Травасу́месь, травяная сумесь — травастой з некалькіх відаў сеяных аднагадовых ці шматгадовых траў.
Травасумесі выкарыстоўваюцца пад выпас жывёлы, на зялёны корм, для нарыхтоўкі сена, сенажу, сіласу, травяной і сянной мукі, у зялёным будаўніцтве пры стварэнні газонаў.
Віды траў у травасумесі падбіраюць з улікам біялагічных уласцівасцей і аграэкалагічных патрабаванняў. Простыя травасумесі складаюцца з 2—5, складаныя — з больш за 5 відаў. Вылучаюць кароткатэрміновыя травасумесі (выкарыстоўваюцца на працягу 3—4 гадоў), сярэдняй працягласці (5—7 гадоў) і шматгадовыя (10—15 гадоў). Для стварэння сенажатных угоддзяў выкарыстоўваюцца травы з аднолькавым вегетацыйным перыядам і тэрмінамі праходжання феналагічных фаз. У пашавыя травасумесі ўключаюць віды з рознымі тэрмінамі выспявання.
У параўнанні з пасевамі траў аднаго віду травасумесі маюць большую ўраджайнасць, менш засмечваюцца пустазеллем і псуюцца шкоднікамі, больш эфектыўна выкарыстоўваюць святло, вільгаць, пажыўныя рэчывы з глебы, забяспечваюць лепшую якасць кармоў і ахвотней паядаюцца жывёламі.
Крыніцы
Літаратура
Травосмеси // Сельскохозяйственный словарь-справочник / Главный редактор А. И. Гайстер — М.— Л.: Государстенное издательство колхозной и совхозной литературы «Сельхозгиз», 1934.
Катэгорыя:Агратэхніка Катэгорыя:Раслінаводства Катэгорыя:Ландшафтны дызайн