Стары Шацк () — былая вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Шаць. Уваходзіла ў склад Шацкага сельсавета.
Гісторыя Да 1816 года маёнтак адносіўся да дамена Шацк, уласнасць Аскеркаў, па эксдывізіі ўласнасці Юзафа Габрыэля Аскеркі дастаўся разам з Габрыэлеўкай Антонію Пуцяту. Уваходзіў у склад Ігуменскага павета Мінскай губерні. Па падзеле паміж сынамі Пётрам і Аляксандрам, Стары Шацк разам з часткай Задашчэння дастаўся Аляксандру Пуцяту, было 50 сялян мужчынскага полу і 11 дымоў.
Пасля 1861 года ў Шацкай воласці Ігуменскага павета. Па скасаванні прыгоннага права і аддзяленні сялянскіх надзелаў у маёнтку засталося каля 60 валок зямлі. Па смерці Аляксандра Пуцяты ў 1888 годзе Стары Шацк перайшоў да яго сыноў, перад смерцю ў маёмасці двараніна рыма-каталіцкага веравызнання Аляксандра Антонавіча Пуцяты была 1091 дзесяціна зямлі. У 1913 годзе ўласнасць Аляксандра Пуцяты, было 763 дзесяціны зямлі.
З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. Маёмасць маёнтка нацыяналізаваная, створаны саўгас Стары Шацк.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі.
24 лістапада 1966 года далучана да вёскі Шацк.
Насельніцтва
1897 год — 2 двары, 22 жыхары 1908 год — 4 двары, 28 жыхароў 1917 год — 1 двор, 55 жыхароў, усе беларусы
Крыніцы
Літаратура