Трафі́чны ланцу́г, ланцуг харчавання, харчовы ланцуг — шэраг арганізмаў у біяцэнозе (экасістэме), звязаных паміж сабой адносінамі «корм — спажывец», праз якія адбываецца трансфармацыя рэчываў і энергіі. Вывучэннем трафічных ланцугоў займаецца трофаэкалогія.
Аснову кожнага трафічнага ланцуга складаюць прадуцэнты, кансументы і рэдуцэнты. Арганізмы ў харчовым ланцугу займаюць розныя трафічныя ўзроўні. Звяно харчовага ланцуга з’яўляецца ўзроўнем экалагічнай піраміды. Арганізмы наступнага звяна (трафічнага ўзроўня) ў харчовым ланцугу паядаюць паядаюць прадстаўнікоў папярэдняга звяна і гэтым забяспечваюць перанос энергіі і рэчыва, які ляжыць у аснове кругавароту рэчываў у прыродзе.
У ланцугу харчавання пры пераносе патэнцыяльнай энергіі ад звяна да звяна вялікая яе частка (да 80—90 %) губляецца ў выглядзе цеплыні і лік звёнаў (відаў) у ланцугу звычайна не перавышае 4—5. У склад ежы кожнага віду ўваходзіць звычайна не адзін, а некалькі відаў, кожны з якіх у сваю чаргу можа служыць ежай некалькіх відаў. Ланцугі харчавання ўтвараюць трафічныя сеткі, якія ўзнікаюць у выніку шырокага трафічнага спектра (паліфагіі) большасці кансументаў (напрыклад, пацукі кормяцца раслінным і жывёльным кормам і могуць быць рознымі трафічнымі ўзроўнямі розных ланцугоў). Асноўным элементам і ўласцівасцю трафічнай сеткі з’яўляецца трафічнае дубліраванне, пры якім у экасістэмах нешматлікі від замяняецца іншым, функцыянальна блізкім (напрыклад, буйных капытных замяняюць грызуны).
Асноўныя тыпы ланцугоў харчавання: пашавы, у аснове якога знаходзяцца аўтатрофныя арганізмы, затым ідуць спажываючыя іх расліннаедныя жывёлы (напрыклад, зоапланктон, які сілкуецца фітапланктонам), потым драпежнікі (консументы) 1-га парадку (напрыклад, рыбы, якія спажываюць зоапланктон), драпежнікі 2-га парадку (напрыклад, судак, які сілкуецца іншымі рыбамі), драпежнікі 3-га парадку (напрыклад, птушкі, якія сілкуюцца рыбай); дэтрытны, у аснове якога фітадэтрыт, найбольш распаўсюджаны ў лясах, дзе большая частка прадукцыі раслін не спажываецца непасрэдна расліннаеднымі жывёламі, а адмірае, затым раскладаецца сапратрофнымі арганізмамі і мінералізуецца (напрыклад, лісцевы апад дрэў — дажджавы чарвяк — жукі-стафіліны — землярыйкі — лісы).
Складаная структура ланцугоў харчавання забяспечвае цэласнасць дынамічнасць біяцэнозаў. Праз ланцугі харчавання могуць перадавацца хваробы, у арганізмах назапашвацца шкодныя рэчывы.
Часам тэрмінам «ланцуг харчавання» пазначаюць адносіны аднаго віда ці групы відаў прамысловага арганізма з яго (іх) аб’ектамі харчавання (напрыклад, ланцугі харчавання асятровых рыб, каспійскага цюленя).
Крыніцы
Літаратура
Ланцуг харчавання; Трафічны ланцугхарчовы ланцуг // Экалагічны слоўнік — Экологическнй словарь / Уклад. Л. В. Камлюк і інш.; Пад рэд. Л. В. Камлюк — 2-е выд., перапрац. і дап.— Мн.: Народная асвета, 2004. — С. 59 — 287 с. — 3000 экз. — ISBN 985-12-0958-9.
Трофическая цепь (пищевая цепь, цепь питания) // Ибрагимова К. К., Рахимов И. И., Зиятдинова А. И. Словарь-справочник терминов по экологии и охране природы: Учебное пособие. — Казань: Изд-во «Отечество», 2012. — С. 103. — 148 с. — ISBN 978-5-9222-0558-0. Цепь трофическая (пищевая цепь, цепь питания) // Пушкарь В. С., Майоров И. С. Экология: Учебное пособие. — Владивосток: Изд-во ВГУЭС, 2003. — С. 184—185. — 188 с. — 450 экз.
Спасылкі
Никольский А. А., Микодина Е. В., Ванисова Е. А. Питер Брейгель Старший — автор первой графической схемы цепей питания // Вестник Российского университета дружбы народов. Серия: Экология и безопасность жизнедеятельности. 2017. Т. 25. № 2. С. 195—205.
Катэгорыя:Трафічная экалогія Катэгорыя:Экалагічныя тэрміны