1699) і Д. Гарынгтана (1700).
Ідэі Джона Толанда паўплывалі на развіццё французскага матэрыялізму XVIII стагоддзя, а таксама на А. М. Радзішчава.
Крыніцы
Літаратура
Семенов Ю. В. То́ланд Джон // Философская энциклопедия: [в 5 т.] — Т. 5. Специальные системы — Яшты / гл. ред. Ф. В. Константинов. — М. : Советская энциклопедия, 1970. — С. 242. — 740 с. с ил., 1 л. порт. — 60 500 экз.
Катэгорыя:Філосафы Вялікабрытаніі Катэгорыя:Антыклерыкалізм Катэгорыя:Натурфілосафы