SYMBAL.BY () — беларуская кампанія, заснаваная ў 2014 годзе. Займаецца папулярызацыяй і распаўсюдам рэчаў і з’яў, звязаных з культурай і гісторыяй Беларусі. Адна з самых папулярных крамаў, дзе можна купіць рэчы, звязаныя з беларускай сімволікай. Прадае вопратку, аксесуары і сувеніры з нацыянальнай сімволікай, у тым ліку з гербам «Пагоня» і бел-чырвона-белым сцягам.

Гісторыя Кампанію SYMBAL.BY заснаваў 12 траўня 2014 г. Павел Белавус, удзельнік грамадскай арганізацыі «Арт Сядзіба».

5 кастрычніка 2014 у Мінску прайшоў першы «Дзень вышыванкі» — фестываль беларускай культуры. На ім SYMBAL.BY паказаў свае новыя вышымайкі, а таксама дзіцячыя саколкі з арнаментам.

SYMBAL.BY — не толькі крама, але і актыўны ўдзельнік культурніцкага жыцця Беларусі, які ініцыяваў і падтрымліваў розныя акцыі і кампаніі, накіраваныя на папулярызацыю беларускай мовы, культуры і гісторыі.

Крама супрацоўнічала з беларускімі музыкамі, распаўсюджваючы іх мерч і падтрымліваючы канцэрты, спрыяючы развіццю нацыянальнай музычнай сцэны.

У сакавіку 2016 года сузаснавальнік кампаніі Мікіта Броўка адзначыў, што SYMBAL.BY прадаў ужо 15 тысяч вышымаек, а на сайце крамы пабывалі наведнікі са 135 краін свету, хоць ён мае толькі беларускамоўную версію.

Дзейнасць SYMBAL.BY неаднаразова сутыкалася з перашкодамі з боку ўладаў. У 2015 годзе міліцыя праводзіла праверкі на прадмет распаўсюджвання «забароненай сімволікі». У 2020 годзе ціск узмацніўся: былі канфіскаваны партыі цішотак з надпісам «ПСІХОЗ%» (адсылка да таго, як Аляксандр Лукашэнка апісваў пандэмію COVID-19), праводзіліся праверкі і канфіскацыі тавараў, тэхнікі і дакументаў.

У чэрвені 2020 года крама засталася без электрычнасці, бо ў электрашчытавой знікла дэталь. Уладальнікі крамы спрабавалі аднавіць падачу энергіі з дапамогай прыватнага электрыка, а таксама праз звароты ў розныя камунальныя службы, але паўсюль атрымлівалі адмовы.

У кастрычніка 2020 года мінская мытня затрымала больш за 200 пасылак крамы Symbal.by са сцягамі, кнігамі і іншай прадукцыяй для замежных пакупнікоў. Звароты ў мытню вынікаў не далі.

У выніку пастаяннага ціску і перашкод у дзейнасці, у тым ліку канфіскацыі тавараў на суму больш за 50 тысяч рублёў, SYMBAL.BY абвясціла аб закрыцці афлайн-крамы ў Мінску. Пасля гэтага туды выстраілася вялікая чарга на вуліцы. Людзей, якія ў ёй стаялі, затрымлівала міліцыя. Пасля закрыцця фізічнай крамы кампанія працягнула прадаваць тавары анлайн.

У падтрымку крамы выказаліся тэлевядоўца Дзяніс Кур’ян; вядоўца перадачы «Удача ў прыдачу» на АНТ Дзмітры Кахно, якога пасля гэтага замянілі на іншага вядоўцу; шоўмен Дзяніс Дудзінскі, пазней стала вядома, што яго адхілілі ад вядзення «Славянскага базару»; Антон Мартыненка; спартсменка Меліціна Станюта, якой давялося пасля гэтага звольніца з тэлеканала АНТ, дзе яна працавала на 25% стаўкі; а таксама актрыса Марта Голубева ды іншыя.

Крама ў Мінску канчаткова перастала працаваць 30 студзеня 2021 года. У гэты дзень у краму прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, якія вынеслі з памяшкання ўсю тэхніку, дакументы і тавар. Сузаснавальніка і намесніка дырэктара SYMBAL.BY Мікіту Броўку і яшчэ трох супрацоўнікаў кампаніі асудзілі на адміністрацыйныя тэрміны.

У ліпені 2022 года SYMBAL.BY адчыніў краму ў Батумі.

17 жніўня 2022 года суд Партызанскага раёна Мінска прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі анлайн-рэсурсы SYMBAL.BY.

11 траўня 2023 года заснавальніка SYMBAL.BY Паўла Белавуса асудзілі на 13 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама Паўла аштрафавалі на 18 500 рублёў, а ягоныя аўтамабіль і мабільны тэлефон, як сродкі ўчынення злачынства, канфіскавалі ва ўласнасць дзяржавы. Яшчэ адзін аўтамабіль Белавуса, бытавую і кухонную тэхніку, ноўтбук пакінулі пад арыштам для выканання прысуду ў частцы спагнання штрафу. Паўла Белавуса прызналі вінаватым у «кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем» (ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу), «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК), «публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады» (ч. 3 арт. 361 КК), а таксама ў «арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК). Павел Белавус быў вызвалены 16 верасня 2026 года і вывезены ў Літву разам з 24 іншымі палітвязнямі.

Праз актыўную пазіцыю і шматлікія ініцыятывы SYMBAL.BY стала элементам сучаснага культурнага ландшафту Беларусі, спрыяе адраджэнню і папулярызацыі нацыянальнай ідэнтычнасці і працягваю сваю дзейнасць анлайн.

Дзейнасць SYMBAL.BY займаецца продажам і распаўсюдам рэчаў з беларускай гістарычнай і народнай сімволікай, літаратуры, аўтарскіх твораў.

У снежні 2015 года SYMBAL.BY, пляцоўка «Арт Сядзіба» і кампанія «Будзьма беларусамі!» прадставілі 10 бясплатных відэаўрокаў ад вядомага беларускага майстра і дудара Юрася Панкевіча.

8 сакавіка 2016 SYMBAL.BY выпусціў цукеркі ў абгортцы з «Вершніцай» — «жаночай» версіяй герба «Пагоня», якую прыдумаў паэт і музыка Алесь Плотка.

У чэрвені 2016 года на сайце SYMBAL.BY з'явілася паслугу замовы канцэртаў беларускіх музыкаў. Анлайн можна было абраць фармат выступу — акустычны ці электрычны і ўбачыць кошт паслугі.

15 чэрвеня 2016 SYMBAL.BY разам з «Арт Сядзібай» запусцілі акцыю «#БЧБмабіль». Першым яе ўдзельнікам раздавалі камплект з двух бел-чырвона-белых сцяжкоў, якія можна было замацоўваць на машыне.

18 сакавіка 2016 у мінскай кавярні Loft прайшоў «Дзень вышымайкі» — форум для бізнесоўцаў, якія хочуць падтрымліваць выпуск прадукцыі з нацыянальным каларытам, а таксама канцэрт беларускамоўных гуртоў. Гэта была імпрэза SYMBAL.BY і «Арт Сядзібы», прысвечаная дзяржаўнаму Году культуры і юбілею «Арт Сядзібы».

У сакавіку 2017 года SYMBAL.BY і «Арт Сядзіба» запусцілі творчы конкурс «Сымбаль натхнення — Беларусь!». Ягоная мэта была пошук новых творцаў, ідэй і рашэнняў для стварэння цікавых і стылёвых рэчаў, якія будуць працаваць на папулярызацыю беларускай мовы, культуры, гісторыі, традыцый і адметнасцяў нашай краіны.

5 снежня 2017 года SYMBAL.BY сумесна з творчым аб’яднаннем «Інакш» прадставілі відэаролік «Скарб», прысвечаны 100-годдзю абвяшчэння БНР і прызнанню бел-чырвона-белага сцяга і «Пагоні» дзяржаўнымі сімваламі Беларусі. У аснове сюжэту відэа — легенда з кнігі Вінцука Вячоркі з ілюстрацыямі Пятра Драчова «Пра герб і сцяг».

У снежні 2017 года блогер Эдуард Пальчыс разам з пляцоўкай «Арт Сядзіба» і SYMBAL.BY абвясцілі пра пачатак нацыянальнай кампаніі святкавання 100-годдзя незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Адзначэнне юбілею ініцыятары кампаніі бачылі як шматфарматнае святкаванне: ад інтэрнет-флэшмобаў да кірмашоў, фестываляў і вечарынаў.

У траўні 2018 года да Дня Перамогі пачала бясплатную раздачу значкоў «Ніколі зноў» з лагатыпам, створаным украінскім дызайнерам Сяргеем Мішакіным, і надпісам па-беларуску.

У жніўні 2018 года SYMBAL.BY у калабарацыі з піўным брэндам «Аліварыя» выпусціла лімітаваную калекцыю унісекс-шортаў з рознымі надпісамі на беларускай мове. Яна была зроблена па матывах олдскульных фотаздымкаў бацькоў і брытанскіх рокераў. У калекцыі было 10 мадэляў, а калабарацыя стала магчымай дзякуючы A-Fest, які праходзіў у 2018 годзе ў духу «старой школы».

3 верасня 2018 года ў Мінску прайшла прэзентацыя новай хатняй і выязной формы, у якой нацыянальная зборная Беларусі па футболе мусіла праводзіць матчы розыгрышу Лігі нацый УЕФА, а таксама кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы УЕФА 2020 года. Акрамя самой прэзентацыі пры падтрымцы крамы SYMBAL.BY і культурніцкай пляцоўкі «Арт Сядзiба» для заўзятараў падрыхтавала шэраг актыўнасцяў, уключаючы вулічны тэатр, шоу бубначоў, аквагрым, выступы музычных гасцей, а таксама розныя конкурсы.

У студзені 2019 года SYMBAL.BY выпусціў сувенірныя гульнявыя карты «100 гадоў БНР». Аўтары ідэі — Павел Бераговіч і Дзмітрый Карабач, тэкст напісаў пісьменнік Уладзімір Арлоў, а навуковым кансультантам быў гісторык Уладзімір Ляхоўскі. У камплекце былі 72 карты, у тым ліку 18 з інфармацыяй пра дзеячаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Прыкладалася і карта БНР.

У красавіку 2019 года SYMBAL.BY выпусціў мужчынскія і жаночыя цішоткі з выявай Зянона Пазняка і ягонай цытатай. Дызайн распрацаваў Макс Пякарскі. Гэты мерч быў прысвечаны 75-годдзю палітыка.

У траўні 2019 года SYMBAL.BY адчыніў першую кропку продажу новага беларускага марозіва «Белы полюс» з пялёсткамі валошак і насеннем ільну ў жытнёвым вафлевым кубачку.

23 жніўня 2019 SYMBAL.BY адсвяткавала сваё пяцігоддзе на пляцоўцы «Пясочніца». Там выступілі гурты :B:N:, Akute, NaviBand і Dzieciuki. Імпрэза называлася «Symbal.by Fest» і была праведзена цалкам за ўласныя сродкі кампаніі, а ўваход для наведнікаў быў вольны.

У верасні 2019 года ўпершыню ў Беларусі стварыў лінейку сувенірнай прадукцыі, прысвечанай помніку – Гедыміну ў Лідзе. У лінейцы былі торбы, цішоткі і значыкі. Дызайн быў распрацаваны з аўтарамі помнiку – скульптарамі Вольгай Нячай і Сяргеем Аганавым .

У лістападзе 2019 SYMBAL.BY запусціла ў сацыяльных сетках флэшмоб «Спяваем гімн разам». Арганізатары заклікалі беларусаў выкладаць у сацыяльныя сеткі відэа сваіх спеваў «Пагоні» Максіма Багдановіча. Гэта можна было рабіць асобна або разам з сябрамі для папулярызацыі твора. Такія публікацыі трэба было суправаджаць хэштэгам #гімнбеларусі. Флэшмоб быў звязаны са з’яўленнем новага запісу песні «Пагоня» ў стылі нацыянальнага гімна — галасамі хору ва ўрачыстым суправаджэнні аркестра.

У канцы 2019 года SYMBAL.BY пачаў прадаваць світшоты і цішоткі з прынтом Кастуся Каліноўскага аўтарства мастака Міколы Купавы і паўстанцкім паролем «Каго любіш?». Гэты мерч быў створаны адмыслова да перазахавання парэштак Каліноўскага ў Вільні. А таксама цішоткі з прынтом «Каліноўшчына», дзе рэвалюцыянер трымае пісталет у выцягнутай руцэ (аўтар Макс Пякарскі).

19 лютага 2020 года SYMBAL.BY да Дня роднай мовы прадставіў беларускамоўную версію песні з серыялу Netflix «The Witcher» («Вядзьмар»). Яе запісаў народны ансамбль Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту «Тутэйшая Шляхта», у іх выкананні песня атрымала назву «Ведзьмару дайце талер».

Вясной і летам 2020-га SYMBAL.BY адшывала вялікія партыі ахоўных масак і перадавала іх беларускім медыкам для абароны ад каранавірусу.

Каманда SYMBAL.BY працягвае весці сацыяльныя сеткі і распаўсюджваць інфармацыю пра беларускую мову, гісторыю і культуру. Зараз крама SYMBAL.BY працуе праз сайт https://symbalby.com і дастаўляе сваю прадукцыю па ўсім свеце, акрамя Расіі.

Скандалы У сакавіку 2015 года SYMBAL.BY апынуўся ў цэнтры скандалу. Адзін з аўтараў эталоннага герба «Пагоня» Уладзімір Крукоўскі абвясціў, што збіраецца падаць у суд на людзей і ініцыятывы, датычныя да «жаночай версіі» «Пагоні» — «Вершніцы». Мастак такім чынам хацеў звярнуць увагу на праблему знявагі і дызайнерскіх сцёбаў, якіх нельга рабіць з нацыянальнай святыняй. У спісе Уладзіміра Крукоўскага былі паэт Алесь Плотка, гандляр кнігамі Алесь Мазанік, Аляксей Кульбіцкі і арт-студыя Pras, «Арт Сядзіба», крама SYMBAL.BY, беларуская служба «Радыё „Свабода“».

У чэрвені 2017 года выйшла тэлевізійнае ток-шоў «Что происходит», якое ладзіць дзяржаўны тэлеканал СТВ для РТР-Беларусь. Тэмай перадачы была «мода на патрыятызм, вышыванкі і нацыянальныя сімвалы». Перад запісам здымачная група прыйшла ў краму SYMBAL.BY. У выніку сюжэт выйшаў з часткова замазанай карцінкай: «зацэнзуравалі» бел-чырвона-белыя сцяжкі, герб «Пагоня» і ўкраінскі дзяржаўны сцяг.

У верасні 2018 года рэкламная агенцыя «МК Реклама» адмовілася размяшчаць лайтпостэры SYMBAL.BY з вершамі Уладзіміра Някляева. Аўтарства паэта на плакатах пазначана не было. 4 верасня агенцыя «па званку» зняла рэкламу з выявамі Уладзіміра Някляева і Юрыя Жыгамонта. Таксама на вуліцах Мінска не з'явіліся іншыя падрыхтаваныя банеры — з музыкам Лявонам Вольскім і спартоўкай Меліцінай Станютай. Кіраўніцтва SYMBAL.BY і журналісты спрабавалі высветліць, хто стаіць за гэтым рашэннем, але гэта выніку не дало.